Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі: «Пацверджаных смерцяў на маім рахунку няма»


Сяргей Пальчэўскі. Фота з сацыяльных сетак

Актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі цяпер жыве ва Украіне. Год таму адзін з самых актыўных абаронцаў Курапатаў быў арыштаваны, а пазней прызнаўся, што падпісаў паперу аб супрацы з КДБ. Летась Сяргей Пальчэўскі з’ехаў добраахвотнікам на Данбас.

Пра тое, як склалася яго далейшае жыццё, чым зараз займаецца і ці збіраецца вяртацца ў Беларусь, Сяргей распавёў belsat.eu.

Не чужая вайна

– Сяргей, год назад вы зʼехалі з Беларусі, не шкадуеце пра свой учынак?

– Шкадаваць мне няма чаго, бо заставацца на той момант у Беларусі было небяспечна, таму вырашыў зʼехаць ва Украіну. Цяпер я жыву ў Кіеве і працую ахоўнікам.

Хапае на прадукты, здымную кватэру, але не больш за тое.

– Але першапачаткова вы зʼехалі на Данбас…

– Там я прымаў удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на працягу амаль паўгода, а пасля чаго зʼехаў у Кіеў. Сапраўднай вайны там ужо не было: вялікую частку часу праводзіў на пазіцыях. Пэўныя ваенныя навыкі я атрымаў, але далей заставацца там я не бачыў сэнсу.

Але, калі адбудзецца абвастрэнне сітуацыі, то я зноў вярнуся на Данбас.

– Вы прымалі непасрэдны ўдзел у баявых сутыкненнях?

– Так, прымаў. Калі прыехаў, летам мінулага года, то перастрэлкі адбываліся кожны дзень. Але ўсё роўна гэта былі пазіцыйныя баі. Цяпер там страляюць рэдка, а асноўныя страты – гэта ад працы снайпераў і падрываў на мінах.

– Забіваць вам даводзілася?

– Даводзілася страляць у бок праціўніка. Хутчэй за ўсё, я нікога там не забіў, але нічога нельга выключаць. Пацверджаных смерцяў на маім рахунку няма.

– З беларусамі, якія ваююць на ўкраінскім боку, мелі зносіны?

– Я падтрымліваў кантакты, пазнаёміўся з шмат якімі беларусамі. Дарэчы, рускіх, якія ваююць на баку Украіны, таксама даволі шмат. Асобныя атрады яны там не фармуюць, але рускіх нямала.

Фота svaboda.org

– Што адчувае чалавек са зброяй у руках?

– Безумоўна, было страшна, калі пачынаўся бой. У такія хвіліны робіш тое, чаму навучылі, і страх не замінае.

– Палітык Андрэй Дзмітрыеў, лічыць, што грамадзянам Беларусі нельга ўдзельнічаць у чужой вайне, маўляў, калі прыйшлося зʼехаць, то можна працаваць, вучыцца за мяжой, але не ваяваць…

– Я наагул не лічу, што гэтая вайна чужая для беларусаў. Расейская імперыя, якая спрабуе адрадзіцца, таксама наш вораг. Яна пагражае не толькі Украіне, але і беларускаму суверэнітэту. Таму, калі ў нас ёсць магчымасць спыніць Расею на Данбасе, а не ў нас удома, трэба гэтым карыстацца. Цяпер фронт знаходзіцца ва Украіне, але можа апынуцца і пад Магілёвам. Тое ж самае рабілі ўкраінцы на пачатку 1990-х гадоў у Чачэніі супраць рускіх. Было разуменне таго што Расея гэта вораг і калі не спыніць яе на далёкіх подступах, то раней ці пазней яна прыйдзе ў твой дом. Менавіта так і атрымалася: спачатку была Чачэнія, Грузія, а потым Расея ўварвалася на тэрыторыю Украіны.

Тое самае можа адбыцца і з Беларуссю, таму ўкраінскі народ трэба падтрымліваць у гэтым супрацьстаянні.

– Лічыце, што досвед, які вы набылі можа спатрэбіцца і ў Беларусі?

– Усё залежыць ад развіцця сітуацыі: будуць нас спрабаваць акупаваць ці не. Убачыў на свае вочы, што такое вайна, таму калі ў Беларусі дойдзе да рэальных баявых дзеянняў, то я ўжо штосьці ўмею.

Мяне нельга назваць прафесійным вайскоўцам, але пэўны мінімум навыкаў і ведаў я атрымаў.

Цяжкасці з дакументамі

– У якіх умовах вы жылі на Данбасе?

– Жылі ў палявых умовах. Там дзе знаходзіўся я, былі больш менш нармальныя пазіцыі: мы сядзелі не ў акопе, а ў будынку былога інтэрната. Прадукты харчавання дастаўлялі валанцёры, самастойнае мыццё адзення ў суседняй вёсцы, душ у лепшым выпадку некалькі раз на месяц. Адным словам, звычайная справа на вайне.

– Нейкае дараванне вам плацілі?

– Справа ў тым што я служыў у добраахвотніцкім фармаванні, дзе не плацяць грошай наагул. Камандзір або валанцёры могуць дапамагчы грашыма на квіток, калі трэба кудысьці зʼездзіць. Але рэгулярнага заробка ў нас не было.

– Нярэдка на вайне людзі знаходзяць каханне. Можа і ваша асабістае жыццё змянілася за гэты час?

– Каханне я знайшоў яшчэ ў Беларусі. У мяне ёсць дзяўчына, яна прыязджала да мяне. Пакуль мы не жывем разам, але плануем яе пераезд.

– У цэлым, як на вашу свядомасць паўплывала знаходжанне ва Украіне?

– Кардынальных змен не адбылося: мае перакананні засталіся ранейшымі. Магчыма, стаў больш самастойным і адказным, усё ж даводзілася жыць у складаных умовах.

– Наколькі праблематычна беларусам-добраахвотнікам атрымаць афіцыйныя дакументы, каб жыць ва Украіне?

– Вельмі цяжка. Гэтым пытаннем беларускія добраахвотнікі пачалі займацца яшчэ ў 2014 годзе, калі вайна толькі пачыналася. Да гэтага часу я не ведаю нікога, хто атрымаў палітычны прытулак або ўкраінскае грамадзянства. Я, думаю, што гэтае пытанне тармозіцца на ўзроўні прэзідэнта Украіны. Магчыма, ёсць некаторыя тайныя дамоўленасці паміж Парашэнкам і Лукашэнкам, каб ва Украіне беларускія добраахвотнікі не мелі афіцыйных дакументаў.

Але гэта не толькі праблема беларусаў, бо добраахвотнікам з іншых краін таксама цяжка атрымаць дакументы.

Курапаты – сімвал адраджэння нацыі

– Калі вярнуцца да падзей год таму: ваш арышт, падпісаная папера аб супрацы са спецслужбамі. Ці можна было ў той момант паступіць інакш?

– Думаю, што так. Наўрад ці мяне б доўга трымалі ў турме і хутчэй за ўсё, выпусцілі. На той момант, магчыма, даў слабіну і падпісаў паперу аб супрацы з КДБ. Калі выйшаў і ўсім распавёў, то баяўся, магчымых, правакацыяў з боку спецслужбаў, таму вырашыў зʼехаць.

– Ці былі тыя, хто спыніў усякія зносіны з вамі пасля прызнання?

– Ведаеце, я быў нават здзіўлены, але ўсе мае сябры, знаёмыя нармальна паставіліся і выказвалі словы падтрымання.

– Ціск на вашых родных пасля адʼезду ва Украіну быў?

– Ніякага ціску не аказвалася, з ператрусам да бацькоў не прыходзілі. Магчыма, таму што ператрус, канфіскацыя кампʼютару, тэлефона адбыліся раней. Хоць я размаўляў з іншымі беларускімі добраахвотнікамі і амаль у кожнага быў ператрус.

– Сяргей, вы адзін з актыўных удзельнікаў мінулай абароны Курапатаў. За падзеямі ў гэтым годзе сочыце?

– Я сачу за сітуацыяй, але не ведаю, як дапамагчы. Зразумела, што «Бульбаш-Хол» (ранейшая назва забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» – заў. рэд) трэба зачыняць. Яшчэ ў 2012 годзе, калі я толькі прыйшоў у палітычнае жыццё, Уладзімір Раманоўскі разам з Ганнай Шапуцькай ужо тады вялі барацьбу з «Бульбаш-Холам». Можна сказаць, што я першапачаткова ў гэтай тэме, таму мне не трэба распавядаць, дзе былі ахоўныя зоны.

Для мяне ўсё адназначна: парушаныя і юрыдычныя, і маральныя нормы, таму кабак трэба зачыняць. Не ведаю, ці трэба перакрываць дарогі, можа так і не варта рабіць, бо людзям ламаюць рукі, а нашых патрыётаў, якія там, і так няшмат. Але выказваць пратэст і прыходзіць трэба абавязкова.

Сяргей Пальчэўскі падчас абароны Курапатаў у 2017 годзе

– Але ёсць і тыя, хто гэтую абарону крытыкуе…

– Мяне здзіўляе, што прыходзіць некалькі дзясяткаў чалавек з усяго ліку патрыётаў. Мне здаецца, што людзі да канца не ўсведамляюць значнасць Курапатаў для беларускага народа. Нават свядомая патрыятычная частка грамадства не ўдзельнічае ў абароне. Трэба разумець, што Курапаты – не проста гісторыя рэпрэсіяў. Гэта сімвал адраджэння беларускай нацыі, якое пачалося менавіта з праўды пра Курапаты ў 1988 годзе.

Упэўнены, што калі мы не зможам абараніць гэтае месца, то беларускі народ проста страціць будучыню. У Курапатах зараз вырашаецца пытанне: жыве Беларусь ці не? Чым народ адрозніваецца ад насельніцтва? У народа ёсць пэўныя каштоўнасці, якія трэба абараняць, а насельніцтва перажывае толькі за свой гаманец.

– Вы збіраецеся вяртацца на радзіму?

– Рана ці позна я вярнуся ў Беларусь, але гэта адбудзецца не пры рэжыме Лукашэнкі. Калі я прыеду цяпер, то мяне 100 адсоткаў пасадзяць у турму за найміцтва.

Рэжым Лукашэнкі не вечны, таму я абавязкова вярнуся ў свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Раман Васільеў, belsat.eu

Стужка навінаў