Крысціна Вязоўская: што не так з «Міс Беларусь»?


«Канвеер выкарыстання жаночага цела не спыняецца ні на секунду». Псіхілагіня і радыкальная феміністка Крысціна Вязоўская піша пра конкурсы прыгажосці ды прастытуяванне жанчын.

Часам да мяне ў прыватныя паведамленні на ФБ прыходзяць мужчыны, якіх не запрашалі, абмеркаваць праблемы прастытуявання жанчын. Ну, дакладней, гэта мы так называем – прастытуяваныя жанчыны. А мужчыны пішуць – прастытуткі. І давай страчыць, які гэта лёгкі спосаб зарабіць грошай.

Самі разумееце, прапанаваць ім, працавітым асобам, самім зарабіць лёгкім спосабам я не магу – радыкальны фемінізм выключае наагул магчымасць прастытуявання асобы любога полу. А калі казаць дакладней – гандаль чалавечымі целамі.

Рэдактар ​​аднаго папулярнага часопісу таксама не саромеецца. У рэдактарскай сваёй калонцы выразна, нават сам галоўны рэдактар не прычэпіцца, піша: «…тупую механічную працу выконваюць робаты, і гадоў праз 10-15 у Японіі ўсё будзе менавіта так. Жанчыны… Я застануся верны жаночаму целу, але вось у Японіі праз тыя ж 10-15 гадоў пытанне робатапрастытуцыі будзе стаяць…».

Ён застанецца верны жаночаму целу, дзе жаночае цела стаіць сярод іншых матэрыяльных дабротаў. Статусных матэрыяльных выгодаў. Але – цела.

4 мая ў Палацы спорту адбудзецца XI Нацыянальны конкурс прыгажосці «Міс Беларусь – 2018». Будуць абіраць самае прыгожае цела. Канвеер выкарыстання жаночага цела не спыняецца ні на секунду.

Рэдакцыі онлайн часопісаў намагаюцца залагодзіць няёмкасць і падкрэсліваюць таленты трыццаці фіналістак (цікава, што ніхто не бунтуе праз фемінітывы): кросфіт, навуковыя дасягненні, інжынер-электрык ды іншыя таленты маладых жанчын. Але буйным планам, самі ведаеце: дэкальтэ, ногі, вейкі ды прыадкрыты рот. Ніводнай навуковай працы.

Не, cапраўды, давайце сур’ёзна: яшчэ ні разу на конкурсах прыгажосці не перамагла Сара Конар, узор дрэннай маці з невялікім псіхіятрычным засмучэннем, уладальніца мускулістых рук. І наагул, я б хацела ўступіць з ёй у доўгатэрміновыя адносіны, варыць ёй боршч (на самой справе не) і вось гэта ўсё. Па адной простай прычыне – на яе можна разлічваць.

Ці, напрыклад, лейтэнант Рыплі, ад якой пачалася эпоха сапраўднага жаночага кіно. Хоць Кэмэран і дадаў сваёй ласкаю азадак, на якім зʼязджаюць майткі, але любім мы Элен не за гэта.

Я цяпер пра іншае. Пра прастытуяванне. Пра тое, як пачынаецца посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне ў жанчын, занятых у гандлі сваім целам. У жанчын, звязаных з гандлем сабою, пры поўнай адсутнасці выбару.

Паводле некаторых дадзеных, посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне ў прастытуяваных жанчын роўнае па сіле разладу ў асобаў, якія вярнуліся з вайны. У мяне ёсць яшчэ дадзеныя для вас, праўда, яны з ЗША, у нас такія дадзеныя пакуль немагчыма сабраць з культурна-сацыялагічных прычынаў.

1 з 4 дзяўчынак падвяргалася сексуальнаму гвалту ва ўзросце да 18 гадоў.

1 з 6 хлопчыкаў падвяргаўся сексуальнаму гвалту ва ўзросце да 18 гадоў.

1 з 5 дзяцей падвяргалася сексуальным дамаганням падчас працы ў Інтэрнэце.

Амаль 70% усіх зарэгістраваных замахаў сексуальнага характару (уключаючы напады на дарослых) тычацца дзяцей ва ўзросце 17 гадоў і маладзейшых.

Чаму гэта адбываецца? Як? Навошта? Бо гэта пытанне ўлады. Бо могуць. Бо хочуць. Бо хочуць і могуць.

Мы не можам дазволіць сабе называць прастытуцыю секс-працаю, такой жа, як усе іншыя працы. Чаму? Калі каротка – таму што ці вы жадалі бы для сваёй дачкі такой проста працы? Калі доўга – чытайце ў сацсетках па тэгу #такаяжеработа. Таму што прастытуцыя – гэта пекла цела. Два партнёры за ноч? А трыццаць? І ўсе яны не жаданыя ад слова зусім. Яны могуць зрабіць з целам жанчыны што заўгодна і нават самыя страшныя апавяданні прастытуткі_кэт будуць падавацца мілым вершыкам у параўнанні з тым, што апісваюць рэальныя жанчыны, якія трапілі пад трафік.

Спачатку мы ацэньваем прыгажосць цела. Усе гэтыя «я бы вдул» пачынаюцца ў жаночым жыцці значна раней, чым пра гэта думаюць мужчыны. Ад трэцяга класа ў сярэднім, ад другога, калі не пашанцавала і ад чацвёртага, калі пашанцавала – дзяўчынкам лазяць пад спадніцы. Крыху старэйшым – пстрыкаюць гумкамі станікаў. Любяць схапіць за грудзі. Ударыць па ягадзіцах. Ніхто не пытаецца дзяўчынак, як яны пры гэтым пачуваюцца. Гэта такі нібыта культурніцкі код, які дазваляе хлопчыкам не разбірацца ў сваіх пачуццях, а дэманстраваць агрэсію да тых, хто падабаецца. Ну, такія эмоцыі, што зрабіць. Бедныя хлопчыкі.

Бяда ў тым, што гэтыя хлопчыкі, з зялёнай сопляю ў сёмым класе, напішуць:

«Аўты, дамы, кватэры і нават жанчыны – усё гэта пры нашым жыцці стане не важна. Аўты заменіць каршэрынг, асэнсаваны і бязлітасны. Жыллё ва ўласнасць – а навошта, калі я хачу пажыць у розных кропках планеты, і праца дазваляе? Тупую механічную працу выконваюць робаты, і гадоў праз 10-15 у Японіі ўсё будзе менавіта так. Жанчыны… Я застануся верны жаночаму целу, але вось у Японіі праз тыя ж 10-15 гадоў пытанне робатапрастытуцыі будзе стаяць».

Не тое каб у мяне зялёных сопляў не было. Проста пытанне ў іншым.

Крысціна Вязоўская, для belsat.eu

Стужка навінаў