Крыніца: На БелОМА вобшукі, гендырэктара арыштавалі


Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне

У мінулым тыдні, паводле крыніцы belsat.eu, затрымалі генеральнага дырэктара холдынгу БелОМА Вячаслава Бурскага. Крыніца таксама сцвярджае, што цяпер на прадпрыемстве працуюць праваахоўнікі, ідзе выманне дакументаў, праводзяць допыты працаўнікоў.

На БелОМА belsat.eu афіцыйна не змаглі ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць інфармацыі аб затрыманні Вячаслава Бурскага. Паводле працаўнікоў, з якімі ўдалося паразмаўляць, камерцыйны дырэктар Уладзімір Кіскін цяпер у адпачынку.

Ля прахадной БелОМА карэспандэнтцы belsat.eu удалося пагаварыць з некалькімі працаўнікамі заводу. Адзін з іх сказаў:

«Былі чуткі, што Бурскага забралі ў міліцыю».

На пытанне, ці працуюць цяпер на прадпрыемстве праваахоўнікі, крыніца адказала, што гэтага не бачыла. Яшчэ адзін працаўнік БелОМА заявіў, што «не хоча распаўсюджваць чуткі», бо «няма афіцыйнай інфармацыі» на гэты конт. Адзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва сказаў belsat.eu, што яму пра затрыманні і вобшукі «нічога не вядома».

Праз некалькі хвілін размовы з супрацоўнікамі заводу, да журналіста падышоў начальнік аховы заводу і запатрабаваў пасведчанне. Сфатаграфаваўшы дакумент, ён папрасіў пакінуць пляцоўку перад прахадной і «не бударажыць людзей».

У прыёмнай БелОМА на пытанне, дзе цяпер знаходзіцца гендырэктар Бурскі, сакратарка адказала:

«Я не магу даць вам такой інфармацыі».

Яна скіравала нас да намесніка дырэктара па ідэалагічнай працы Вячаслава Кузняцова як да адказнага за кантакты з прэсай. Аднак Кузняцоў усю першую палову дня не рэагуе на тэлефанаванні. Мы таксама звязаліся з дырэктарам па вытворчасці Уладзімірам Пунтусам – той не пацвердзіў затрыманне начальніка і параіў звяртацца да Кузняцова.

Разам з тым, у прыёмнай распавялі, што камерцыйны дырэктар Уладзімір Кіскін знаходзіцца ў адпачынку да 11 лютага ўключна. Belsat.eu працягне сачыць за тэмай.

Вячаслаў Бурскі. Фота http://director.by
  • Вячаслаў Бурскі ўзначальвае БелОМА з 1992 года, кар’еру пачаў яшчэ ў 1970-ыя інжынерам, працаваў галоўным тэхнолагам, галоўным інжынерам на БелОМА. Доктар тэхналагічных навук, прафесар.
  • Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску оптыка-электронных, лазерных і оптыка-механічных прыладаў, у тым ліку падвойнага прызначэння.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары