Кошт паднялі, а турыстаў няма. Як уладальнікі кватэраў не змогуць зарабіць на «Славянскім базары»


З 16 да 19 ліпеня ў Віцебску праводзіцца міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». На папулярнай сярод турыстаў падзеі штогод спрабуюць зарабіць арэндадаўцы, аднак сёлета гэта можа не ўдацца.

«Славянскі базар» у Віцебску сёлета праходзіць ужо ў 29-ы раз. Гэтая маштабная падзея штогод адбіваецца на жыцці віцяблянаў і прыцягвае ў горад тысячы турыстаў. Для асобных жыхароў гэтыя дні робяцца яшчэ і добрай магчымасцю зарабіць на гасцях фестывалю. Да катэгорыі такіх грамадзянаў адносяцца і ўладальнікі здымных кватэраў.

Вуліца Суворава, цэнтр Віцебску.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Цэны на жыллё растуць у некалькі разоў

Удзельнікі «Славянскага базару» размяшчаюцца арганізатарамі ў гарадскіх гасцініцах, госці ж фестывалю найчасцей вымушаныя здымаць жыллё ў прыватных асобаў. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца кватэры ў непасрэднай блізкасці да амфітэатру і ў старым горадзе.

За дзень да адкрыцця фестываляў сайты weekend.by і flatbook.by прапануюць для гасцей гораду дзясяткі варыянтаў размяшчэння на часы «Славянскага базару». Цэны на жыллё выглядаюць прыцягальнымі – вагаюцца ў сярэднім ад 35 да 60 рублёў за адну ноч. Выбіраем адную з кватэраў на вуліцы Леніна ў Віцебску. Самы цэнтр гораду! Спрабуем дамовіцца з гаспадаром пра арэнду на 16 ліпеня – дзень адкрыцця «Славянкі». Гаспадар кватэры хутка адгукаецца і згаджаецца здаць жыллё, праўда называе ўжо зусім іншы кошт арэнды – 70 долараў за суткі. Нечаканы рост цаны мужчына тлумачыць проста:

– Гэта дата «Славянскага базару», яна ўплывае на попыт і цану.

Вуліца Леніна, Віцебск.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Звязваемся з гаспадаром іншай кватэры. Сітуацыя паўтараецца: першапачатковыя 50 рублёў пераўтвараюцца ў 130. Тлумачэнне тое ж – фестываль.

Папулярны ў турыстаў сайт booking.com не ўводзіць гасцей гораду ў зман і адразу падае рэальныя цэны на жыллё ў Віцебску. Пераважная большасць здымных кватэраў у дні фестывалю даражэе ў некалькі разоў.

– Гэта нармальная сітуацыя для Віцебску. Штогод гаспадары здымных кватэраў уздымаюць цэны на часы «Славянскага базару». Звычайна наплыў турыстаў дазваляе гэта рабіць, бо попыт перавышае прапанову, – тлумачыць сітуацыю Belsat.eu віцяблянка Наталля, якая здае ў арэнду дзве кватэры ў цэнтры гораду.

Летні амфітэатр у Віцебску.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Каронавірус спужаў турыстаў

Як бачна па колькасці прапановаў жылля на сайтах, сёлетні фестываль аказаўся не такім прыцягальным для турыстаў. Зняць кватэру аказалася магчымым нават у дзень афіцыйнага адкрыцця «Славянскага базару». Прычым калі разглядаць варыянты жылля аддаленыя ад цэнтру гораду, можна спыніцца ў Віцебску і па меншым кошце.

– Заўсёды прыязджала вельмі многа расейцаў, цяпер іх практычна няма. Кожны год на гэтыя дні мы падымалі кошты, то бок адзін нумар каштаваў практычна двайную цану. У гэтым годзе мы цану не падымаем, бо людзей вельмі мала, – кажа Ларыса, супрацоўніца аднаго з гасцявых дамоў на ўскрайку гораду.

Жанчына сцвярджае, што на колькасць замежных турыстаў істотна паўплывала сітуацыя з каронавірусам у Беларусі:

– У нас былі броні на «Славянскі базар» яшчэ да Новага году, усё было занятае. Але людзі проста паадмаўляліся, цяпер амаль ніхто не едзе. Сёлета мы здаём нумары нават танней, чым звычайна – каб пакрыць расходы на камуналку і астатняе. Раней мы не бралі да сябе камандзіровачных, цяпер рады ўсім.

Летні амфітэатр у Віцебску.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Ларыса дадае, што тыя арэндадаўцы, якія цяпер завышаюць цэны на жыллё, усё яшчэ спадзяюцца на беларускага турыста. Але неўзабаве і яны апусцяць кошты да звычайных, бо зразумеюць, што інакш сёлета яны нічога не здадуць.

Віктар Старавойтаў, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў