«Коммерсант»: Крэмль паставіў рубам пытанне аб інтэграцыі з Беларуссю


Крыніца газеты «Коммерсант» з ліку расейскіх чыноўнікаў, блізкіх да перамоваў з Беларуссю, паведаміла, што Масква перад Аляксандрам Лукашэнкам паставіла пытанне рубам: спачатку інтэграцыя – потым эканоміка.

Крыніца таксама пацвердзіла, што віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак на перамовах 11 снежня ў Маскве давёў гэтую пазіцыю да беларускага віцэ-прэмʼера Ігара Ляшэнка: «Калі хлопчык хоча ажаніцца на дзяўчынцы, ён спачатку павінен жаніцца і дакументы падпісаць. А потым ужо жыць па новым бюджэце».

14 снежня Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю расейскім СМІ, дзе заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту.

«Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

Між тым, ён адзначыў, што і ад інтэграцыйных праектаў з Расеяй Беларусь не адмаўляецца. Менск гатовы да інтэграцыі, але пры ўмовах «жалезабетоннага выканання дасягнутых дамоўленасцяў». Напрыклад, каб цэны на газ для Беларусі былі зніжаныя да ўнутрырасейскіх і Расея кампенсавала страты беларускага бюджэту ад «падатковага манеўра».

Hавiны
Лукашэнка пра інтэграцыю з Расеяй: Шантажаваць нас бессэнсоўна
2018.12.14 11:58

Паводле «Коммерсанта», Масква аператыўна адказала на заявы Лукашэнкі. Ужо праз некалькі гадзінаў першы віцэ-прэмʼер, кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў паведаміў, што Менску не варта разлічваць на кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўру без дадатковага «новага імпульсу» ў інтэграцыі.

Раней, 11 снежня, у Маскве былі сарваныя расейска-беларускія перамовы аб кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і зніжак на газ. Віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак 11 снежня адмовіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні з беларускаю дэлегацыяй «пакуль не будуць прынятыя прынцыповыя рашэнні пра далейшую інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы».

Праз два дні, на паседжанні саўміна Саюзнай дзяржавы, прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што агульная палітыка ў сферы цэнаў і тарыфаў магчыма толькі пры ўмове рэалізацыі пагаднення аб Саюзнай дзяржавы. Гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, агульнай мытні, судоў і разліковай палаты.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў