Колькі каштуе «шэнген» па-за межамі Беларусі?

З чэрвеня ўступіць у сілу дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму, якая прадугледжвае зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў да € 35. Belsat.eu сабраў самую важную інфармацыю пра «шэнген». А таксама мы даведаліся, колькі плоцяць за шэнгенскія візы нашыя бліжэйшыя суседзі?

Колькі краін уваходзіць у Шэнгенскую зону?

У Шэнгенскую зону ўваходзяць 26 краінаў, якія ўхвалілі Шэнгенскае пагадненне. Гэты дакумент падпісалі ў 1985 годзе ў люксембургскай вёсцы Шэнген.

Шэнген знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Люксембурга на левым беразе ракі Мозель каля гары святога Марка паблізу месца, дзе сустракаюцца межы Люксембурга, Нямеччыны і Францыі.

Асобныя краіны-чальцы Шэнгенскай зоны не з’яўляюцца чальцамі Еўразвязу: Ліхтэнштэйн, Швейцарыя, Ісландыя і Нарвегія. А таксама тры карлікавыя дзяржавы: Сан-Марына, Манака, Ватыкан.

Крыніца: Афіцыйны сайт Еўрапейскай камісіі

Каму не трэба рабіць шэнгенскую візу?

Грамадзянам 60 краінаў свету не трэба рабіць шэнгенскія візы (поўны спіс). Напрыклад, венесуэльцам, грамадзянам Новай Зеландыі, Панамы, Калумбіі, Канады і вядома ЗША. Правам бязвізавага ўезду ў Шэнгенскую зону таксама карыстаюцца жыхары кітайскіх адміністратыўных адзінак: Ганконг (былая брытанская калонія), Макаа (былая партугальская калонія). Абавязак падаваць дакументы на візу маюць грамадзяне 105 краінаў (поўны спіс).

Краіны, з якімі Еўразвяз падпісаў дамову аб спрошчаным візавым рэжыме

Першай краінай СНД, грамадзяне якой атрымалі магчымасць наведваць ЕЗ без візы, стала Малдова. У 2017 годзе бязвіз прыйшоў ва Украіну і Грузію.

  • Албанія (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Арменія (кошт візы – € 35)
  • Азербайджан (€ 35)
  • Боснія і Герцагавіна (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Кабу-Вэрдэ (€ 35)
  • Грузія (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Малдова (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Чарнагорыя (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Паўночная Македонія (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Сербія (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • Расея (€ 35)
  • Украіна (бязвізавы рэжым для ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў)
  • У чэрвені да гэтага спісу далучыцца Беларусь (€ 35)

Дарэчы, грамадзяне Расеі – лідары па колькасці заявак на атрыманне шэнгенскіх візаў. Дэ-факта кожны чацверты пакет дакументаў на «шэнген» у 2018 годзе быў пададзены грамадзянінам Расеі.

Шэнгенская віза – другі пашпарт

Шчаслівы ўладальнік шэнгенскай візы можа не клапаціцца пра нацыянальныя візы ў 19 краінаў свету. Памятайце пра гэта, калі вам захочацца паехаць у Румынію або ў астраўную краіну Сан-Тамэ і Прынсіпі. Таксама памятайце, што для кожнай краіны дзейнічаюць свае правілы. Больш інфармацыі вы знойдзеце тут.

Праз рост коштаў на візы беларусы стануць менш выязджаць у ЕЗ

Колькі каштуе «шэнген» у іншых краінах свету

2 лютага пачынае дзейнічаць новы Візавы кодэкс Еўразвязу. Ён прадугледжвае падвышэнне кошту шэнгенскіх візаў для амаль сотні краінаў свету, грамадзяне якіх будуць плаціць за «шэнген» € 80. Непрацяглы час сярод гэтых краінаў будзе і Беларусь. З чэрвеня 2020 года шэнгенскія візы для беларусаў патаннеюць да € 35.

ЮВ belsat.eu

Hавiны