Колькасць дыпламатаў ЗША ў Беларусі можа вырасці ў тры разы


Беларусь і ЗША працуюць над аднаўленнем дыпламатычнага персаналу ў амбасадах у Менску і ЗША адпаведна. Да 2008 года ў амбасадарах абедзвюх краінаў працавалі па 32 дыпламаты.

Амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў, што Менск мае намер развіваць адносіны з рознымі партнёрамі на міжнароднай арэне, паколькі зацікаўлены ў прасоўванні на вонкавыя рынкі айчынных прадуктаў, а таксама ў прыцягненні замежных інвестыцыяў і тэхналогіяў.

У размове з ТАСС дыпламат сказаў, што Беларусь і ЗША цяпер працуюць над тым, каб аднавіць узровень дыпламатычнай прысутнасці ў абедзвюх краінах і «рухацца далей па шляху выбудоўвання нармальных дачыненняў».

«Дастаткова сур’ёзны ўзровень прадстаўленасці дыпламатаў, дарэчы, падтрымліваецца і ў Маскве, і ў Вашынгтоне, нягледзячы на ўсе вядомыя перыпетыі ў расейска-амерыканскіх дачыненнях», – дадаў Сямашка.

Уладзімір Сямашка. Фота – Артур Лебедзеў/ТАСС

10 студзеня міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў Вашынгтону пра рашэнне Менску зняць абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў, якія могуць працаваць у Менску.

Абноўлена
У Вашынгтон патэлефанавалі ў той жа дзень, калі Лукашэнка заявіў пра магчымую страту саюзніка. Ці ўдасца Менску шантажаваць Маскву?
2019.01.11 13:45

Пасля ўвядзення ЗША санкцыяў супраць Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў амерыканскую амбасаду ў падрыўной дзейнасці. Менск адклікаў амбасадара з Вашынгтону і абмежаваў колькасць амерыканскіх дыпламатаў у беларускай сталіцы да пяці. Да гэтага іх было 32.

З 2008 года амерыканская амбасада ў Менску функцыянуе ва ўрэзаным складзе, без амбасадара. Спачатку быў усталяваны ліміт у пяць дыпламатаў, але паступова ён быў пашыраны да дзесяці.

Ужо больш за дзесяць гадоў амбасады абедзвюх краінаў узначальваюць часовыя павераныя.

У расейскіх медыях цыркулюе версія, што новым амбасадарам Беларусі ў ЗША могуць прызначыць экс-пасла нашае краіны ў Францыі Паўла Латушку. У сваю чаргу ў кулуарах Менску яшчэ раней размаўлялі аб тым, што Латушка можа ўзначаліць Купалаўскі тэатр.

ДД, belsat.eu; фота анонсу – Jonathan Ernst/Reuters

Стужка навінаў