У Вашынгтон патэлефанавалі ў той жа дзень, калі Лукашэнка заявіў пра магчымую страту саюзніка. Ці ўдасца Менску шантажаваць Маскву?


Беларусь зняла абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Менску. Паводле амерыканскага часопісу «Foreign Policy», пра гэта кіраўнік МЗС Уладзімір Макей паведаміў 10 студзеня праз тэлефон памочніку дзяржаўнага сакратара ЗША ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ўэсу Мітчэлу.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацвердзіў БелТА факт тэлефонных размоваў паміж кіраўніцтвам ведамства і Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Паводле яго, апошнім часам адбыліся некалькі такіх тэлефанаванняў. Але дэталёвы змест гутарак пакуль невядомы.

Як адзначыў у каментары Belsat.eu беларускі палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, такая пастанова афіцыйнага Менску можа быць следствам канфлікту Беларусі і Расеі, які распачаўся напрыканцы 2018 года. У прыватнасці, кіраўнік МЗС патэлефанаваў у Вашынгтон у адзін дзень з заявамі Лукашэнкі, што Расея можа страціць свайго заходняга хаўрусніка.

Ці дачакаемся адпаведнага здымку з Трампам і Мэланіяй?

Эксперт падкрэсліў, што дасюль невядомыя вынікі і змест перамоваў паміж кіраўнікамі дзвюх краінаў, якія за тыдзень да новага года сустракаліся двойчы. Але такі мэсідж у бок Крамля, як і заявы пра суверэнітэт, выглядаюць смешнымі, «бо ўсе грошы застаюцца ў Маскве, якія вельмі патрэбныя Беларусі». Таму варта чакаць далейшых крокаў, напрыклад, хто паедзе ад Беларусі на эканамічны форум у швейцарскім Давосе, дзе можна было б наладзіць кантакты ў тым ліку з амерыканскім бізнесам.

Таксама пакуль невядома, ці павялічыць Вашынгтон колькасць беларускіх дыпламатаў на сваёй тэрыторыі. Тым не менш, мяркуе Раман Якаўлеўскі, гэтую інфармацыю трэба ўспрымаць станоўча: «Безумоўна, гэта будзе важная падзея. Яна сведчыць, што двухбаковыя дачыненні будуць набываць больш багаты сэнс і будуць больш дынамічна развівацца».

Hавiны
«Коммерсант»: Менску ледзь не адкрытым тэкстам казалі: хочаце ільготаў – уваходзьце ў склад РФ
2018.12.25 07:00

Эксперт у беларускіх пытаннях Фонду Маршала (ЗША) Ёрг Форбрыг у каментары Belsat.eu падкрэсліў, што зняцце абмежавання на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Менску – гэта больш фармальная падзея, бо перамовы паміж краінамі на гэты конт цягнуцца ўжо даволі доўгі час. Гэтак, ужо некалькі гадоў таму быў павялічаны штат амерыканскіх дыпламатаў.

Разам з тым ён прызнаў, што ўсё гэта адбываецца на фоне шчыльнейшых кантактаў паміж Беларуссю і Захадам – не толькі з ЗША, але таксама з ЕЗ і асобнымі еўрапейскімі краінамі. «Пасля расейскай агрэсіі ва Украіне Беларусь моцна занепакоеная, што яна таксама можа трапіць пад ціск Масквы», – адзначыў суразмоўца.

На ягоную думку, узмацненне кантактаў Беларусі з Захадам ёсць свайго кшталту кампенсацыяй больш складаных дачыненняў з Расеяй.

Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што такія паводзіны – звычайныя для ўсіх суседзяў РФ у сітуацыі, калі Расея выяўляе ўсё большую агрэсію ў дачыненні суседзяў. У прыватнасці, гэтак было і пасля расейскай агрэсіі ў Грузіі ў 2008 годзе.

У сваю чаргу расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у каментары Belsat.eu заявіў: Аляксандр Лукашэнка зразумеў, што ў Маскве «яго зараз будуць «кідаць». «Яму трэба абавязкова захаваць утрыманскі фармат саюзных стасункаў, ад якога Расея паволі сыходзіць. Пры гэтым Расея дэманструе, што ўсё разумее, але яна не прыхільніца закручваць усе гайкі адначасова. Яна будзе рабіць гэта патрошку, метадам тупога лобзіка», – мяркуе суразмоўца.

У адказ кіраўнік Беларусі на нарадзе 10 студзеня, з аднаго боку, распачаў сваю перадвыбарчую кампанію, а з другога – перавёў Расею ў фармат ворага, дадаў палітолаг. «Тут жа ў хаду пускаецца інструмент пад назвай Уладзімір Макей. Гэтакі шантаж, дэманстрацыя Расеі, што свет клінам на Маскве не сышоўся. Зараз нас страшна палюбіць Вашынгтон», – заявіў Андрэй Суздальцаў.

Біл Клінтан у Менску, 1994 год

На думку эксперта, у Менску няма прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй, і ўлады Беларусі, мяркуючы, што Расея «будзе задушаная санкцыямі і пачне развальвацца», шукаюць, як замацаваць свае пазіцыі адносна Захаду. «У Беларусі думаюць, што здолеюць захаваць і Расею ў якасці рэсурсна-фінансавага падтрымання, і перайсці пад апеку Захаду як інструмент супраць Расеі», – дадаў эксперт. Улады Беларусі разлічваюць, што ў Крамлі спужаюцца такога развіцця падзеяў «і вернуць і газ, і нафту, і ўсё астатняе».

Hавiны
Беларусь зняла абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША ў Менску
2019.01.11 08:25

Раней такая палітыка дапамагала Лукашэнку, заявіў палітолаг. Але цяпер кіраўнік Беларусі не ўлічыў таго, што «Маскве настолькі цяжка з Захадам, што ёй няма чаго губляць». Такім чынам кіраўнік Беларусі цяпер уступіў у прамежкавы сцэнар, «які, урэшце, выведзе на развілку, калі цалкам іншаю будзе гісторыя Беларусі».

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў