КНДР зноў запусціла ракету над Японіяй


Урад Паўднёвай Карэі і Японіі паведамляюць, што Паўночная Карэя выпусціла ракету над паўночнай Японіяй.

Ракета, паводле ацэнкавых дадзеных, дасягнула вышыні каля 770 км і праляцела каля 3700 км, кажуць паўднёвакарэйскія вайскоўцы.

Ракета праляцела над востравам Хакайда ў Японіі, перад тым, як прызямлілася ў Ціхім акіяне.

У мінулым месяцы запушчаная з Паўночнай Карэі ракета праляцела над Японіяй, што Токіа назваў беспрэцэдэнтнай пагрозай для краіны.

Паўднёвакарэйскія ваенныя заявілі, што апошні запуск ракеты адбыўся ў Пхеньяне незадоўга да 07:00 паводле мясцовага часу ў пятніцу (22:00 GMT у чацвер). Гэтая ракета праляцела значна вышэй і далей, чым ракета, выпушчаная 29 жніўня, якая праляцела 2700 км і дасягнула максімальнай вышыні каля 550 км.

Назіральнікі адзначылі, што найноўшая ракета праляцела досыць далёка, каб дабрацца да амерыканскай выспы Гуам у Ціхім акіяне, размешчанай у 3400 км ад Пхеньяну.

Дзяржміністр ураду Японіі Ёшыхідэ Суга заявіў, што ракета паляцела над востравам Хакайда, але ў гэтым раёне не было выяўлена ніякіх абломкаў ракет. Ён таксама сказаў, што людзей папярэдзілі, каб яны схаваліся, калі прагучалі сірэны, назваўшы інцыдэнт абуральнай правакацыяй.

Запуск ракеты адбыўся праз некалькі дзён пасля ўвядзення ЗША новых санкцыяў у дачыненні да Паўночнай Карэі з-за тэставання ёю зброі.

У адказ на ракетнае папярэджанне ў пятніцу вайскоўцы з Паўднёвай Карэі правялі вучэнні па запуску балістычнай ракеты ў Японскім моры. Савет нацыянальнай бяспекі Паўднёвай Карэі збярэцца на экстраннае пасяджэнне ў прэзідэнцкім палацы Блакітны дом.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Стужка навінаў