На вакацыі дадому паехала 920 кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ. Пакуль у Беларусь вярнулася не больш за 50 чалавек. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкаю на прэс-службу Міністэрства адукацыі.
У ведамстве адзначылі, што кожны кітайскі студэнт, які вярнуўся ў Беларусь, знаходзіцца пад наглядам на працягу 14 дзён пасля прыбыцця. Ім мераюць тэмпературу, апытваюць пра стан здароўя.
Таксама кіраўнікі прафесійных ліцэяў, каледжаў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, ВНУ павінны весці штодзённы ўлік замежных навучэнцаў і студэнтаў, якія прыязджаюць з Кітая і іншых краін, дзе рэгістраваліся выпадкі інфекцыі, выкліканай каронавірусам. Гэтыя звесткі яны падаюць у мясцовыя арганізацыі аховы здароўя.
У сваю чаргу міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што Мінадукацыі Беларусі не баіцца вяртання кітайскіх студэнтаў пасля вакацыяў.
«Мы працягнулі канікулы (кітайскім студэнтам. – Рэд. Belsat.eu), калі трэба будзе, арганізуем для іх крыху пазней індывідуальную форму навучання. ВНУ гатовыя да рэалізацыі ўсіх падзеяў, якія будзе ладзіць Міністэрства аховы здароўя», – сказаў Карпенка.
Паводле яго, у Беларусі навучаецца каля 5 тыс. студэнтаў з Кітая. З тых 920, хто з’ехаў на вакацыі за межы краіны, не ўсе паехалі ў Кітай. Некаторыя з іх падарожнічаюць па Еўропе, адзначыў міністр.
МГ belsat.eu