Кіраўніцтва мэблевай фабрыкі на Гомельшчыне будуць судзіць за хабарніцтва


Рэклама Ельскай мэблевай фабрыкі

Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара «Ельскай мэблевай фабрыкі», што з’яўляецца філіялам дзяржаўнага Мазырскага дрэваапрацоўчага камбінату. Службовая асоба абвінавачваецца ў здзяйсненні карупцыйнага злачынства.

«Па версіі следства, дырэктар мэблевай фабрыкі дамовіўся з дырэктарам сталічнага прыватнага прадпрыемства аб узаемавыгаднай «супрацы». Абвінавачаны паабяцаў забяспечыць закупку ў камерцыйнай структуры таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў для патрэбаў фабрыкі, а таксама іх своечасовую аплату. Для атрымання незаконных грашовых узнагародаў дырэктар фабрыкі атрымаў ад жыхаркі Менску банкаўскую аплатную карту, эмітаваных да яе разліковага рахунку. Жанчына паабяцала пералічваць на картку грашовыя сродкі ў памеры ад 3 да 10% ад кошту тавараў, што закупляюцца фабрыкай», – паведамляецца на сайце СК.

Паводле следства, у перыяд са снежня 2016 года па май 2017 дырэктар фабрыкі атрымаў такім чынам у якасці хабару не менш 6,3 тыс. рублёў.

Акрамя таго, восенню 2017 года абвінавачваны дамовіўся з былым галоўным інжынерам фабрыкі, які зʼяўляўся старшынёй конкурснай камісіі па правядзенні закупак, каб падчас конкурсу на выбар пастаўшчыка перамагло сталічнае прыватнае прадпрыемства.

«У выніку ў перыяд з кастрычніка 2017 года па студзень 2018 года дырэктар фабрыкі і галоўны інжынер атрымалі незаконнае грашовае ўзнагароджанне ад дырэктара прыватнага прадпрыемства на агульную суму не менш за 3,4 тыс. рублёў», – сцвярджаюць у СК.

У выніку дырэктара Ельскай мэблевай фабрыкі і былога галоўнага інжынера прыцягнулі да адказнасці паводле ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару ў буйным памеры), дырэктара камерцыйнай структуры – па ч. 2 арт. 431 (дача хабару ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары