Кіраўнік МЗС Літвы пра БелАЭС: Гэта расейскі геапалітычны праект


Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што нават не ведае, якім чынам размаўляць з Беларуссю, «паколькі мы задаем элементарныя пытанні і не атрымліваем на іх адказы».

Пра гэта кіраўнік МЗС распавёў у інтэрв’ю DELFI.

Паводле яго, падчас нядаўняга пасяджэння камітэту Эспо беларускаму боку не ўдалося пераканаць яго чальцоў «у поспеху праекту» АЭС у Астраўцы, «і не было прынята ніякага рашэння».

«Наступнае пасяджэнне будзе ў наступным годзе, і мы будзем паслядоўна працаваць, кансалідаваць пазіцыі не толькі краін ЕЗ, але і Еўракамісіі», – сказаў ён, дадаўшы, што ў гэтым пытанні немагчымыя кампрамісы.

«У 40 кіламетрах ад месца, дзе мы з вамі сядзім, будуецца абʼект нейкіх сумнеўных стандартаў бяспекі. І гэта не толькі наша галаўны боль, але ўсяго рэгіёну, ЕЗ, у рэшце рэшт. Так нельга рабіць, нават нягледзячы на ​​тое, што і не Беларусь за гэтым стаіць. Гэта расейскі геапалітычны праект, нават не эканамічны. Тэхналогія расейская, фінансаванне расейскае. Гэта мы добра разумеем. Але ўсё роўна тут месца для кампрамісаў няма», – сцвярджаў міністр і запэўніў, што Літва будзе рабіць усё, каб забяспечыць сваю бяспеку.

«Пакуль дамовіцца не атрымліваецца», – рэзюмаваў ён. Паводле яго слоў, у ЕЗ большасць разумее і падзяляе пазіцыю Літвы, але не ўсе гатовыя на крокі, якія зрабіў парламент Літвы, забараніўшы куплю электраэнергіі ў БелАЭС.

«У дадзеным выпадку мы станоўча ацэньваем пазіцыю Польшчы, урад якой таксама заявіў, што не будзе купляць электрычнасць з гэтага абʼекта. Пакрысе пазіцыя кансалідуецца, і мы будзем працаваць», – запэўніў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў