Міліцыя цягне кіраўчніку Саюзу палякаў у суд. У судзе пра гэта нічога не ведаюць


Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс. Фота – «Белсат»

Ленінскі РАУС Горадні паведаміў Анжэліцы Борыс, што перадаў у суд матэрыялы справы, якую супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі завялі за арганізацыю «Гарадзенскіх казюкоў» – свята рамеснікаў у гонар Святога Казімера. У судзе кажуць, што нічога не атрымлівалі.

Сёлетнія «Казюкі» Саюз палякаў у Беларусі зладзіў 3 сакавіка супольна з польскім кансулатам у Горадні.

21 сакавіка на працу да Борыс прыйшлі міліцыянты і дапыталі яе. Доказам таго, што яна была арганізатаркай фэсту, для міліцыі стаўся матэрыял на старонцы «znadniemna.pl».

Супраць старшыні непрызнанай беларускімі ўладамі арганізацыі завялі справу паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад Br 490 да 1225) або арышт да 15 дзён.

Паведамленне аб перадачы матэрыялаў справы ў суд

Борыс лічыць, што справа за арганізацыю «Казюкоў» – элемент скаардынаванай дзейнасці беларускіх уладаў супраць польскай меншасці і арганізацыі, якая іх прадстаўляе.

«Справа – палітычна матываваная. Перш за ўсё, улады хочуць прадэманстраваць сваю сілу – што яны тут усё кантралююць. Па-другое, гэта пэўная помста мне як старшыні Саюзу палякаў, бо мы баронім інтарэсы польскай меншасці, стаўленне да якой не змянілася: улады ўсцяж глядзяць на нас праз прызму СССР, у якой дамінуе Ленін і партыя». – кажа Анжэліка Борыс «Белсату». – Кірмаш «Казюкі» – нашая традыцыя, яна была цікавейшая за тую, што праводзілі ўлады – а так быць не можа. Увогуле, мы ладзім мноства імпрэзаў у Горадні і па-за ім – і цяпер нам хочуць паказаць нашае месца».

У чацвер 28 сакавіка адвакат Анжэлікі Борыс адправіўся ў суд, каб пазнаёміцца з матэрыяламі справы. У канцылярыі ён пачуў, што суд нічога не атрымліваў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў