Злучаныя Штаты плануюць правесці беспрэцэдэнтную «тайную» аперацыю супраць Расеі ў адказ на расейскае ўмяшанне ў амерыканскі перадвыбарчы працэс, перадае тэлекампанія NBC, спасылаючыся на крыніцы ў амерыканскай выведцы.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у інтэрвʼю ў праграме «Meet the Press», што Белы дом дае сігнал Пуціну. «Гэта адбудзецца ў момант, які мы абярэм, у абставінах, якія дазволяць атрымаць найбольшы эфект», – сказаў Байдэн.
Прадстаўнікі «WikiLeaks» сумняюцца, што Вашынгтон здзейсніць кібератаку.
«Калі «таемная» кібервайна супраць Расеі была сурʼёзнай: па-першае, пра гэта б не абʼяўлялі; па-другое, гэта было б АНБ (Агенцтва нацыянальнай бяспекі – заўв. belsat.eu), а не ЦРУ», – піша «WikiLeaks» у сваім «Twitterʼы».
Памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, каментуючы пагрозы ЗША правесці кібераперацыю супраць Расеі, паабяцаў, што рэакцыя з боку Крамля абавязкова будзе, паведамляе ria.ru.
«Відавочна, (рэагаваць) будзем, вядома. Гэта ўжо на мяжы хамства. Тым больш, згадваюцца канкрэтныя прадстаўнікі расейскага кіраўніцтва», – заявіў чыноўнік.
Улетку стала вядома пра ўзлом сервера Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, а таксама партыйнага камітэту па выбарах у Кангрэс. Дэмакраты выказалі здагадку, што напад здзейснілі расейскія хакеры, і такім чынам Масква спрабуе паўплываць на вынікі галасавання.
7 кастрычніка Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША абвінаваціла расейскія ўлады ў датычнасці да ўзлому.
«Мы мяркуем, што, зыходзячы з абʼёму і сакрэтнасці гэтых намаганняў, толькі вышэйшыя службовыя асобы расейскага кіраўніцтва маглі даць санкцыю на гэтую дзейнасць», – гаварылася ў апублікаванай заяве ведамства.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў назваў абсурднымі спробы ўскласці на Расею адказнасць за кібератакі.