КДК абяцае караць крымінальнымі справамі за «вольніцу з цэнамі»


Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліць працу па стрымліванню цэнаў на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Пра гэта піша БелТА.

Старшыня КДК Леанід Анфімаў на пасяджэнні калегіі ведамства з удзелам кіраўнікоў гандлёвых арганізацыяў, рытэйлераў, аптэчных сетак і дзяржорганаў заявіў, што сітуацыя з цэнаўтварэннем у Беларусі «не паддаецца здароваму сэнсу».

Паводле звестак КДК, адпускныя цэны на асобныя віды прадукцыі павялічылі як імпарцёры, так і айчынныя вытворцы. Напрыклад, адзін з найбуйнейшых імпарцёраў агародніны і садавіны ў красавіку ў параўнанні з сакавіком павялічыў адпускныя цэны на лімоны ў 3,5 разы, корань імбіра – у 2,6 разы, пекінскую капусту – на 46%, яблыкі – на 39%, нават на беларускую белокачанная капусту – на 40%.

Тавар падаражэў і ў розніцы. У адной з магілёўскіх крамаў 4 красавіка кошт за 1 кг лімонаў склала Br10, часныку – Br12, імбіра – Br34.

«З’явіліся спекулянты, перапрадаюць прадукты на стыхійных рынках у разы даражэй: часнык – па Br18 за 1 кг, імбір – Br49, лімоны – Br14», – дадаў кіраўнік КДК.

Нават беларускія вытворцы завышаюць кошты на мяса, гародніна, іншую прадукцыю. Напрыклад, ёсць факты падаражэння капусты на 17%, бульбы – на 25%, цыбулі рэпчатай – на 67% У асобных выпадках аптовая надбаўка даходзіць да 200% і больш.

«На сённяшняй нарадзе кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржкантролю ўзначаліць усю працу па стрымліванні коштаў на спажывецкім рынку, – сказаў Леанід Анфімаў. – Калі дзесьці ў рознічных гандлёвых сетках пачнецца вольніца з цэнамі, асабліва на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у гэты перыяд, рэакцыя будзе аж да распачынання крымінальных справаў».

Нагадаем, попыт на імбір, лімоны і часнык істотна вырас ва ўмовах распаўсюду каронавіруснай інфекцыі. Лічыцца, што гэтыя прадукты ў цэлым пазітыўна ўплываюць на здароўе чалавека, хаця доказаў таго, што яны эфектыўны супраць каронавіруса не існуе. Рост цэнаў на імбір, часнык і лімоны фіксуецца таксама ў суседніх з Беларуссю Расеі і Украіне.

Hавiны
Кіраўнік КДК: «Калі б Мінздароўя ўзяў і сказаў, скажам, 1000 чалавек у нас заражана. Гэта што, усіх задаволіць?»
2020.04.02 13:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў