КДБ злавіла чыноўнікаў, якія займаліся браканьерствам у чарнобыльскай зоне


Працаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі затрымалі групу паляўнічых – больш за дзесяць чалавек, – сярод якіх былі чыноўнікі, у тым ліку два працаўнікі Гомельскай абласной і міжраённай інспекцыяў аховы жывёльнага і расліннага свету.

Затрыманне адбылося 7 снежня. Афіцыйна чыноўнікі палявалі на дзікоў у рамках барацьбы з афрыканскай чумой свіней. Заадно яны забілі трох ласёў. Усё гэта адбылося на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету.

Паводле разлікаў інспекцыі, шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, складзе 900 базавых велічыняў (Br 135 млн) за кожную асобіну. Удзельнікам незаконнага палявання пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

У кастрычніку Дзяржаўная інспекцыя звольніла за хібы ў працы начальніка сваёй гомельскай структуры і 1 снежня прызначыла новага. 12 снежня на калегіі ведамства звольнілі ягонага намесніка, панізілі на пасадзе начальніка Гомельскай міжраённай інспекцыі, а таксама прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці начальніка Кармянскай міжраённай інспекцыі, на тэрыторыі якой адбывалася незаконнае паляванне, і начальніка аператыўна-аналітычнага аддзела Гомельскай абласной інспекцыі. Чыноўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам, звольняць у рамках крымінальнай справы.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у браканьерстве ўдзельнічалі супрацоўнікі структураў унутраных спраў і іншыя службовыя асобы.

У кастрычніку з’явілася таксама інфармацыя пра затрыманне за незаконнае паляванне пракурора Петрыкаўскага раёна. На сённяшні дзень следчыя ці іншыя органы не пацвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў