КДБ затрымаў топ-чыноўніка з энергетычнай сферы


Будынак КДБ у Менску

Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведамляе, што 18 верасня падчас атрымання хабару ў памеры $ 20 тыс. затрымалі дырэктара РУП «Белэнергасеткапраекту» Андрэя Караткевіча.

Паводле КДБ, пасярэднікам у атрыманні хабару выступаў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Аб’яднанае дыспетчарскае кіраванне» Уладзімір Васільчанкоў.

«А.Караткевіч і У.Васільчанкоў арганізавалі супрацьпраўную схему па атрыманні хабараў ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за стварэнне ўмоваў для перамогі ў конкурсах і ўключэння ў праекты абсталявання пастаўшчыкоў», – адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе КДБ.

У дачыненні да Караткевіча распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманне хабару», Васільчанкова – па ч. 2 арт. 432 КК «Пасрэдніцтва ў хабарніцтве». Падазраваныя змешчаныя ў СІЗА КДБ і далі прызнальныя паказанні, сцвярджае прэс-служба дзяржбяспекі.

  • «Белэнергасеткапроект» – дзяржаўнае прадпрыемства, падпарадкаванае «Белэнерга». Асноўным відам дзейнасці «Белэнергасеткапроект» з’яўляецца распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі аб’ектаў электрасецявога будаўніцтва.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары