Камітэт дзяржаўнай бяспекі сабраў дасье на пенсіянерку, якая публічна падтрымала Сяргея Ціханоўскага і раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку.
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык паказаў журналістам тэлеканалу ОНТ «справу бабулі» з Горадні, якая мае «два дамы на адной тэрыторыі».
Таксама ў партфелі былі справы затрыманых 29 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў.
81-гадовая Галіна Андрэйчык 29 траўня ў Горадні дала інтэрв’ю Сяргею Ціханоўскаму, у якім раскрытыкавала дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і ўладаў.
А 4 чэрвеня БТ з дрона паказала дом пенсіянеркі, заявіўшы, што ў яе ёсць кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус за $ 25 тыс. Сыноў яе назвалі беспрацоўнымі.
Звярнуў увагу на жанчыну і сам Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што пенсіянерка «крычала, гарлала», а сама жыве ў «палацы».
Галіна Андрэйчык 52 гады выкладала эканамічную тэорыю ў гарадзенскіх універсітэтах. Ейны муж працаваў вядучым спецыялістам па будаўніцтве. Свой катэдж яны пабудавалі ў 1990-х гадах. Грашыма ім дапамагалі сваякі з Аўстраліі, перадае радыё «Свабода».
У пенсіянеркі двое сыноў. Старэйшы працуе ў сферы турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы – праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сферы.
МГ belsat.eu