Журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай, у дачыненні якой за працу на плошчы Пераменаў распачалі крымінальную справу, адмовілі ў спатканні з мужам.
Адпаведную пастанову за подпісам старэйшага следчага Фрунзенскага РАСК Ігара Курыловіча атрымаў муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш. Следчы тлумачыць адмову ў спатканні тым, што Кацярына «можа схавацца ад органу крымінальнага пераследу і суда».
«Лічу пастанову Курыловіч неабгрунтаванай, а матывавальную частку гэтай пастановы – пазбаўленай усялякага сэнсу. У сваім хадайніцтве я прасіў не аб змене меры стрымання для Каці, а толькі аб спатканні», – каментуе сітуацыю Ігар.
Таксама Фрунзенскі РАСК адмовіўся вяртаць тэхніку, сканфіскаваную ў Ігара Ільяша падчас затрымання ва ўласнай кватэры 24 лістапада. Тады журналіста пакаралі 15 соднямі арышту. Кіруючыся пастановаю аб арышце маёмасці Кацярыны Андрэевай у Ільяша забралі асабістую тэхніку – у тым ліку два тэлефоны і ноутбук. Следчы Курыловіч адмовіўся вяртаць тэхніку, бо прадметы былі прызнаныя «рэчавымі доказамі» ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай.
Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля стрыму з разгону сілавікамі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).
МГ belsat.eu