Карупцыянеры, «інсайды», пагрозы. Усё, што вядома пра справу Сяргея Сацука


Журналіста-расследавальніка, галоўнага рэдактара ej.by Сяргея Сацука падазраюць у атрыманні хабару. Паводле ч. 2 арт. 430 КК яму можа пагражаць да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Распавядаем усё, што ведаем на гэты момат пра новую рэзанансную справу.

Сяргея Сацука 25 сакавіка затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Гэта адбылося на вачах у ягонай жонкі ў грамадскім месцы – ля будаўнічай крамы ў вёсцы Сціклева пад Менскам. Да журналіста падышлі супрацоўнікі ДФР, папрасілі паказаць дакументы і забралі з сабою.

Пазней стала вядома, што Сацука затрымалі на трое содняў у якасці падазраванага па крымінальнай справе. Яго ўжо дапыталі ў прысутнасці дзяжурнага адваката, а ў чацвер сваякі заключаць дамову з новым абаронцам.

Тым часам супрацоўнікі ДФР здзейснілі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника».

Жонка Сацука адзначыла, што ў апошні час ён не займаўся нейкімі гучнымі тэмамі. Дык што сталася прычынаю пераследу?

Абноўлена
Працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў зладзілі ператрус у офісе «Ежедневника»
2020.03.26 13:14

Скандал з «Эупентай»

Дзелавая онлайн-газета «Ежедневник» існуе з 2006 года. А Сяргей Сацук, акрамя таго, што з’яўляецца галоўным рэдактарам выдання, вядомы як адзін з нешматлікіх журналістаў, што працуюць у жанры расследавання.

Адзін з найбольш гучных матэрыялаў Сацука выйшаў у жніўні 2018-га і быў прысвечаны пастаўкам незарэгістраванай у Беларусі карэйскай вакцыны «Эупента», ад якой у Ганцавічах памерла двухмесячнае дзіця.

Сацук прыйшоў да высновы, што Міністэрства аховы здароўя не мела права набываць «Эупенту». Ведамства адказвала, што зрабіла гэта пасля таго, як расейскі вытворца вакцыны не змог забяспечыць своечасовую пастаўку прэпарату – тады вырашылі набыць партыю «Эупенты». Начальніца ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і лекавага забеспячэння міністэрства Людміла Рэуцкая прызнавала, што працэс рэгістрацыі вакцыны быў запушчаны ўжо пасля ўвозу ў краіну. Пазней Рэуцкую асудзілі на 6 гадоў за атрыманне хабару і махлярства, аднак справа не была звязаная з «Эупентай». У мінулым траўні вакцыну афіцыйна зарэгістравалі ў Беларусі на тэрмін да сакавіка 2024 года.

Гучны матэрыял Сацука быў апублікаваны ў разгар затрыманняў у межах «справы медыкаў», па якой праходзілі некалі дзясяткаў асобаў.

Неўзабаве тэма, абраная Сацуком, абярнулася праблемамі для яго самаго. У жніўні 2019-га (праз год пасля публікацыі пра вакцыну) дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» выпусціў сюжэт, дзе Сацука вінавацілі ў напісанні «замоўных артыкулаў». Нейкі бізнесовец Віктар Мядзведзкі сцвярджаў, што перадаў журналісту $ 3 тыс за падрыхтоўку чарговага артыкулу пра карупцыю ў Мінаховы здароўя. «БТ» таксама паказала здымку схаванай камерай, дзе бізнесовец перадаваў канверт Сацуку.

Фігурантамі крымінальнай справы, пра якую распавялі на «БТ», нібыта з’яўляліся 5 асобаў уключна з Мядзведзкім. Аднак бізнесоўца з такім прозвішчам на лаве падсудных не аказалася і больш пра яго медыі не згадвалі.

Сацук жа адмаўляў, што браў хабар і звяртаў увагу, што адкрыў адмысловы рахунак для збору ахвяраванняў на падтрымку расследавання «Ежедневника». Ён быў вымушаны спыніць публікацыі пра карупцыю пасля таго, як атрымаў пагрозу.

«Пасля выхаду першага з двух артыкулаў аб карупцыі […] да мяне прыйшоў нечаканы чалавек, не буду пакуль раскрываць ягонае імя. Ён наўпрост мне сказаў: калі не спынюся, мяне альбо грохнуць, альбо пасадзяць», – казаў журналіст.

Пры чым тут каронавірус?

У панядзелак Аляксандр Лукашэнка публічна даручыў КДБ «разабрацца з нягоднікамі, якія ўкідваюць фэйкі пра каронавірус». Ён загадаў кіраўніку спецслужбы Валерыю Вакульчыку «добранька прайсціся па гэтых сайта, каналах». Мінаховы здароўя таксама закідала СМІ «нагнятанне панікі».

У той жа дзень у сваім блогу на ej.by Сяргей Сацук напісаў калонку пад загалоўкам «Хто сее паніку вакол каронавірусу, прэзідэнт або сайты і каналы?». Ён выказаў сумнеў наконт афіцыйнай колькасці хворых і раскрытыкаваў бяздзеянне ўлады, што да падтрымання бізнесу ў складаныя часы.

Ці мог гэты артыкул паўплываць на сітуацыю з затрыманнем?

«Мы вельмі занепакоеныя крымінальным пераследам Сацука і патрабуем, каб яго неадкладна вызвалілі. У пэўнай ступені мы звязваем гэта з ціскам на журналістаў наагул у сувязі з апошнімі падзеямі. Але мы не можам на 100% сцвярджаць, што затрыманне Сацука было звязана з ягоным апошнім артыкулам і з выступам прэзідэнта, які гэтаму артыкулу папярэднічаў», – сказаў у каментары belsat.eu старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец

Ён адзначыў, што БАЖ схільны звязваць пераслед Сацука агулам з ягонымі журналісцкімі расследаваннямі.

«Артыкул, які яму інкрымінуюць, на мой погляд, зусім не пасуе да гэтай справы, ён вельмі дзіўны для журналіста. Больш за тое, Сацука абвінавачваюць у дзеяннях, якія адбыліся больш чым за год да затрымання. Што перашкаджала зрабіць нейкія захады супраць яго раней?», – кажа Бастунец.

Ён спадзяецца, што неўзабаве грамадскасць атрымае больш інфармацыі, што дакладна адбылося.

«Я не магу выключаць, што словы Лукашэнкі маглі стаць для кагосьці своеасаблівым карт-бланшам. І яны вырашылі, што цяпер добры момант, каб разабрацца з чалавекам, які выклікаў у іх незадаволенасць сваёй працай», – дадае Бастунец.

БАЖ ужо накіраваў зварот у АБСЕ і ААН з нагоды затрымання журналіста.

«Помста карупцыянераў»?

«Ежедневник» назваў затрыманне свайго галоўнага рэдактара «барацьбой карупцыянераў з чалавекам, які замахнуўся на іхную сістэму».

Паводле выдання, незалежная журналістыка – акурат найменш карумпаваная галіна ў Беларусі і раней аналагічных справаў супраць «незалежнікаў» не заводзілі. Журналіст, піша рэдакцыя, можа паспрыяць толькі агучванню фактаў уладзе і грамадству. За яго звычайна «хапаюцца як за выратавальную саломінку».

На думку калегаў, праваахоўныя органы мусілі выдаць Сацуку «прэмію за дапамогу ў змаганні з карупцыяй, а не затрымліваць». Яны ўпэўненыя, што ніякага хабару Сацук не браў, а леташні сюжэт «БТ» быў сфабрыкаваны. Звяртаюць увагу і на хворае сэрца Сацука – навошта было ўжываць такую жорсткую прэвентыўную захаду, як затрыманне наўпрост на вуліцы?

«Мы ўважліва назіраем за гэтай сітуацыяй, бо Сацук займаў незалежную да ўладаў пазіцыю ў сваіх гучных расследаваннях у папярэднія гады. Будзем глядзець на прычыны, што будзе тлумачыць ДФР. Будзем таксама ў шчыльным кантакце з БАЖ», – сказаў кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Пакуль што рабіць высновы заўчасна, бо інфармацыі вельмі мала. Ён не займаўся асвятленнем грамадска-палітычнай сітуацыі, тэмаю правоў чалавека, а больш «капаў» пад карупцыйныя схемы. Варта паглядзець, ці абвінавачванні будуць грунтавацца на рэальных фактах і на тое, што ён сам скажа на гэты конт», – працягвае Бяляцкі.

Праваабаронца выказаў спадзяванне, што Сацуку дазволяць чакаць суда на волі, бо справа не звязаная з чыненнем шкоды людзям і магла б абысціся без утрымання ў СІЗА.

«Я 20 гадоў працую з праваахоўнікамі і добра іх ведаю»

Сацук даволі часта грунтаваў свае матэрыялы на інсайдэрскіх звестках ад ананімных крыніцаў.

Пасля шэрагу пагрозаў на свой адрас ён напісаў тэкст на выпадак затрымання. У чацвер яго апублікавала «Еўрарадыё». З тэксту вынікае, што пэўныя людзі пагражалі не толькі яму, але і ягонай сям’і, патрабуючы спыніць расследаванні пра карупцыю ў высокіх эшалонах улады.

Паводле яго, пасля пагрозаў сям’і ён вырашыў спыніцца і ціск таксама часова прыпыніўся. Але зніклі і крыніцы.

«Я 20 гадоў працую з праваахоўнікамі і добра ведаю, што, калі твае кантакты раптам усе разам знікаюць (не адказваюць на званкі і на лісты), гэта азначае, што цябе ўзялі ў аператыўную распрацоўку», – прыйшоў да высновы журналіст.

Акрамя таго, ён заявіў, што ведае імя «генерала, які «крышуе» сістэмную карупцыю ў Мінздароўя». Імя генерала і структуру, да якой той сёння належыць, Сяргей Сацук у сваім лісце не назваў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў