«Не найгоршае месца, дзе магла бы застаць канец свету». Карэспандэнтка «Белсату» пра вымушаны каранцін у Паўднёвай Амерыцы

Вайскоўцы на вуліцах Лімы. Фота: Дарʼя Румянцава / «Белсат»

Карэспандэнтка «Белсату» Дарʼя Румянцава ўжо тыдзень не можа вярнуцца да нас у рэдакцыю са сталіцы Перу. Спадзяемся, што гэты вымушаны блог пра каранцін у Паўднёвай Амерыцы скончыцца як мага раней.

«Як ты там? Чым памагчы? Не бойся», – кажуць мама і сябры, пакуль я чацвёрты дзень сяджу ў прымусовым каранціне ў сталіцы Перу, Ліме. Што праўда, не ў найгоршых умовах і з доступам у інтэрнэт.

За акном выюць сірэны, лаюць сабакі, рэдка праязджаюць аўты. У прынцыпе, гэта ўсё, што адбываецца за акном.

Каб абараніць нацыю ад заразы, прэзідэнт гэтай паўднёваамерыканскай краіны ўвёў сапраўды драконаўскія захады. За некалькі гадзінаў ён закрыў межы і пакінуў у «перуанскай турме», як напісаў адзін нямецкі журналіст, тысячы замежнікаў, якія не паспелі эвакуявацца. У іхным ліку былі і мы.

Дарʼя Румянцава ў Мачу-Пікчу, горадзе інкаў

З 17 сакавіка ў Перу дзеюць ваенны стан і каменданцкая гадзіна – цягам двух тыдняў вайскоўцы з аўтаматамі патрулююць гарады. Ад 20:00 да 05:00 забаронена быць па-за домам. Днямі паліцыя затрымала хлопца, які выкідваў смецце. Яму пагражае штраф або тры месяцы арышту.

На 20 сакавіка з каронавірусам тут выявілі 263 асобы. Падобна да еўрапейцаў, перуанцы спачатку панікавалі, скуплялі туалетную паперу і маскі, якія цяпер калі і ёсць у аптэцы, то каштуюць еўра за штуку. На вуліцы ад нас дэманстратыўна адварочваліся як ад рухомай пагрозы заражэння.

Перуанцы таксама паддаліся паніцы і скупілі ўсё ў крамах. Фота: Дарʼя Румянцава / «Белсат»

Ніхто з іх не ведае, калі прыйдзе пачатак канца, але людзі перамаглі страх і прыслухаліся да патрабавання медыкаў і кіраўніка краіны – самаізаляваліся. Ніхто не валяецца на траве ў парках, не смажыць шашлыкоў, не выводзіць дзяцей на пляцоўкі.

«Ці не нудзішся ты?» – таксама частае пытанне. Увесь час сыходзіць на навіны і пошук інфармацыі, ці ёсць шанец адсюль выбрацца. Шчыра кажучы, Перу не найгоршае месца, дзе б маглі застаць эпідэмія ці канец свету.

Тут цёпла, а з акна бачныя горы, вяршыні якіх яшчэ тыдзень таму мы заваёўвалі. Але ні цяпло, ні горы, ні што іншае не заменяць дому, дзе чакаюць родныя, у тым ліку чатыры сабакі (чытай: дзеці).

Паліцыя блакуе ўваход у аэрапорт Лімы. Фота: Дарʼя Румянцава / «Белсат»

Пакуль у Беларусі няма каранціну, перуанцы закрыліся ўдома і штовечар а 20:00 праводзяць акцыю падтрымання медыкаў і ўсіх тых, хто змагаецца за іхную бяспеку. Выходзячы кожны на свой гаўбец, яны пляскаюць у далоні і крычаць «брава».

«У супермаркеце баялася выдыхнуць на бабулю». Жыццё ў Мілане падчас каранціну вачыма беларускай айцішніцы

Дарʼя Румянцава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны