«У супермаркеце баялася выдыхнуць на бабулю». Жыццё ў Мілане падчас каранціну вачыма беларускай айцішніцы


Кантрольны пункт перад кафедральным саборам Мілану. Жаўнеры спраўджваюць выкананне жыхарамі забароны на беспадстаўнае перамяшчэнне па горадзе. 20 сакавіка 2020 года. Фота – Alberico / Fotogramma/ Ropi / Zuma Press / Forum

Колькасць загінулых ад COVID-19 у Італіі перавысіла 3405 – гэта больш, чымся ў Кітаі. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, у краіне заразіліся амаль 36 тысяч асобаў. Нягледзячы на ​​каранцін, які дзейнічае ў Італіі з 10 сакавіка, кожны дзень тут рэгіструюць сотні новых заражэнняў і смерцяў. Да канца месяца, як піша са спасылкаю на экспертаў «New York Times», колькасць тых, хто захварэў можа перавысіць афіцыйныя паказнікі Кітаю – у больш, чымся 80 тысяч чалавек. Беларуская айцішніца Вольга, якая працуе цяпер у сваёй кватэры ў Мілане, распавяла «Белсату», чаму італьянцы перасталі любіць бегуноў, як падтрымліваюць лекараў і чаго яна зараз баіцца больш за ўсё.

У Італіі задаюцца пытаннем, чаму здарыўся такі скачок захворвання. Тлумачэнні розныя. Па-першае, гэта адна з самых «пажылых» нацыяў у свеце. Па-другое, у нас вялікая шчыльнасць насельніцтва: немагчыма накрэсліць кола дыяметрам 10 км, не закрануўшы нейкую мясцовасць. Па-трэцяе, немалую ролю адыграла хуткасць рэакцыі на праблему: у першыя два тыдні прынялі слабыя захады – рэстарацыі, бары і кінатэатры ўсцяж працавалі. Магчыма, калі б сапраўдны каранцін увялі адразу, колькасць хворых была б у некалькі разоў меншай.

Hавiны
«Уся краіна – чырвоная зона». Чаму беларусы не спяшаюцца вяртацца з Італіі?
2020.03.10 17:40

Цяпер па ўсёй Італіі дзейнічае забарона на выезд з населеных пунктаў без паважлівай прычыны. Калі нехта едзе аўтам з Мілану ў Турын каб даглядаць сваякоў, якім ніхто не можа дапамагчы, або па рабочай неабходнасці, то ніякіх санкцыяў не будзе. У іншых выпадках – штраф 206 еўраў або нават арышт да трох месяцаў. На дарогах стаяць патрулі, таму праскочыць складана. Калі спыняюць, трэба пісаць тлумачальную з пазначэннем прычыны перамяшчэння. Усе звесткі потым правяраюцца. Пры выяўленні падману пакарання не пазбегнуць.

Амаль пусты міланскі праспект. На перасоўванне па горадзе трэба мець паважлівую прычыну. Фота – Daniele Mascolo / Reuters / Forum

Забарона на перамяшчэнне ёсць і ў межах населеных пунктаў. Большасць людзей выконвае нормы дэкрэту, але ёсць спрэчныя пытанні: напрыклад, заняткі спортам на адкрытым паветры ў адзіноце не забароненыя. Гэта стварае праблемы: многія ходзяць на прабежку ў адныя і тыя ж месцы. Таксама ёсць рызыка, што калі нешта скруціш падчас заняткаў спортам, спатрэбіцца медычная дапамога, а лекарам цяпер зусім не салодка. Таму ў апошнія дні народ настроіўся супраць бегуноў, расцэньваючы іх хобі як праяву эгаізму.

Hавiны
16 мільёнаў у зоне каранціну. Жыхарка Венецыі пра тое, як каронавірус змяняе Італію
2020.03.09 13:43

У гэтыя дні вядзецца гаворка аб узмацненні жорсткасці захадаў – менавіта для таго, каб і гэтыя людзі нарэшце засталіся ўдома. Мяркую, новы дэкрэт можа з’явіцца ўжо на гэтых выходных.

Ёсць тыя, хто працягвае хадзіць на працу. Супермаркеты, аптэкі, камунальныя службы і прадпрыемствы працягваюць працаваць. Натуральна, кампаніі абавязаныя забяспечыць патрабаванні бяспекі работнікаў, уключна са сродкамі абароны і дыстанцыю [паміж імі]. На фабрыках, дзе ёсць сталовыя, людзі ходзяць на абед групамі, каб не запаўняць усе памяшканне.

«Я – патэнцыйная пагроза»

Цягам эпідэміі людзі вельмі змяніліся. З самага пачатку вельмі негатыўна ставіліся да тых, хто ў каго ёсць хаця б нейкія сімптомы хваробы – напрыклад, хто высмаркаўся або раптам чмыхнуў у грамадскім месцы. Мяркую, людзям уласцівая неабходнасць надаваць канкрэтную форму свайму ворагу. Вірус – занадта абстрактна, мы яго не бачым, а вось баяцца чалавека як магчымага пераносчыка – нашмат прасцей.

Цяпер, нарэшце, людзі гуртуюцца супраць хваробы, а не супраць людзей. З’явілася шмат інфармацыі пра вірус ад дзяржаўных органаў: сімптаматыка, прэвентыўныя меры, што можна, што нельга, што рабіць, куды тэлефанаваць – усё вельмі проста і даступна. Вірус змог атрымаць нейкую больш-менш зразумелую форму, і людзі пачалі разумець, што перамога магчымая толькі калі ўдзельнічаць у гэтым будзе кожны.

Многія змянілі пункт гледжання з «чалавек – патэнцыйная пагроза для мяне» на «я – патэнцыйная пагроза для людзей». Кожны можа быць заражаны, але не мець сімптомаў. Нядаўна ў супермаркеце бабулька папрасіла дапамагчы ёй нешта ўзважыць, і я памятаю, як баялася стаяць побач, каб на яе не выдыхнуць.

Па харчы – раз на тыдзень

Пераварот у свядомасці людзей здарыўся, калі з’явіліся гісторыі пра лекараў і шпіталях, якія не даюць рады з нагрузкай.

За некалькі дзён да закрыцця Італіі лекары атрымалі інструкцыі па этыцы, якія вызначаюць, каго ратаваць з-за недахопу месцаў або апаратаў для вентыляцыі. Па зразумелых прычынах, медыкам часам даводзіцца ставіць на маладых.

Міланскі аэрапорт. 18 сакавіка ў Ламбардыю прыляцелі кітайскія лекары, каб дапамагчы мясцовым медыкам у барацьбе з каронавірусам. Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

Я не баялася хваробы ні ў першы дзень, ні цяпер. Недзе ўнутры сябе я ўпэўненая, можа і наіўна, што мой імунітэт дасць рады нават у выпадку магчымых ускладненняў.

Нягледзячы на ​​адсутнасць страху, я выконваю ўсе правілы: мыю рукі, дэзынфекую тэлефон і ключы пасля выхаду на вуліцу, выходжу з хаты раз на тыдзень па харчы і два разы на тыдзень іду выкінуць смецце. А яшчэ ўзмацняю імунітэт: займаюся спортам удома, п’ю вітаміны.

Чарга перад адным з міланскіх супермаркетаў. Фота – Backgrid / Backgrid USA / Forum

У адрозненне ад першых дзён эпідэміі цяпер я баюся, што ў выпадку цяжкай формы хваробы для мяне не знойдзецца месца ў рэанімацыі. Або не будзе вольнага апарату для вентыляцыі лёгкіх.

Тры мільёны еўраў за суткі

Неверагодная зброя ў крытычных сітуацыях – сацыяльныя сеткі. Пасля ахвяраванняў пары брэндаў ад аднаго да двух мільёнаў еўра на барацьбу з каронавірусам масавы збор сродкаў на дапамогу больніцам запусцілі Chiara Ferragni і Fedez – самая вядомая пара ў італьянскім інтэрнэце. Іх зварот сабраў тры мільёны [еўраў] за два дні. Многія давалі зусім невялікія грошы – па 5, 10, 20 еўраў – але ахвотных дапамагчы было вельмі шмат. Сума ўжо пераваліла за чатыры мільёны. Ініцыятыва дала штуршок вялікай колькасці падобных збораў, большасць якіх тычыліся нейкіх пэўных шпіталяў. Іх вельмі шмат, у нейкі момант я збілася з рахунку.

Апроч гэтага, людзі пасылаюць у больніцы абеды, кветкі і іншыя знакі ўвагі лекарам і медычнаму персаналу.

Апроч закліку да добрых учынкаў і да прытрымлівання каранціну, блогеры ладзяць на сваіх старонках акцыі, каб дапамагчы людзям не з’ехаць з глузду ў ізаляцыі. Псіхолагі прапануюць бясплатную псіхалагічную падтрымку, персанальныя трэнеры – трэнінг праз інтэрнэт, фатографы – заняткі па фатаграфіі, бясплатныя або за сімвалічны кошт (што зразумела: яны, пераважна, фрылансэры, і самыя сядзяць без заробку). У многіх падʼездах жыхары зарганізавалі дапамогу пажылым суседзям.

Мы ўсе сталі закладнікамі ў чатырох сценах, псіхалагічна гэта вельмі цяжка.

Адзін за ўсіх – і ўсе за аднаго

Усім зразумела, што эканамічнага крызісу не пазбегнуць – тым больш у краіне, дзе турызм і рэстаранны бізнес граюць такую ролю. У гэтых галінах некаторыя страцілі працу яшчэ ў першыя дні – як правіла, мова аб часовых працоўных дамовах.

Многія фрылансэры засталіся без замоваў. Шматлікія кампаніі – без прыбытку.

На днях выйшаў дэкрэт аб эканамічным падтрыманні субʼектаў гаспадарчай дзейнасці і працаўнікоў. Знізілі падатковую нагрузку, прадугледзелі грашовыя кампенсацыі фрылансэрам, прэміі для работнікаў, якія працягваюць хадзіць на працу. Размова не пра велізарныя грошы, але тым не менш.

Таксама ўвялі забарону на звальненне цягам наступных дзвюх месяцаў. Што будзе пасля – пакуль незразумела.

Мне вельмі пашанцавала з працадаўцам. Нашая галіна дазваляе працаваць з хаты, але ў нас таксама зляцелі некаторыя праекты, бо ў кліентаў прастой. Таму сёлета гаворка вядзецца пра тое, што асноўная мэта кампаніі – не дасягнуць пэўнага прыбытку, а захаваць працоўныя месцы. Некаторых людзей, у якіх мала нагрузкі або якія працуюць у праектах з нізкай прыбытковасцю, папрасілі сысці ў платны адпачынак – той, які б яны зарабілі сёлета.

Санітарныя службы ўжываюць для дэзынфекцыі вуліц паліцэйскія вадамёты. Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

Яшчэ нас папрасілі «падарыць» кампаніі па гадзіне з кожнага тыдня платнага адпачынку, каб зрабіць унёсак у фінансавую стабільнасць. Гэта значыць, аплата за гэты адпачынак застаецца ў кампаніі. Мы, натуральна, пагадзіліся. Перамагчы ў гэтай сітуацыі могуць толькі тыя, хто дзейнічаюць паводле прынцыпу «адзін за ўсіх – і ўсе за аднаго». І ў грамадстве, і на працы. Як бы пафасна гэта не гучала.

Hавiны
Дальнабойнік у Італіі: «Як у фільмах пра апакаліпсіс, бракуе толькі зомбі»
2020.03.18 12:55

Шматлікія кампаніі – і мая не выключэнне – уводзяць бясплатныя заняткі спортам па відэасувязі, забяспечваюць псіхалагічнае падтрыманне, і прапануюць розныя гурткі па інтарэсах паміж працаўнікамі. Гэта ўсё дапамагае нам не звар’яцець і не падаць духам.

ДР/ДД belsat.eu

Стужка навінаў