Каранцін у 19 блоках інтэрнату № 10 Белдзяржмедуніверсітэту


Студэнты даслалі Belsat.eu аўдыёзапіс з такой інфармацыяй. Афіцыйныя прадстаўнікі ВНУ, а таксама адказныя міністэрствы – фактаў не пацвердзілі.

Інтэрнат № 10 БДМУ. Фота bsmu.by

«Каранцінныя блокі 508, 515, 610, 701, 705, 713, 807, 808, 814, 816, 905, 1013, 1010, 1015, 1306, 609, 903, 715, 916. Просьба да студэнтаў, заставацца ў сваіх блоках, прытрымлівацца захадаў бяспекі і прафілактычных мерапрыемстваў: праводзьце вільготную прыборку, праветрывайце памяшканні, добра мыйце рукі. Пры нават дробных праявах якога-небудзь захворвання паведамляйце дзяжурным на вахце ці звязвайцеся з выхавацелям. Ва ўсіх пытаннях звязвайцеся з выхавацелямі праз тэлефон ці набірайце дзяжурным на вахту. Заставайцеся ўсе здаровымі», – аўдыёзапіс з такімі словамі даслалі Belsat.eu студэнты навучальнай установы.

Аднак паводле прэс-сакратаркі медычнага ўніверсітэту Аксаны Курбенка, установа адукацыі працуе ў звычайным рэжыме:

«Студэнты знаходзяцца на занятках, якія праводзяцца ў нас у адпаведнасці з рэкамендацыямі і Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя. Праводзяцца санітарна прафілактычныя захады. Таму ўсё нармальна, усё ў штатным рэжыме», – удакладніла яна.

Гэта ж датычыць і інтэрнатаў медычнага ўніверсітэту, у карпусах якога праводзяць прафілактыку інфекцыйных захворванняў. Інфармацыю аб увядзенні каранціну Аксана Курбенка катэгарычна адмаўляе.

Фота: Vidmantas Balkunas / Anzenberger / Forum

Не ўзялася каментаваць змест аўдыёзапісу і прэс-сакратарка Мінадукацыі Людміла Высоцкая. Яна накіравала Belsat.eu па каментар у Міністэрства аховы здароўя. Згодна з ейнымі словамі, арганізацыя вучэбных працэсаў праводзіцца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, якія ведамства яшчэ раней распаўсюдзіла ва ўстановах адукацы. Пра якія канкрэтна правілы ідзе гаворка, Людміла Высоцкая адказаць не змагла.

Кола замкнулася на Міністэрстве аховы здароўя, якое параілі тэлефанаваць У Белдзяржмедуніверсітэт:

«Не ведаю, трэба тэлефанаваць і ўдакладняць. Я не ведаю такой інфармацыі», – зазначыла прэс-сакратарка міністэрства Юлія Барадун.

На ўмовах ананімнасці звесткамі аднак падзяліўся навучэнец медычнага ўніверсітэту:

«Ёсць людзі, якім рэкамендаваны каранцін. Але ўтрымліваць гвалтоўна ніхто нікога не можа. Пра колькасць людзей у каранціне сказаць нічога не магу. Але яны ёсць. І не толькі ў гэтым інтэрнаце [інтэрнат № 10]. Часткова лекцыі пераведзеныя ў рэжым самастойнага вывучэння. Але заняткі ў шматлікіх групах працягваюцца, у тым ліку практычныя ў больніцах, дзе ёсць пацыенты з пацверджанымі выпадкамі каронавіруса. Выкладчыкі занепакоеныя, што заняткі працягваюцца, але самі не вырашаюць, залежаць ад рашэння зверху».

Адносна рэкамендацыяў, якія існуюць ва ўстанове адукацыі, суразмоўца зазначыў: раяць трымаць дыстанцыю ці ізалявацца, а разам з гэтым баяцца, што студэнты раз’едуцца па дамах і магчыма разнясуць інфекцыю.

Хрысціна Чарняўская, Belsat.eu

Стужка навінаў