Канкурэнцыя? Не, не чулі. У медычных закупках адбываецца дзіўнае


У звычайным гандлі рухавіком ёсць рэклама, а ў дзяржаўных закупках найважнейшы лакаматыў – канкурэнцыя.

Дзяржава павінна траціць кожную капейку падаткаплацельшчыкаў максімальна эфектыўна, а вялікая колькасць канкурэнтаў у тэндары – гэта як раз тое, што прыводзіць да памяншэння кошту на тавар і дазваляе эканоміць грошы. Прадаўцам гэта таксама выгадна: у дзяржзакупках ёсць магчымасць атрымаць буйнога кліента і прадаць яму адным махам велізарны абʼём тавараў, хай і па крыху заніжанай цане. Нярэдка ў рамках дзяржзакупак дзясяткі пастаўшчыкоў вядуць лютую барацьбу за права пастаўляць сваю прадукцыю заказчыкам. Пра тое, што адбываецца ў закупках медычных матэрыялаў, распавядаюць у opentenders.by.

Фота: pixabay.com

Ільвіная доля тэндараў у Беларусі ствараецца для пошуку пастаўшчыкоў для медычных устаноў. Канкурэнцыя там ёсць, але не заўсёды і не паўсюль. Існуе некалькі вобласцей закупак, дзе за перамогу б’юцца два канкурэнты. Ні аб якім зніжэнні цаны і эканоміі ў такіх выпадках, як правіла, гаворкі не ідзе. Гэта можа ўказваць на нізкі ўзровень канкурэнцыі на асобных рынках, а можа зʼяўляцца індыкатарам карупцыі. Разгледзім прыклады такіх закупак.

Шоўныя матэрыялы

У 2019 годзе адбылося каля паўтары дзясяткаў тэндараў па закупцы шоўных матэрыялаў. Нярэдка ў іх прымалі ўдзел усяго 2 пастаўшчыка, якія пры гэтым зусім не дэманстравалі жорсткай бітвы.

Горадня. Прыклад закупкі для «Медтэхніка». Рэгістрацыйны нумар AU20190628173474:

Разбяром самы першы радок – «Поліглікалід, 40-45». Гарадзенская «Медтэхніка» выказала гатовасць заплаціць за такі тавар не больш за 259 тысяч рублёў. У тэндары ўдзельнічалі два пастаўшчыкі, лепшая прапанаваная цана склала 258,2 тысячы рублёў. Усяго на 0,3% ніжэй, чым першапачаткова выставіў закупшчык. Нават сеткавыя гіпермаркеты ў рамках дысконтных праграм гатовыя масава даваць рознічным кліентам больш важкія зніжкі.

Усяго ў аўкцыёне ішла барацьба за 12 лотаў, на якія толькі дзве кампаніі падавалі заяўкі. І ўсюды фінальная стаўка практычна не адрознівалася ад пачатковай. Канкурэнцыя? Эканомія? Не, не чулі.

Аб’ектыў
21 вінаваты ў карупцыі, але справа медыкаў працягваецца
2019.12.27 22:00

Медычная тэхніка

Яшчэ адзін прыклад – закупкі медычнай тэхнікі. Асноўныя арганізатары тут – філіялы «Медтэхнікі», якія робяць закупкі для розных медычных установаў. Да другога этапа такіх тэндараў звычайна дапускаюць дзве кампаніі. І вельмі часта сустракаюцца адныя і тыя ж пары. Пры гэтым канкурэнцыя ў такіх парах нярэдка мае фармальны характар. Напрыклад, НДЦ «Магістр» любіць канкураваць з ПГУП «Юмедыка». Яшчэ адна пара – тая ж «Юмедыка» і «Кардыян». А з «Кардыянам» у пары часта сустракаецца ўжо згаданы «Магістр». Нагадвае любоўны трохкутнік.

Для прыкладу разгледзім тэндар «БарМт №459/19 – Галагенератар; Інгалятар лекавых сродкаў; Дэфібрылятар-манітор». Нягледзячы на ​​бачнасць рэальных таргоў, зніжэнне цаны там насіла сімвалічны характар. Пры пачатковай цане 47,41 BYN фінальная стаўка склала 47,265 BYN. Розніца нікчэмная – 0,3%. Як і ў прыкладзе з шоўнымі матэрыяламі.

Проста для параўнання: у аўкцыёне «ГродМТ 207/19-ЭА Сістэма сутачнага манітаравання ЭКГ і АД для УЗ «Гарадзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр» два канкурэнты прымудрыліся знізіць цану больш як у два разы. І пошук у адкрытых крыніцах паказвае, што менавіта гэтая, у два разы зніжаная цана, акурат больш-менш адпавядае рынкавай.

Узнікае пытанне: чаму адзін філіял з дакладнасцю ў 99% трапляе ў рынкавую цану, а другі зусім не трапляе?

Насцярожвае яшчэ адзін момант: інтуіцыя асобных удзельнікаў тэндараў. Тут гаворка пойдзе пра прэферэнцыйную папраўку. Справа ў тым, што пастаўшчыкі беларускіх тавараў могуць атрымаць так званую прэферэнцыю ў 15% ад цаны, каб мець канкурэнтную перавага перад іншымі пастаўшчыкамі. Падрабязна пра схему мы пісалі ў папярэднім матэрыяле.

Знайшлося некалькі выпадкаў, калі заяўку на прэферэнцыю падавалі толькі тыя ўдзельнікі, якія потым перамагалі ў тэндары. Выходзіць, бок, які прайграў, загадзя вырашыў не марнаваць час на афармленне лішняй паперкі. Што гэта, калі не празорлівасць?

Прыклад такой закупкі – тэндар «МТ 275/19-ЭА «Сістэма працяглага манітаравання ЭКГ для УАЗ ГА». За час аўкцыёну цана на сістэму знізілася з 12 тысяч рублёў да 8 612 рублёў. Апошняя стаўка НДЦ «Магістр», што прайграў, была ўсяго на 15 рублёў вышэйшай, гэта значыць фармальна інтрыга захоўвалася да самага канца. І гэтая кампанія першапачаткова не аформіла заяўку на 15% прэферэнцыю, хоць у дзясятках іншых выпадкаў яна гэта рабіла.

Рэагенты дыягнастычныя

У гэтай катэгорыі закупак ёсць два асноўныя гульцы: ТАА «Аналіз Мед Прам» і ТАА «Арвітмедыкл». Яны з зайздроснай сталасцю на пару ўдзельнічаюць у тэндарах і з пераменным поспехам у іх перамагаюць. Калі ў папярэдніх выпадках сувязь паміж канкурэнтамі можна было падазраваць, то тут яна відавочная: заходзім на сайт «Аналіз Мед Прам» і ў раздзеле кантакты бачым назву «Арвітмедыкл».

Сустракаюцца закупкі, у якіх канкурэнты нават не спрабуюць адлюстроўваць падабенства барацьбы. Напрыклад «МогМт№159 / 19-ЭА «Лабараторныя вырабы са шкла»». Здавалася б, цэлых чатыры канкурэнты, розныя кампаніі з гісторыяй. Але на кожны лот – толькі два кандыдаты, і зноў канчатковая цана практычна не адрозніваецца ад пачатковай. І так па 14 лотах з 17.

Hавiны
За паўгода ў Беларусі асудзілі паўтысячы карупцыянераў
2019.09.11 14:58

Замест высновы

Мы не можам сцвярджаць, што ў пералічаных выпадках адбывалася карупцыя. Улічваючы тое, што медычнымі закупкамі займаецца вельмі вузкае кола кампаніяў і асобаў, мы, імаверна, маем справу з пэўнымі нефармальнымі правіламі гульні.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №40, прынятым у 2019 годзе, арганізатарамі такіх дзяржзакупак могуць выступаць толькі тры гульцы:

  • УП «Белмедтэхніка» і ягоныя даччыныя прадпрыемствы – пры закупцы медычных вырабаў, запасных частак да іх;
  • РУП «Белфармацыя» і ягоныя шматлікія дочкі з розных рэгіёнаў – пры закупцы лекавых сродкаў і лячэбнага харчавання;
  • РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» – пры закупцы тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

Сярод пастаўшчыкоў (якіх тэарэтычна можа быць колькі заўгодна) таксама раз-пораз мільгаюць адныя і тыя ж кампаніі. Рынак выглядае падзеленым пірагом, і такі стан рэчаў негатыўна адбіваецца на канкурэнцыі. Зніжэнне цаны ў ходзе аўкцыёну на 0,3% – гэта нават не мізер, а проста нішто. Пашырэнне круга арганізатараў магло б павысіць канкурэнцыю і зрабіць закупкі больш выгаднымі для бюджэту.

Так ці інакш, апісаныя вышэй тэндары выглядаюць, як мінімум, дзіўна. А для прававой ацэнкі таго, што адбываецца, існуюць спецыяльныя органы.

Чытайце па тэме:

Падлога-палец-столь. Што адбываецца з цэнамі ў дзяржзакупках дроваў і торфабрыкетаў

Стужка навінаў