Канфлікт у менскай гімназіі: маці школьніка скардзіцца на паборы і псіхалагічны ціск. Іншыя бацькі гэта адмаўляюць


У рэдакцыю belsat.eu звярнулася мянчанка Вольга Краўчук, чый сын ходзіць у трэці клас гімназіі № 146, і паскардзілася, што ва ўстанове практыкуюць збор грошай на падарункі настаўнікам. Калі жанчына адмовілася здаваць грошы ў бацькоўскі камітэт, на дзіця нібыта пачалі псіхалагічна ціснуць. Бацькі ж іншых дзяцей сцвярджаюць, што пабораў у гімназіі няма, а Краўчук піша скаргі беспадстаўна. Belsat.eu разбіраўся ў складанай сітуацыі.

Вольга Краўчук.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У школу Кірыл пайшоў у 2017 годзе. Тады ж, паводле словаў ягонай маці Вольгі, з іх пачалі патрабаваць грошы на патрэбы «попечительского совета». У класе з 28 вучняў кожныя бацькі мусілі сплаціць па 30 рублёў у чвэрць. На гэтыя сродкі планавалася набыць розныя гаспадарчыя дробязі: пластыкавыя кубачкі, пітную ваду, мыла, папяровыя ручнікі. Але ў спісе пакупак, акрамя падарункаў дзецям на святы, значыліся падарункі для настаўніка. Гаворка не толькі пра торт і кветкі на 1 верасня, але і пра камп’ютар.

Праўда, у тым жа годзе (Вольга гэта прызнае), настаўніца перадала камп’ютар разам з падараванымі пазней тэлевізарам і смартфонам у маёмасць гімназіі, ім надалі інвентарны нумар. Незразумелым застаецца, чаму каштоўную тэхніку набылі на грошы бацькоў, а не са школьнага бюджэту.

Спіс пакупак, які даслалі бацькам вучняў у 2017-2018 навучальным годзе.

«Ужо пасля таго, як мы здавалі 30 рублёў, бацькоўскі камітэт пастаянна патрабаваў данесці яшчэ то пяць, то дзесяць рублёў. І муж насіў, бо была магчымасць. Але потым мы разышліся і ён перастаў гэта рабіць, а я сама ўжо не магла. Пачаўся сапраўдны булінг і цкаванне майго сына з боку настаўніцы, з боку кіраўніцтва школы», – распавядае Вольга.

Паводле маці, у красавіку 2018 года настаўніца нібыта схапіла Кірыла за валасы, цягала за рукі, пасля чаго дзіця «пакутавала на нервовыя цікі». Тады міліцыя пачала праверку, але спыніла адміністратыўную справу, бо не выявіла складу правапарушэння.

Вольга, яе сястра Юлія і бацька Мікалай пачалі дасылаць скаргі, што на дзіця аказваецца ціск, ва ўсе магчымыя інстанцыі – ад дырэктара гімназіі да Міністэрства адукацыі. Чыноўнікі ж міністэрства, сцвярджае Вольга, у адказ наўпрост пагражалі паставіць сям’ю на СНП (сацыяльна небяспечнае становішча), калі тыя не спыняць скардзіцца.

У новым навучальным годзе ў гімназіі змянілася дырэктар, а ў класе Кірыла – настаўніца.

«Спачатку ўсё было добра, з намі абыходзіліся ветліва. Але потым на сына зноў пачалі ціснуць, прычым нават бацькі іншых дзяцей, пачалі на яго скардзіцца. А аднакласнікі казалі яму пры ўсіх, што ён «не мае таты». Таксама дзеці збівалі Кірыла, а адзін хлопчык рассек яму плячо», – працягвае Вольга.

Вольга Краўчук.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Яна ўпэўненая, што такая сітуацыя склалася менавіта праз яе адмову сплочваць паборы і змаганне за правы – свае і дзіцяці. Вольга нават дамаглася асабістага прыёму ў міністра адукацыі Ігара Карпенкі, дзе распавяла яму пра сваю праблему. Нягледзячы на канфлікт, дзіця не пераводзілі ў іншую школу праз дзве прычыны: гэтая бліжэй да дома і з добрым узроўнем вывучэння ангельскай мовы.

У снежні мінулага году кватэру, дзе жыве Вольга з сынам, наведала настаўніца школы, каб агледзець умовы. Тады яны прыйшлі да станоўчай высновы: у матэрыяльным сэнсе дзіця мае ўсё неабходнае. Сапраўды, у кватэры вельмі чыста і ўтульна, хлопчык мае ўласны пакой з новай мэбляй, працоўным сталом і цацкамі.

Аднак 23 студзеня камісія па справах няпоўнагадовых адміністрацыі Маскоўскага раёну вырашыла правесці паседжанне з нагоды паводзінаў Кірыла ў школе. Адкуль жа такая павышаная ўвага да хлопчыка? Справа ў тым, што бацькі іншых дзяцей, у сваю чаргу, паскардзіліся на Кірыла.

Нягледзячы на канфлікт са школай, дзіця рэгулярна атрымлівае граматы і падзякі. Фота Ірына Арахоўская/Белсат

«Яны скардзяцца на ўсіх і судзяцца з усімі»

У студзені гэтага году РУУС Маскоўскага раёну праводзіла праверку па факце нанясення Кірылам цялесных пашкоджанняў іншаму дзіцяці. Справу спынілі праз адсутнасць доказаў віны.

Паводле маці аднаго з вучняў класа, Кірыл «душыў» аднакласніка – у выніку таго проста забралі ў іншую школу.

«Спачатку Кірыл быў у паралельным класе, а летась перавёўся ў наш «А». З 31 вучня цяпер засталося 22 разам з Кірылам. Мы яго сустрэлі вельмі добра, мы ж не зналі, што за дзіця. Але потым ён пачаў крычаць, грубіць, біць дзяцей, зрываць заняткі! Пасля гэтага настаўніца звольнілася. Сёлета сышла чарговая настаўніца – яна не вытрымала пастаянных скаргаў родных Кірыла», – распавяла маці школьніка. Называць свае імя яна не захацела, бо баіцца, што тыя і на яе напішуць заяву.

Паводле жанчыны, у Кірыла праяўляецца спантанная агрэсія, але сям’я катэгарычна адмаўляецца звярнуцца за дапамогай да псіхолага.

Гімназія 146, Менск. Фота Yandex.maps

«Замест таго, яны пішуць скаргі на розныя дробязі. Вось сітуацыя: у сталовай ім раздаюць парцыйна гарачае харчаванне, але салат кукурузу ставяць у агульнай місцы на стол і настаўнік кожнаму кладзе на талерку. Нашу настаўніцу хтосьці паклікаў і яна адышла, а Кірыл палез у агульную міску. Мой сын папрасіў пачакаць Алену Іванаўну, але ён працягнуў. Тады сын узяў яго за руку і яшчэ раз папрасіў пачакаць. У выніку на майго сына напісалі дакладную на імя дырэктара, што той «адбірае ежу». І такіх скаргаў шмат! Яны скардзяцца на ўсіх і судзяцца з усімі», – распавяла наша суразмоўца.

Што да пабораў, то жанчына адмаўляе іх наяўнасць і кажа, што часам здавалі грошы добраахвотна.

«Мае старэйшае дзіця навучаецца ў 6 класе, дык я за ўвесь час пералічыла на рахунак «попечительского совета» два разы па 12 рублёў на патрэбы класу, а пад Новы год – па 3-4 рублі на салодкія падарункі дзецям», – дадае яна.

Гэтую інфармацыю пацвярджае Алена, якая ўваходзіць у бацькоўскі камітэт. Яна кажа, што ўнёскі не патрабуюць – іх можна рабіць добраахвотна.

Мы звярнуліся па каментар да дырэктаркі гімназіі Святланы Бондаравай, аднак тая адмовілася даваць каментар і папрасіла прыходзіць асабіста ў «прыёмныя гадзіны». Бліжэйшы вольны час – 19 лютага.

Таксама мы звязаліся з апошняй настаўніцай Кірыла, якая сёлета звольнілася з гімназіі. Спачатку яна абяцала распавесці гісторыю са свайго боку, аднак пазней выключыла тэлефон і заблакавала нашага карэспандэнта ў сацсетках.

Эксперт раіць звярнуцца да псіхолага

«Перш за ўсё, калі ў дзіцяці ўзнікае канфлікт у класе, школа абавязаная запрасіць бацькоў. Спачатку трэба вырашаць канфлікт унутрана, без прыцягнення іншых інстанцый. Калі бацькі на гэта не пагаджаюцца і канфлікт нарастае, уключаецца трэці бок – сацыяльны педагог і псіхолаг. Бацькі і настаўнікі ўдзельнічаюць у сітуацыі суб’ектыўна, а яны павінны «разруліць» сітуацыю», – каментуе псіхолаг Таццяна Калгіна.

На яе думку, бацькі Кірыла не мелі рацыі, калі звярталі ўвагу на вонкавыя чыннікі, а не дапамагалі свайму дзіцяці пераадолець агрэсію.

«Трэба вельмі карэктна, вельмі спакойна пагаварыць з хлопчыкам. Звычайна ў такім узросце (9-10 гадоў) праяўленні агрэсіі могуць быць выкліканыя гіперактыўнасцю. Бацькі могуць казаць, што ўсе навокал іх не разумеюць, а насамрэч праблема магла ўзнікнуць праз канфлікты ў сям’і. Напрыклад, раставанне бацькоў вельмі часта робіцца прычынай псіхалагічнай траўмы», – кажа Калгіна.

Паводле эксперткі, змена школы цяпер можа выклікаць дадатковы стрэс. Псіхолаг раіць давучыцца ў тым жа класе хаця б да канца пачатковай школы.

«Іначай гэта будзе гештальт, які паўтараецца ва ўсіх сітуацыях: дзіця будзе лічыць, што ў ягоных праблемах вінаватыя ўсе навокал і імкнуцца кожны раз сысці. Што рабіць бацькам? Самае важнае ў гэтай сітуацыі – падумаць, як лепей для дзіцяці. Калі ў іх есць канфлікт і яны будуць працягваць ваяваць, не ісці на кантакт з псіхолагам – не даб’юцца нічога, акрамя пагаршэння псіхалагічнага стану дзіцяці», – рэзюмуе яна.

Таццяна Калгіна адзначыла, што гатовая дапамагчы сям’і Кірыла пераадолець праблему, калі тыя звярнуцца да яе па дапамогу.

КА belsat.eu

Стужка навінаў