Гарачы каментар Дырэктар збіў вучняў? «У майго сына два тыдні хісталіся зубы»


Гвалт у школе. Дырэктар і бацькі навучэнцаў – у судзе. У судзе Пінску і Пінскага раёну распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы аб наўмысным нанясенні цялесных пашкоджанняў. Гаворка пра канфлікт, які адбыўся ў Пінску яшчэ 11 верасня паміж дырэктарам мясцовай школы №18 і двума дзесяцікласнікамі, якія каталіся на ганку ўстановы на самакаце. Паводле дырэктара, дзеці яго справакавалі і ён папросту схапіў іх. Бацькі і дзеці цвердзяць, што дырэктар жорстка збіў дзесяцікласнікаў.

Кацярына Ціханчук, маці пацярпелага падлетка:

«У міліцыі мы на першых жа хвілінах сказалі, што дырэктар быў нецвярозы. Пра гэта заявіла тры асобы. Мы прасілі правесці праверку на прадмет алкагольнага ап’янення, на што міліцыя адказала, што яны яго (дырэктара) проста не знайшлі. На тэлефон не адказваў, думаю, ён проста хаваўся. Было чуваць пах алкаголю. Ён на маіх вачах збіваў маё дзіця, а калі я ўступілася – пачаў збіваць мяне, крычаць «я дырэктар», вы будзеце рабіць тое, што я кажу!..»

Анастасія Жук, маці пацярпелага падлетка:

«Мяне ўзбадзёрвае тое, што ёсць відэа, якое даказвае, што было збіццё, што рэальна дырэктар 18 школы збіў дзяцей, што ён рэальна схапіў аднаго і другога, і быў гвалтоўны жорсткі ўдар! У майго сына была разбітая губа і два тыдні хісталіся зубы! Мой сын не мог есці!»

Дырэктар Пінскай школы №18 Фёдар Радзівон так пракаментаваў справу:

«Быў такі выпадак, калі дзіця трапіла пад кола гэтага самаката. Таму мы казалі, каб дзеці не каталіся на ганку. Але яны зноў прыйшлі ды не рэагавалі на заўвагі. Я кажу: дзеці, прайдзіце да мяне ў кабінет для гутаркі. А яны кажуць: а пайшоў ты… Ну, я ж дзядзька ўжо, у мяне ўнукі. Ну, я іх схапіў, каб адвесці ў кабінет. Яны сутыкнуліся…» (З інтэрв’ю для Радыё «Свабода»)

Таццяна Калгіна, псіхолаг:

«Гэта проста недапушчальна ў школе! Недапушчальна тое, што здарылася, гэта праблема, пра якую трэба гаварыць. Значыць, ёсць прадпасылкі, калі дырэктар перайшоў праз гэтую рысу, калі нішто яго не спыніла. Сітуацыя вельмі канфліктная. Канешне, у гэтага чалавека былі прычыны. Я магу шмат іх называць. Але ўсе гэтыя прычыны не апраўдваюць яго захаванне…»

Глядзі таксама
Каментары