«Каліноўскі мог бы атрымаць карту паляка». Палякі з Беларусі заклікаюць не забываць сваіх каранёў


Плакат кампаніі #ЯПаляк, зроблены на базе амерыканскага плаката «We Can Do It!» за часоў Другой сусветнай вайны

Фонд «Młode Kresy», зарэгістраваная ў Польшчы, заклікае грамадзянаў Беларусі польскага паходжання абраць падчас перапісу насельніцтва нацыянальнасць «паляк». У інтэрнэце кампанія праходзіць пад гэштэгамі #JestemPolakiem, #ЯПоляк, #ЯПаляк.

Ініцыятары кампаніі плануюць дагрукацца і да тых, хто не надта шмат часу праводзіць у інтэрнэце – валанцёры расклейваюць агітацыйныя плакаты і налепкі ў гарадах і мястэчках з найбольшай колькасцю этнічных палякаў – на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне і Браслаўшчыне (Віцебская вобласць).

Справка
«Перапіс насельніцтва – 2019» пройдзе ў Беларусі з 4-30 кастрычніка. У перапісе возьмуць удзел не менш за 12 500 перапісчыкаў. Інтэрнэт-перапісам плануецца ахапіць каля 25-30 % жыхароў нашай краіны.

«Мы хочам ахапіць гарады, дзе жывуць больш за 5 % палякаў. Гарадзеншчына ў прыярытэце, бо ў Лідзе – 37 % палякаў, больш за 50 % – у Шчучыне, 25 % – у Горадні, ну і Воранаўскі раён – лідар, там 80 % палякаў», – распавядае кіраўнік фонду «Młode Kresy» Міраслаў Капцэвіч.

Міраслаў Капцэвіч – нарадзінец Ліды. Жыве ў Варшаве. З’ехаў з Беларусі ў 2013 годзе паводле Стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага. Быў адным з актывістаў ініцыятывы «Палякі Гарадзеншчыны», заснаванай у 2011 годзе навучэнцамі Лідскага каледжу і «сябрамі з касцёлу». Паводле Капцэвіча, дзейнасць гэтай арганізацыі стала прычынаю ператрусу ў ягонай кватэры і ціску з боку міліцыі ды КДБ. Афіцыйная прэтэнзія беларускіх сілавікоў – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі – улетку 2019 года гэты артыкул скасавалі з КК РБ).

«Нашыя валанцёры жывуць у Беларусі. Мы грамадзяне гэтай краіны і патрыёты Беларусі. Мы паважаем беларускую мову і культуру. Але мы хочам захаваць і сваю культуру ды нацыянальную ідэнтычнасць. Асабіста для мяне Гарадзеншчына – мультыкультурнае месца. У адной вёсцы бабулькі размаўляюць з намі па-польску, а ў іншай па-літоўску, як напрыклад у вёсцы Пеляса, што ў Воранаўскім раёне. Але гэта людзі сталага веку. Моладзь цалкам русіфікаваная. Мне гэта не падабаецца», – кажа Міраслаў.

Міцкевіч, Касцюшка і Каліноўскі – нашыя

Агітацыйныя матэрыялы валанцёры расклейваюць на рэкламных тумбах і дошках для аб’яваў. «Młode Kresy» зрабілі рымейк амерыканскага плакату «We Can Do It!» за часоў Другой сусветнай вайны і змясцілі на ім слоган «Pamiętam, Kim Jestem!» («Я памятаю, хто я»), а таксама зрабілі налепкі ў выглядзе картаў паляка з фота Адама Міцкевіча, Кастуся Каліноўскага ды Тадэвуша Касцюшкі.

У сацсетках па-рознаму ставяцца да такой кампаніі.

«Мы правялі аналогію з тымі часамі, калі жыў Міцкевіч, Касцюшка і Каліноўскі. Глядзіце, напрыклад, Каліноўскі паходзіў са шляхты і размаўляў па-польску. “Мужыцкую праўду” ён выдаваў на беларускай мове адмыслова для сялянаў, каб тыя падтрымалі паўстанне [1863-1864 гг.]. Для палякаў Гарадзеншчыны, крэсавякаў, ён такі ж свой, як і для беларусаў. Калі б Каліноўскі жыў цяпер, то я не ведаю, хацеў бы ён атрымаць польскі пашпарт ці не, але фармальна падставы атрымаць карту паляка ў яго дакладна былі б», – жартуе Міраслаў Капцэвіч.

Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі жывуць 295 000 этнічных палякаў. У 1999 годзе іх было 395 000.

«Старэйшыя людзі паміраюць. Працаздольныя выязджаюць, а тыя, хто застаецца, забываюць пра свае карані. Я з самага дзяцінства ведаў, што я паляк. Адна мая бабуля размаўляла на трасянцы, а другая добра ведала польскую мову і вучыла мяне. Пры такой колькасці палякаў Беларусі польскую мову ведаюць няшмат [у 1999 годзе польскую назвалі роднай 16.5 % этнічных палякаў – Заўв. belsat.eu]. Дый увогуле людзі баяцца казаць пра тое, што яны палякі. Гаворка ідзе не пра маладых, больш пра старэйшых людзей», – тлумачыць ініцыятар кампаніі.

На 300 000 палякаў толькі дзве школы

У 2017 годзе фонд «Młode Kresy» зладзіў акцыю каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Маладыя людзі выйшлі на акцыю ў абарону гарадзенскай і ваўкавыскай школаў з польскай моваю навучання. Тады акцыю падтрымаў незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі (СПБ).

Пра сёлетнюю кампанію #ЯПаляк паведаміла інтэрнэт-выданне СПБ znadniemna.pl.

«У беларусаў і этнічных палякаў агульная праблема – павальная русіфікацыя. Гэта ненармальна, калі беларуская моладзь не разумее беларускай мовы і нават ставіцца да яе як да замежнай. А доступ да польскай мовы яшчэ больш абмежаваны. На амаль 300 000 палякаў у Беларусі толькі дзве польскамоўныя школы. Дарэчы, у беларускіх літоўцаў [паводле перапісу 2009 года, у Беларусі было 5087 літоўцаў] таксама дзве школы. Кожны народ павінен змагацца за сваю культуру. Мы не імігранты. Мы жывем на сваёй зямлі і хочам памятаць, кім мы ёсць», – рэзюмуе Міраслаў Капцэвіч.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў