«Калі я згубіўся, мяне ніхто не шукаў»... Хто і чаму добраахвотна ратуе зніклых бяз вестак


«Выйшаў па малако і не вярнуўся»… Амаль штодня міліцэйскія стужкі папаўняюцца паведамленнямі аб знікненні людзей. Міліцыя, згодна з пратаколам, шукаць пачынае праз содні. Раней – дапамогі можна прасіць у добраахвотных пошукавых атрадах, якія выязджаюць бадай у кожны куток Беларусі.

Фота: Belsat.eu

Карэспандэнтка «Белсату» Ларыса Шчыракова далучылася да пошукавага мерапрыемства аднаго з найстарэйшых атрадаў – «Сімурану», які ўзнік на Гомельшчыне 7 гадоў таму, мае каля 80 валанцёраў па ўсёй вобласці, а на рахунку ў яго сотні знойдзеных людзей.

Гэтым разам кропка збору сімуранаўцаў – Чачэрск, што ў Гомельскай вобласці. Тут 12 сакавіка бясследна знік мясцовы жыхар – Яўген Сірэнка 1963 г. н. Выйшаў з дому і дагэтуль ягонае месцазнаходжанне невядомае. Ужо 14 сакавіка добраахвотнікі арганізавалі першыя, на жаль, беспаспяховыя пошукі. Праз тыдзень – другая спроба.

Фота: Belsat.eu

У кожнага свая мянушка і свой «квадрат»

Каардынатар Юрый дзеліць 7 асобаў на 3 групы і для кожнай вылучае на мапе квадрат. Ваня «Шустры» і Аляксей «Студэнт» шукаюць зніклага ўздоўж ракі Сож. Яўген Хадакоў «Апазіцыя» мае на машыне аб’ехаць некалькі вёсак, агледзець «заброшкі» (закінутыя будынкі з дахамі). Сам Юрый з валанцёркаю прачэсваюць некалькі азёраў вакол Чачэрску. Арэал пошуку вызначыла міліцыя, арыентуючыся на звесткі мабільных аператараў, датычныя геададзеных з мабільнага тэлефону зніклага.

Яўген Хадакоў едзе да вёскі Міхайлаўскае, дзе тыдзень таму скончыліся мінулыя пошукі зніклага.

«Зніклыя дзеляцца на дзве катэгорыі: тыя, хто згубіўся найчасцей за ўсё ў лесе (пераважна людзі ў ў сталым веку), і гэтак званыя «бягункі» – дзеці й падлеткі, якія ўцякаюць праз канфлікты са сваімі бацькамі, спрабуючы іх гэтак пакараць ці прыцягнуць увагу», – распавядае па дарозе Яўген.

Фота: Belsat.eu

Праца – пошукі – праца

19-гадовы гамяльчук Яўген Хадакоў далучыўся да атраду паў гады таму, але на ягоным рахунку ўжо дзясяткі пошукаў і знойдзеных людзей.

«Першы раз пасля дзённай змены ў кавярні, нават не пераапрануўшыся, паехаў на начныя пошукі ў лесе. Вярнуўся раніцою і адразу на працу – на чарговую змену. Гэта не рэдкасць у нашай справе, у нас шмат вар’ятаў».

Ля рэчкі ў вёсцы Міхайлаўскае Яўген пакінуў Ваню і Аляксея, якія спраўдзяць бераг ракі, а сам кіруецца ў вёску Бердыж.

Фота: Belsat.eu

На Яўгенавай памяці каманда ўпершыню разбівалася на групы.

«Зазвычай утвараем ланцуг з дыстанцыяй у 2 – 3 метры паміж людзьмі і шукаем у лесе. Калі знаходзіш у лесе адзенне зніклага, то імаверна чалавек знаходзіўся ў перадсмяротнай агоніі, калі робіцца нясцерпна спякотна, чалавек скідае з сябе ўсе рэчы і гіне. У такім выпадку ў радыусе 100 метраў мы ўжо знаходзім труп».

У вёсцы Бердыж у закінутай хаце Яўген фатаграфуе пусты пачак ад «Міравазіну» і закрутку ад бутэлькі з пад гарэлкі, пазначае лакалізацыю на трэкеры і дасылае інфармацыю каардынатару групы. У гэтай жа вёсцы аглядае іншыя закінутыя хаты.

Фота: Belsat.eu

У вёсцы Іванаўка размаўляе з мясцовымі жыхарамі. Яны ўжо ведаюць пра знікненне і што зніклы працаваў лекарам у шпіталі. Кажуць – бачылі яго на аўтавакзале ў Чачэрску 13 сакавіка.

Фота: Belsat.eu

«Мясцовых вельмі часта падводзіць памяць, яны блытаюць людзей, мясціны і час ды ўпэўнена пераказваюць плёткі, таму гэтую інфармацыю даводзіцца ставіць пад сумнеў», – тлумачыць Яўген.

У дарозе да вёскі Іванаўка маладзён дае некалькі парадаў.

Як сябе паводзіць, каб не згубіцца ў лесе:

– добра наладуйце мабільны тэлефон,

– апраніце яскравую вопратку,

– вазьміце запас ежы і піцця, запалкі.

Калі ўсё ж заблукалі:

– не панікуйце,

– ідзіце на гук дарогі ці гаспадарчай дзейнасці,

– калі ўбачыце чырвоныя квартальныя слупы, паведаміце іх нумар у МНС,

– уночы развядзіце агонь ды зрабіце сховішча з галінак.

Аб’ектыў
Куды звяртацца, калі блізкі чалавек не вярнуўся дамоў?
2019.04.22 23:05

Вёска Іванаўка, а за ёю і адселеная вёска Сябровічы з часткаю ракі ля яе, закінутая ферма, будынак былога клубу, мост і канава… пошук вынікаў не дае, і добраахвотнік паведамляе пра гэта каардынатару.

Чаму «Апазіцыя» дапамагае людзям знайсціся

Фота: Belsat.eu

– Саныч, Апазіцыя, – закрылі да мосту, пад мостам пралазілі ўлева і ўправа, нічога цікавага, ад слова «зусім», – рапартуе каардынатару Яўген.

– Вам насустрач пайшлі Шустрык і Студэнт, састыкуйцеся з імі, каля вёскі агледзьце бераг Сажа, там ён блізка падыходзіць – адказвае той.

Пад час абеду высвятляем, чаму ў Яўгена такая мянушка: «Я калі прыйшоў у атрад, размаўляў па-беларуску і мяне назвалі «Бэнээфаўцам». Я патлумачыў, што ніколі не быў сябрам гэтай партыі і мяне сталі называць «Апазіцыяй».

Далей групы спраўджваюць абодва берагі ракі. Праз кожныя 10 хвілінаў аглядаюць вопратку і скідваюць з сябе кляшчоў, якіх увесну процьма ў высокай траве. Праз кіламетр хмызняк уздоўж ракі робіцца непраходны і група вяртаецца назад. Ля машыны ўжо чакаюць іншыя валанцёры. Вечарэе. У пункт збору ў Вазнясенску ўсе удзельнікі каманды прыбываюць амаль адначасова і з адмоўнымі вынікамі.

Фота: Belsat.eu

Такое здараецца раздзей, таму Яўген заклікаў кожнага неабыякавага далучацца да пошукавых атрадаў.

«Я аднойчы быў у сітуацыі, калі згубіўся, і мяне ніхто не шукаў… Гэта маральна вельмі цяжка, таму буду дапамагаць людзям, якія трапілі ў такую нядобрую сітуацыю».

Па дарозе ў Гомель маладзён дамовіўся ўжо заўтра ўдзельнічаць у пошуку ў Жлобінскім раёне. Мужчына скочыў у раку. Далейшы лёс – невядомы.

Ларыса Шчыракова Belsat.eu

Стужка навінаў