У Міністэрстве эканомікі адбылася чарговая сустрэча працоўнай групы пры Грамадска-кансультатыўнай радзе ў пытаннях развіцця прадпрымальніцтва.
Мікрапартыя тавару коштам не болей за $ 1000 без накладных, – такую прапанову зрабілі індывідуальныя прадпрымальнікі.
«Будзе вельмі добра, калі гэту рэч зацвердзяць. Нават неабходнасць у мітынгах адпадзе, – расказала «Белсату» лідарка віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч. – Праўда, пакуль не магу дакладна сказаць, як часта можна будзе ўвозіць такую партыю».
Яшчэ адно важнае пытанне, ад якога залежыць, ці змогуць ІП або выйсці на працу, або зачыняцца – амністыя для гандляроў, якія атрымалі штрафы ці канфіскацыю тавару з ліпеня 2014, пачаў дзеяць Указ №222, і да студзеня 2016. Паводле Ірыны Яскевіч, гэты пункт завіс у Міністэрстве па падатках і зборах.
Сёння з паседжання ў Мінэканомікі намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч хацела выдаліць прадпрымальнікаў, якія падпісалі заяву «Перспектывы» аб адмене Указу №222. Аднак іх удзел адстаялі іх калегі, іншыя дробныя гандляры.
Наступныя сустрэчы працоўнай групы запланаваныя на 26 лютага і 1 сакавіка. Заўтра на сядзібе партыі БНФ у Менску адбудзецца паседжанне камітэту выратавання прадпрымальнікаў. На нядзелю 28 лютага ІП дамовіліся зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы.
ХМ, belsat.eu