Качанава: практычна заўтра ўнясем новую канцэпцыю дэкрэту №3


У бліжэйшы час дакумент разгледзіць Лукашэнка, паведаміла кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава на нарадзе аб працы эканомікі і ацэнцы вынікаў года.

Паводле Качанавай, пытанні працаўладкавання хвалююць многіх беларусаў.

«Мы аналізуем гэту сітуацыю, яна сапраўды сур’ёзная. Тыя дадзеныя, якія нам перадалі аблвыканкамы, – гэта каля 500 тысяч непрацоўных», – адзначыла яна.

У дзяржоргане створана спецыяльная маніторынгавая група, якая рэгулярна выязджае ў найбольш праблемныя з пункту гледжання беспрацоўя рэгіёны рэспублікі.

«Мы бачым, і паводле ацэнак Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру, што гэта асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў нашай краіны. У розных рэгіёнах сітуацыя розная, але яна сапраўды сёння мае месца, і самазаспакойвацца тут нельга», – падкрэсліла Качанава.

Яна адзначыла, што за мяжой працуюць 97,6 тыс. беларусаў.

«Не знайшоўшы працы, яны проста зʼязджаюць. Трэба кропкава разглядаць кожны рэгіён. Напрыклад, Столін – там няма працы сёння. Трэба думаць, якія адкрываць вытворчасці і якія ствараць працоўныя месцы: і высокапрадукцыйныя, і невысокавытворчыя – працоўныя месцы павінны быць», – рэзюмавала яна.

Яшчэ ў жніўні Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка.

9 сакавіка Лукашэнка пастанавіў прыпыніць на год дзеянне дэкрэту пасля масавых акцый пратэсту па ўсёй Беларусі, аднак пазней неаднаразова нагадваў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Якія канкрэтна змены чакаюць дэкрэт, Лукашэнка не ўдакладняў, спаслаўшыся на тое, што «неаднаразова пра гэта выказваўся».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў