«Каб змяніць уладу і гісторыю» – аповед украінскага актывіста


Саша шмат паліць, мала гаворыць і яшчэ радзей усміхаецца, нібыта прыгнечаны нейкім душэўным цяжарам. Мінулы год быў для яго часам вялікіх пераменаў. Цягам некалькіх месяцаў з гандлёвага дырэктара ў фірме, якая распаўсюджвала сродкі гігіены, ён стаўся адным з кіраўнікоў сотні на Майдане, а потым добраахвотнікам Нацыянальнай гвардыі, які адправіўся ваяваць на ўсход Украіны. Цяпер Саша рэгулярна ездзіць на Данбас з дастаўкамі харчоў для вайскоўцаў. На шляху ў Славянск Саша распавёў пра тое, як змянілася ягонае жыццё.

Чалавек апалітычны

З 1995 года я жыў і працаваў у Данецку, дзе кіраваў прадстаўніцтвам кампаніі, якая гандлявала хатняй хіміяй і сродкамі гігіены. Пазней я змяніў сферу і гандляваў у Данецку кавай. Распачаўся крызіс – фінансавыя ўмовы пагоршыліся, таму ў 2010 годзе я вярнуўся ў Кіеў, дзе мяне зноў прынялі на пасаду гандлёвага дырэктара фірмы, якая прадавала хімію. Гэтак я дачакаўся Майдану.

Перад гэтым я свядома пазбягаў палітыкі. Я не хацеў пагружацца гэта г… ўно. Я не браў удзелу ў Аранжавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, бо жыў тады ў Данецку і толькі наездамі бываў у Кіеве. Падзеі 2004 года, як і шмат каго, напоўнілі мяне надзеяй. Але пасля гэтага яшчэ большым было расчараванне палітыкай новай каманды. Гэта адбіла ў мяне цікавасць да палітыкі.

Майдан мусіў здарыцца

Майдан не быў для мяне сюрпрызам. Я добра ведаў, якім вырадкам быў Віктар Януковіч. Улада «Партыі рэгіёнаў» для чалавека, які кіраваў фірмай у Данецку, была татальным ціскам з боку кантрольных і падатковых органаў. Дзеля таго, каб весці бізнес, трэба было без перапынку даваць хабары. Альбо плаціш, альбо марнуеш мноства часу, альбо ўвогуле застаешся ні з чым, нічога не вырашыўшы. А памер хабараў увесь час павялічваўся, гэтаксама як і ўзровень нахабства тых людзей. Тыя, хто пры ўладзе, дэпутаты, пракуроры, чыноўнікі і бізнесмены пачуваліся зусім беспакаранымі. Хтосьці з такіх мог пераехаць чалавека на пераходзе і не заплаціць нават штрафу. Высветлілася б, што гэта пацярпелы сам вінаваты. Калі ты не мог заплаціць, то заўсёды быў вінаваты.

Я не чакаў аднак, што ўсё пачнецца з няспраўджаных надзеяў украінцаў, бо ўлады Украіны адмовіліся падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам. Інтэграцыя ў Еўропу не была для мяне самым важным. Хоць я і хачу, каб Украіна ўвайшла ў Еўразвяз, для мяне гэта не было прычынаю, каб я выйшаў на дэманстрацыю. Я хацеў змагацца з той поскуддзю. Я з’явіўся на Майдане ўжо 30-га лістапада (2013 года – Belsat.eu), на наступны дзень крывавага разгону студэнтаў на Майдане. Праз два тыдні пратэстаў я зразумеў, што гэта не скончыцца мірна і пальецца кроў.

Ад натоўпу да Майдану

Усё пачалося з Міхайлаўскага сабору (святыня Кіеўскага патрыярхату – Belsat.eu), які спярша адчыніў свае дзверы для пабітых студэнтаў, што хацелі схавацца ад міліцыі, а потым для пратэстоўцаў, якія пачалі там арганізоўваць першыя пункты збору харчоў, прававой дапамогі ды інфармацыі. Другі этап фармавання Майдану – гэта стварэнне самаабароны. Гэта адбылося падчас дэманстрацыі (1 снежня 2013 года – Belsat.eu) супраць збіцця студэнтаў. Тады ўзніклі аддзелы для аховы дэманстрантаў. Правы бок калоны ахоўваў аддзел, які пазней назвалі «Правым сектарам», чальцы якога ўжо тады ўзброіліся ў палкі і ланцугі. На левым баку калоны сабраліся іншыя добраахвотнікі. Я далучыўся да іх, упершыню ў жыцці надзеўшы будаўнічы шалом. Мы суправадзілі дэманстрантаў да Паштамту на Хрэшчатыку (галоўная вуліца Кіева – Belsat.eu). Мы ішлі вельмі доўга, магчыма, цягам дзвюх гадзінаў, там было вельмі шмат людзей. Калі мы прыбылі, я спытаўся ў іншых, што рабіць далей. Яны сказалі, што наша місія завяршылася, і мы можам разыходзіцца. Дэманстранты, аднак, ужо занялі Хрэшчатык і пачалі будаваць мястэчка. Гэтак узніклі першыя барыкады і кантрольныя пункты.

«Каб змяніць уладу і гісторыю»

Я стаяў на адным з кантрольных пунктаў, маім заданнем было не прапускаць п’яных і падазроных асобаў. Я правёў там першы тыдзень і пазнаёміўся з першымі баявымі таварышамі, напрыклад, з Уладзіславам, музейным работнікам, з якім я дагэтуль супрацоўнічаю ў фондзе. Наш пункт атрымаў свой нумар – №31. На ім дзяжурыла вельмі шмат інжынераў, а я меў арганізатарскі досвед, разам мы пабудавалі свой участак барыкады з гумовых апонаў, агароджаў і калючага дроту. Тады я яшчэ намагаўся сумяшчаць працу з Майданам. Я сказаў шэфу: »Рабі са мной, што хочаш, але я мушу там быць«. Ён паставіўся з разуменнем, але папрасіў усё ж прыходзіць на працу, прынамсі праз дзень ці пасля абеду. Уначы я стаяў на Майдане, а раніцай вяртаўся дадому, каб крыху паспаць, а пасля абеду я ішоў на працу. Гэтак мінула паўтара тыдня. У той самы час пачаліся правакацыі «цітушак», кожны дзень мы чакалі атакі з іхнага боку. Пазней пачалі арганізоўвацца сотні. Мой прыяцель Уладзіслаў трапіў у штаб трэцяй сотні і перацягнуў мяне туды. Камандзірамі сотняў былі людзі з вышэйшай адукацыяй, прадпрымальнікі і «гарачыя галовы». Усе ведалі, навошта сюды прыйшлі, – каб змяніць улады і гісторыю.

Баі   

Чальцы маёй сотні адыгралі важную ролю ў перамозе. Калі забілі двух першых пратэстоўцаў, 22 студзеня, беркутаўцы акружылі часовы шпіталь на вуліцы Грушэўскага. На сваю бяду туды завіталі з праверкай тры высокапастаўленыя афіцэры міліцыі, адзін з іх быў нават генералам ці палкоўнікам. Чальцы 3-яй сотні, якія тады заставаліся ў шпіталі, узялі міліцэйскіх начальнікаў у палон і прыстрашылі: калі «Беркут» не адыдзе, афіцэры могуць пацярпець. Адзін з палонных міліцыянтаў перадаў праз рацыю беркутаўцам, каб тыя адышлі да стадыёну «Дынама». Барыкада на Грушэўскага зноў перайшла ў рукі пратэстоўцаў. Я прывозіў туды на машыне апоны, якія палілі штовечар.

Тады я спаткаў Міраслава (кіраўніка фонду – Belsat.eu) – тагачаснага актывіста Аўтамайдану (група арганізаваных калон аўтамабілістаў, адно са структурных падраздзяленняў Еўрамайдану – Belsat.eu). Ён займаўся лагістыкай Майдану. Падчас баёў у Марыінскім парку беркутаўцы схапілі і моцна збілі кіраўнікоў 3-яй сотні. Тады я ўзначаліў штаб, а Міраслаў пачаў кіраваць лагістыкай.

Страх

Майдан добра нас загартаваў перад баямі на Данбасе. Тады я ўпершыню адчуў сапраўдны страх. Жах, што ахутаў мяне, быў нібы цяжкая коўдра, накінутая на мяне. Здарылася гэта ў той дзень, калі па нас стралялі снайперы. Чатыры разы я хацеў уцячы. Я не спаў двое содняў, і толькі шукаў нагоды, каб пакінуць Майдан. І калі я толькі знаходзіў прычыну, каб сысці, адразу ж з’яўлялася новае заданне, і я мусіў застацца. Снайперы стралялі з чатырох бакоў, кожная хвіліна магла стаць для мяне апошняй. Калі ты толькі з’явіўся ў касцы, мог адразу ж атрымаць кулю ў галаву. Калі чацвёрты раз я ўстрымаўся ад уцёкаў, толькі тады адчуў, што мяне пакінуў страх, а вера ў тое, што я раблю, вярнулася.

З Майдану ў Нацыянальную гвардыю

Пасля перамогі Майдану мы назіралі, што адбываецца. Праз месяц у штаб нашай сотні пачалі вяртацца людзі, якія ачунялі пасля збіцця: сотнік Глобус, Жэня, якога 4-ры разы ўратавалі ад смерці, Артур, якога 10 хвілінаў збівалі жалезнымі ламамі. Калі Расея акупавала Крым, а ўкраінскія вайскоўцы пачалі складаць зброю, кіраўнік Самаабароны Майдану Андрэй Парубій пачаў арганізоўваць добраахвотніцкія батальёны. Мы вырашылі з Міраславам далучыцца. Каля 500 майданаўцаў паехала на палігон, дзе нас навучылі страляць. Хоць тады мы яшчэ выдурняліся, таму нам давалі па 6 патронаў на тыдзень. Пазней іх выдавалі цэлымі скрынкамі. Мы вучыліся весці бой урукапашную, будаваць умацаванні. Я ніколі не служыў у войску, зрэшты як і Міраслаў. Калі нам загадалі капаць акопы, мы доўга смяяліся, што нам гэта не прыдасца. Мы лічылі, што будзем змагацца ў гарадах. Аднак, аказалася, што да сённяшняга дня каля 80 % жаўнераў змагаецца ў акопах. Навука аказалася вельмі карыснай.

Спатканне з былым ворагам

Падчас баявога рыхтавання было шмат нюансаў, звязаных з сілавікамі Міністэрства ўнутраных справаў (якія перад гэтым задушвалі Майдан – Belsat.eu). Мы ўсё ж прабачылі, што яны… Мы ведалі, што будзем змагацца разам. Мы размаўлялі з імі, часта мы пазнавалі твары, якія мы бачылі на іншым баку барыкадаў падчас Еўрамайдану. Яны хадзілі паміж намі і елі ў той жа сталоўцы. Спачатку яны ставіліся да нас надзвычай негатыўна, аднак і яны былі вельмі добра знаёмыя з сапраўдным абліччам папярэдняга рэжыму. Яны выконвалі загады, і гэта вельмі спрэчна, ці маглі адмовіцца. Сілавікі ведалі, што праўда была за намі, мы перамаглі, і калі б захацелі, то за два дні разнеслі б іхную базу. Спачатку яны нават баяліся выдаваць нам зброю, Тады да нас прызначылі Кульчыцкага (генерал-маёр Сяргей Кульчыцкі – начальнік Цэнтру баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі Нацгвардыі Украіны, загінуў 29 траўня 2014 года пад Славянскам у верталёце, які збілі сепаратысты – Belsat.eu). Спачатку мы ставіліся да яго негатыўна, але пакрысе ён здабыў наш давер. Спачатку нас было 480, пасля прысягі засталося 280. Гэта былі чатыры няпоўныя кампаніі, якія першымі пайшлі ў бой. Нас адправілі адразу ў Паўлаград, і там цягам двух з паловай тыдняў мы стаялі на дарожных блок-пастах. Мяне прызначылі камандзірам узводаў.

14 гадзінаў нянавісці

28 або 29 траўня нас прывезлі пад Славянск, а потым пасадзілі ў верталёты, і даставілі кудысьці ў голае поле, дзе ішлі сапраўдныя баі. Тым не менш мы былі ў добрым настроі, мы ўсе гэтага чакалі. Мы не меркавалі, што нас могуць выслаць у першую лінію, мы думалі, што будзем проста дзяжурыць на пастах. Мы трапілі ў Андрыіўку, на мост паміж Славянскам і Краматорскам, дзе жаўнеры 95-га паветрана-дэсантнага атраду знішчылі блок-пост сепаратыстаў. Як толькі дэсантнікі занялі мост, іх акружылі так званыя «мірныя» грамадзяне з крыкамі: «Слава Пуціну, слава Расеі». Жаўнеры не спалі другую ноч і папрасілі, каб мы іх аддзялілі іх ад грамадзянскіх асобаў. Тыя без перапынку намагаліся нам нешта сказаць. І мы, якія перажылі Майдан, мусілі цягам 14 гадзінаў выслухоўваць, што мы «під…расы», «фашысты», «прыйшлі на іх зямлю і скінулі іх прэзідэнта». Слова «Майдан» яны вымаўлялі з вялікай злосцю і нянавісцю. Сярод іх бегалі платныя правакатары, якія кіравалі «натоўпам», удзельнікі якога ўвесь час змяняліся. Кожную гадзіну яны нібы выплюхвалі на нас цэбары з памыямі. Потым яны перагарадзілі нам дарогу з аднаго боку лакаматывам (побач быў чыгуначны шлях), а з іншага – цяжкавіком. З часам у натоўпе з’явіліся злачынцы і былыя турэмныя зняволеныя, якіх выдаваў іхны жаргон. Ім аднекуль даставілі скрынкі, у якіх, як мы падазравалі, былі бутэлькі з запальнай сумессю. Неўзабаве з’явіліся паведамленні, што непадалёк невядомыя напалі на нашых вайскоўцаў ды захапілі два аўтамабілі і зброю. Тут усё мела разыграцца паводле Крымскага сцэнара – акружыць і раззброіць.

Глядзець>>> Матэрыял пра блакаванне мосту ў Андрэеўцы паказаў расейскі тэлеканал (ад 1:19) 

У інтэрнэце размясцілі відэа, на якім бачна, як лакаматыў заблакаваў дарогу украінскім вайскоўцам.

Інцыдэнт

Калі з дапамогай да нас пад’язджаў чарговы аддзел 95-га атраду, адзін з найбольш актыўных правакатараў кінуўся на капот «Хамера», які ехаў спераду. Мужчына трапіў пад колы – аўта праехалася яму па нагах. Сярод тых, хто нас заблакаваў, узняўся крык, патрабаванні, каб мы выдалі кіроўцу «Хамера». Яны пагражалі, што яго разарвуць. Усё пачалося наноў. Да нас прыязджалі таксама прадстаўнікі самазваных уладаў са Славянску і Краматорску. Было ясна відаць, што гэта былыя вязні, якія на турэмным жаргоне патрабавалі, каб мы здаліся.

 Індыцэнт каля мосту ў Андрэеўцы:

Першы выстрал

Калі настаў вечар, мы пастанавілі пакінуць мост. З двух бакоў ад яго прыхільнікі сепаратыстаў паклалі апоны. Да таго ж пачалася моцная залева. Мы ж мелі адзін камплект уніформы і змоклі да ніткі. Некалькі гадзінаў, калоцячыся ад холаду, мы вялі перамовы з грамадзянскімі, пазней пад’ехалі крымінальнікі. Яны сказалі: «Мы выпусцім дэсантнікаў, але Нацгвардыя застаецца». Тады ўпершыню я адчуў вялікі гонар, што я – з гвардыі. Наступная група «перагаворнікаў» запатрабавала, каб мы вынялі магазіны са стрэльбаў. Трэцяя група дамагалася, каб мы аддалі ўсю зброю. Тым часам сцямнела, і на мост пачалі прабірацца былыя турэмнікі. Потым з’явіліся нейкія казакі, які хваліліся, што ўжо збілі два нашыя верталёты, і нам таксама будзе «п…здзец». Я ўдзячны Кульчыцкаму, які даў загад адкрыць агонь у крытычнай сітуацыі. Дэсантнікі не мелі такога выразнага распараджэння.

Матэрыял пра падзеі ў Андрэеўцы зрабіў таксама расейскі дзяржаўны тэлеканал (ад 2:58) з’яўляецца Саша:

Я не ўдзельнічаў у перамовах, бо ў мяне не было адпаведнага вайсковага звання. Тым не менш, я запытаў жаўнера, які праходзіў побач, як выглядае сітуацыя. Ён адказаў, што нас не выпусцяць. 10 секундаў мне хапіла, каб зразумець, што з намі канец. Мы зноў прыладзілі магазіны. Тады я перажыў самыя нервовыя 10 хвілінаў майго жыцця. Раптам 250 вайскоўцаў пачалі ўсе разам страляць у паветра. Я спачатку не разумеў: навошта? Кожны выстраляў па паўтара магазіна, а кожны трэці патрон быў светлавы. Гук быў незвычайны. А тыя п…дарасы ( сепаратысты – Belsat.eu) пачалі цешыцца і пляскаць у ладкі, думаючы, што мы проста выстрэльваем нашыя боепрыпасы.

На месцы падзей таксама быў рэпартэр CNN:

Прарыў з боем

Нашыя браневікі былі падрыхтаваныя да выезду, але тыя, хто трымаў нас у аблозе, заблакавалі колы. Я хадзіў паміж машынамі і страляў па-над галовамі тых, хто круціўся каля іх. Я выйшаў у галаву калоны, а спераду стаялі толькі радавыя, камандзіры былі ў машынах. Я закрычаў: «Ачысціць дарогу, выходзім!». Мы адсоўвалі апоны, а з іншага боку іх кідалі назад на асфальт. Выскачыў нейкі мужык, пачаў рваць на грудзях кашулю і моцна крычаць. Дэсантнікі падаліся ўперад, і раптам пачуўся стрэл – аднаго з іх забілі. Каля нас прызямліўся кактэйль Молатава, які, аднак, сепаратысты забыліся падпаліць. Потым прыляцеў яшчэ адзін, які трапіў у дэсантніка побач са мною. Я адскочыў, зачапіўшыся нагою за напалову спаленую апону. Я ўпаў, і гэта, можа быць, уратавала мне жыццё. Я кінуўся да дэсантнікаў з пытаннем: «Хто можа страляць у людзей?» Нехта ўклаў мне ў руку дзве шумавыя гранаты. Я кінуў у натоўп. У той самы момант іншыя зразумелі, што нас не выпусцяць, і пачалі страляць. Я і яшчэ некалькі чалавек ачышчалі дарогу ад апонаў. Я даў каманду, каб машыны ехалі. Тады мы ўжо пракладалі дарогу Калашнікавымі. Паводле дадзеных выведкі, мы паклалі 80 чалавек. Мы разумелі: альбо яны нас, альбо мы іх. Мы ехалі наперад, трушчачы аўты, што блакавалі дарогу.

Забіць ворага

Я бачыў, што я трапіў камусьці ў жывот, і не шкадую пра гэта. Бо калі цягам 14 гадзінаў чуеш, што ты п…дарас ад людзей, для якіх зрабіў нешта годнае, з чыстага сэрца, а не за грошы… Я не ганаруся гэтым. Вядома, было б лепш, калі б нам насупраць выйшаў роўны нам сілай праціўнік. Але Расея не вядзе сумленнай барацьбы. Гэта быў наш першы бой. Але я ганаруся тым, што мы знайшлі выйсце з той сітуацыі. Дэсантнікі казалі, што без нас яны б не ведалі, што рабіць. Мы былі першымі, каго не пазбавілі зброі гэткім чынам. Потым т.зв. «грамадзянскія» больш нікому не адбіралі зброі. Гэта быў паваротны момант.

Жыццё пад агнём

Пасля гэта мы акапаліся недалёка – на гары Карачун, дзе яшчэ тры дні таму сядзелі 50 сепаратыстаў. Мы правялі там 60 дзён. Штодзённа нас абстрэльвалі з мінамётаў, самаходных артылерыйскіх установак, стралялі са снайперскіх вінтовак. Мы спаткалі там восем беркутаўцаў, якія змагаліся супраць нас на Майдане. Яны аказаліся файнымі хлопцамі, мы нават пасябравалі. Яны бачылі, што мы ваюем разам. Праз гэта мы чулі павагу адзін да аднаго і маглі на сябе разлічваць у баі. Тых васьмёра хлопцаў забілі разам з Кульчыцкім (у выніку збіцця сепаратыстамі верталёту – Belsat.eu). Яны ляцелі акурат на пабыўку дахаты – праз два дні мелі быць ўдома.

З Карачуна мне давялося выязджаць на акцыі ў ваколіцы Славянску. Незвычайнай была аперацыя, калі мы адцягвалі ўвагу сепаратыстаў ад нашых жаўнераў, якія пайшлі ў атаку на краматорскі аэрапорт. Мы мелі заданне пад’ехаць як мага бліжэй да сепаратыстаў на транспарцёрах і ўцягнуць іх у бой. Потым іх павінна была нішчыць наша артылерыя. Мы былі ў нейкіх 600-ах метрах ад ворага.

Ваяваць ці дапамагаць?

Пад Славянскам мы правялі 60 дзён, а потым нам далі водпуск на 10 дзён. Нас жа не пакідала ў спакоі пытанне: альбо едзем ваяваць, альбо застаемся і дапамагаем. Мы не былі гэтак добрымі жаўнерамі як дэсантнікі, мы не змаглі б правесці вулічны бой гэтак, як дэсантнікі. Ты не менш, мы выконвалі, даручаныя нам заданні. Калі нас зноў сабралі, то паведамілі, што мы не будзем больш ваяваць – нас накіроўвалі на блок-пасты, дзе мы мелі быць мясцовай міліцыяй. Тады я вырашыў пакінуць гвардыю. Я вярнуўся на працу, але без пачуцця сэнсу. Арганізацыя продажу вымагае перадусім веры ў тое, што робіш. Я зразумеў, што да таго часу, пакуль існуе вайна і паміраюць мае сябры, я не змагу прадаваць туалетную паперу.

Калі мы былі на Карачуне, я пасябраваў з Юрам з арганізацыі «Армія SOS». Мой іншы сябра Міраслаў пачаў вазіць на фронт з гэтай арганізацыяй харчы і боепрыпасы. Ён неяк распавёў мне, што праз гэта адчуваў сябе лепш і спакайней. Ён намаўляў і мяне заняцца дапамогай войску. Калі ён сказаў мне, што гатовы заснаваць сваю арганізацыю, я кінуў працу. Людзі, якія працуюць з намі ў арганізацыі (фонд «Мір і Co» -Belsat.eu) – гэта пераважна знаёмыя нашых знаёмых. Потым да нас далучыліся тыя, каго мы ведалі з Майдану. Яны, аднак, маюць менш часу, бо паралельна мусяць працаваць.

Нянавісць да Украіны?

Мяне адольваюць злыя думкі, калі я бачу, што трэба дапамагаць уцекачам, якія яшчэ нядаўна крычалі: «Расея, Расея!», асобам, якія прыходзілі арыштоўваць свайго сваяка, які вывесіў украінскі сцяг. Нянавісць да Украіны нараджаецца з агульнага псіхозу, які, у сваю чаргу, паўстае з неўсвядомленасці, у якім г…ўне жывуць людзі. Данбас – гэта дэпрэсіўны рэгіён, у якім на будоўлях працавалі турэмнікі і неадукаваныя людзі. Я не чакаў аднак, што нам могуць зрабіць нешта падобнае. Аказалася, што гэтыя людзі маюць у галовах сметнік і нянавісць, якая глыбока пусціла свае карані. А цяпер яны забіваюць адно аднаго. Данбас стаўся царствам галаварэзаў, якія дзеляць уплывы, дзе людзі працуюць за бульбу ды грачнёвую кашу. Некаторыя з іх мусяць ваяваць, каб пракарміць свае сем’і. Я не размаўляў з сепаратыстамі, у скрайнім выпадку, мы выцягвалі з іх звесткі, хоць я і намагаўся паўстрымаць падначаленых ад самых жорсткіх метадаў.

Самадастатковая армія

Мы не маем добрых менеджараў, якія маглі б забяспечыць войска ўсім неабходным. На Карачуне амаль 100% патрэбнага мы мусілі раздабыць самі. За гэта адказваў Міраслаў, які перад гэтым быў лагістам на Майдане. Мы дзяліліся таксама з дэсантнікамі, беркутаўцамі і артылерыстамі. Толькі праз некаторы час у нас з’явілася палявая кухня. Армія атрымлівала толькі кансервы, пярловую кашу, хлеб і агідныя сухпайкі. А мы мелі садавіну, гародніну і нават маянэз.

Тупасць і зладзейства

Каб дзяржава пачала функцыянаваць належным чынам – трэба было б змяніць усю структуру. Да сённяшняга дня пануе тут тупасць, зладзейства і марнатраўства: рэчы марнуюцца на складах альбо трапляюць у атрады, у якіх яны не патрэбныя, а жаўнеры тым часам цягам некалькіх тыдняў чакаюць, напрыклад, ботаў, бо іх вязуць вельмі доўга. Да таго ж тэндэры па дамоўленасцях – замаўляюць пастаўкі ў сваіх сяброў па адмыслова завышаных коштах. Купляюць летнія рэчы, калі трэба набываць зімовыя. Мы ведаем, што і каму патрэбнае, загружаем рэчы ў машыны і завозім.

Улады задаволеныя валанцёрамі, кажуць, што мы – «супер», але пры гэтым забываюць, што мы амаль усё робім за іх. Яны спрабуюць арганізоўваць нейкія нарады пры прэзідэнце. Мы некалькі разоў былі на гэтых спатканнях і бачылі, як на іх штучна ўздымаюць воплескі. Нядаўна яны прапанавалі, каб усю нашу дапамогу змяшчаць найперш у іх цэнтралізаваных складах, а яны самі будуць развозіць. Мы не хочам удзельнічаць у гэтым г…ўне. Калі нешта і мяняецца ў краіне, то вельмі марудна, і толькі дзякуючы людзям, для якіх сапраўды вельмі важныя змены. Астатнім па-ранейшаму ўсё роўна.

Дапамагаць ці ваяваць?

На дадзены момант мы займаемся фондам, і, калі ўдасца перадаць паўнамоцтвы людзям, якіх мы цяпер рыхтуем, то плануем заняцца нечым іншым. Калі пачнецца наступ, мы пойдзем змагацца. Калі закончыцца вайна, мы будзем дапамагаць сем’ям жаўнераў, якія загінулі, зоймемся рэабілітацыяй жаўнераў, направай знішчанага.

А можа палітыка?

Міраслаў, калі б захацеў, мог бы стаць дэпутатам, але цяпер ёсць важнейшыя заданні – перамагчы ў вайне, напрыклад. Мы не хочам браць удзелу ў новым падзеле здабычы. Аднак, не ўсё ідзе так кепска, бо незваротна змянілася ментальнасць людзей. Яны цягам 80 гадоў не разумелі, што могуць нешта змяніць, а цяпер ведаюць: калі будуць дзейнічаць разам, то могуць значна змяніць гісторыю. Для зменаў патрэбны таксама рэвалюцыйны запал, а праз мярзотніка Пуціна людзі ведаюць, што нельга сядзець са складзенымі рукамі. Вайна паказала, хто на чыім баку стаіць, нават калі шмат хто перафарбаваўся па дарозе. Цягам найбліжэйшых гадоў будзе магчымасць пазбавіць гэтых людзей улады. Ім проста не дадуць жыцця тыя, хто вернецца з фронту.Rozmawiał Jakub Biernat 

jb/Biełsat

www.belsat.eu/pl/

Стужка навінаў