Неспадзяванка чакала вучняў і бацькоў, якія прыйшлі сёння ў сталічную школу № 71. Замест таго каб пайсці на заняткі, дзеці стаялі ў чарзе да ўваходу ў будынак.
На здымку, які чытачы Tut.by даслалі ў рэдакцыю, бачна, што чарга была доўгая. Паведамляюць, шмат хто спазніўся на заняткі.
Дырэктарка школы размаўляць з Belsat.eu не захацела, спаслаўшыся, што «ў інтэрнэце ўжо пра ўсё напісалі».
Сапраўды, напісалі. Аказалася, ва ўстанове запрацавала сістэма электронных пропускаў. З тлумачэнняў адміністрацыі вынікае: чарга ўзнікла таму, што вучні старэйшых класаў пачалі прыходзіць за дзесяць хвілінаў да пачатку заняткаў.
У навучальнай установе мяркуюць, што з заўтра такой праблемы не будзе.
«Па-першае, дзеці ўжо ўбачылі, як працуе сістэма і, хутчэй за ўсё, будуць разлічваць ранішні час па-іншаму. Па-другое, дзецям яшчэ раз нагадаюць, каб яны прыходзілі крыху раней».
У сацыяльных сетках звярнулі ўвагу на гэтую фармулёўку.
«Дык давайце ў школе спальнікі зробім. І нікуды хадзіць не трэба будзе» – адзін з каментароў.
ДР belsat.eu