Браслаўская раённая газета «Браслаўская звязда» на сваім сайце зладзіла апытанне, на якой мове павінны быць шыльды на ўстановах у раёне. Цягам месяцу больш за 90 % апытаных выказаліся за беларускую мову. Але вынікі галасавання адмянілі чыноўнікі, піша «Наша ніва».
Вынікі апытання анулявалі ў мясцовым райвыканкаме. Намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольга Вялічка прыняла такое рашэнне пасля звароту прарасейскага актывіста Арцёма Агафонава. Той абурыўся вынікамі і напісаў зварот у выканкам. Агафонаў лічыць, што галасаванне сфальсіфікаванае.
У рэдакцыі газеты «Браслаўская звязда» лічаць, што закіды пра фальсіфікацыю не маюць абгрунтавання.
«Чалавек заходзіць на старонку, галасуе і ўсё. Якая тут можа быць фальсіфікацыя? Тым больш што з тэхнічнага боку я не назіраў, каб нешта фальсіфікавалася», – распавёў «Белсату» рэдактар сайту выдання.
Апытанне наконт мовы на шыльдах установаў ініцыяваў Браслаўскі райвыканкамам месяц таму. Меркавалася, што па яго выніках і будзе вырашацца, якая мова будзе пераважаць у афармленні гораду.
Намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольга Вялічка пакуль не даступная для каментара.
СК belsat.eu