Беларусы, якія пастаянна размаўляюць на роднай мове, часта чуюць у адказ «размаўляйце па-чалавечы», «што, вы не можаце нармальна гаварыць?». Усё гэта – прыклады абразы дзяржаўнай мовы. Калі вы такое пачулі, лёгка можаце дамагчыся штрафу для суразмоўцы ці нават звальнення чыноўніка або афіцыянта.
Марыя напрыканцы лета вырашыла наведаць культурную сталіцу Беларусі – Пінск. Зайшла ў забаўляльную ўстанову, звярнулася да працаўніка па-беларуску.
«І ён як пачаў!.. «Я не буду с вами разговаривать, я ненавижу белорусский язык, его вообще не существует и пошли вон!» – распавядае Марыя Грыц.
Марыя папрасіла кнігу скаргаў, дзе напісала пра здарэнне. Калі цягам 10 дзён не атрымала адказу ад кіраўніцтва ўстановы, даслала ліст у Пінскі гарвыканкам. Пасля гэтага на сувязь выйшаў дырэктар і распавёў, што не ведаў нічога пра гэты выпадак, бо той працаўнік выдраў аркуш з кнігі скаргаў.
«І з гэтым дзядзечкай пагутарылі, сказалі, што не можна абражаць мову, а за тое, што ён выдраў аркуш, яго яшчэ і зволілі», – кажа Марыя Грыц, якая скардзілася на абразу беларускай мовы.
Аліна Нагорная і Ігар Случак надрукавалі дапаможнік, у якім можна знайсці і адказ на пытанне: «Што рабіць, калі ў вас не атрымоўваецца пераканаць чалавека, што размаўляць па-беларуску – вашае законнае права?»
«Можна напісаць заяву па артыкуле 9.22 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях на тое, што гэта абраза дзяржаўнай мовы. Такую заяву трэба падаваць у выканкам, каб гэта спрацавала. І нельга зацягваць тэрміны. Яе трэба пісаць адразу», – распавядае Аліна Нагорная, аўтарка дапаможніку «Абаронім мову!».
Гэты артыкул цягне накладанне штрафу ад 4 да 10 базавых велічыняў. Тэрмін прыцягнення да адказнасці – 2 месяцы. Варта выкарыстоўваць скрыншоты, здымкі ды іншыя доказы як дадаткі да звароту.
«Таксама ёсць парушэнне аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асоб, згодна якому адказ павінен давацца на мове звароту. І ў дадзеным выпадку таксама трэба падаваць заяву па артыкуле 9.22. Акрамя гэтага, той, хто даў адказ не на мове звароту, будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці з запісам у працоўную кнігу», – распавядае Ігар Случак, аўтар дапаможніку «Абаронім мову!».
Ігар Случак з пачатку года ўжо напісаў 1500 зваротаў у дзяржаўныя ўстановы. Яны датычаць пашырэння ўжывання роднай мовы ў розных сферах: ад спорту да бізнесу. Таксама можна пісьмова звяртацца, каб замянялі расейскамоўныя ўказальнікі ды шыльды – на беларускамоўныя.
«Калі кіраўнік краіны сказаў, што ніхто не зразумее знак «Выконвай хуткасны рэжым», трэба яго перакласці, – яго пераклалі. І тады беларускамоўнае грамадства гэтым вельмі абурылася. І мы вырашылі, што гэта вельмі добры шанец прыцягнуць увагу людзей: у нас увогуле не так шмат беларускамоўных шыльдаў, указальнікаў», – кажа Аліна Нагорная.
Калі працаўнік кавярні ці рэстарану не разумее беларускай мовы або не здольны размаўляць з вамі, вы можаце папрасіць Кнігу заўваг і прапановаў і напісаць туды тэкст з просьбай праверыць прафесійную прыдатнасць працаўніка і папрасіць паведаміць вам аб захадах, прынятых паводле вашай заўвагі. Падаць заяву падобнага зместу можна і ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Бо згодна з законам «Аб мовах» работнікі арганізацыяў мусяць валодаць беларускай і расейскай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання сваіх службовых абавязкаў.
Падсумуем, што трэба рабіць, каб абараніць родную мову. Калі вам кажуць размаўляць на «чалавечаскім языке» ці ствараюць перашкоды і абмежаванні ў карыстанні беларускай мовай, варта напісаць заяву, каб прыцягнуць чалавека да адказнасці паводле артыкулу 9.22 Адміністратыўнага кодэксу. Калі на вашую заяву ці скаргу адказалі па-расейску, заяву можна пісаць ужо на аўтара адказу. Каб замяніць табліцу на вашым доме на беларускамоўную, часта дастаткова напісаць усяго адзін зварот у выканкам.
А каб чыноўнікі не забываліся, што ў краіне ёсць беларускамоўныя, пазначайце беларускую роднай мовай падчас перапісу насельніцтва – нават калі не размаўляеце на ёй пастаянна.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».