Фільм, які можа пазбавіць свабоды


Амаль праз тры гады пасля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі літоўскі партал «Delfi» публікуе фільм пра тыя падзеі, «Хроніку сучаснасці», каб нагадаць пра праблемы Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тэма беларускіх пратэстаў была тэмай нумар 1, пачынаючы з 2020 года. Але потым па зразумелых прычынах, з-за вайны ва Украіне яна сышла на другі, калі не на трэці план», – тлумачыць галоўны рэдактар расейскамоўнай версіі парталу «Delfi.lt» Алег Ерафееў.

Некаторыя твары ўдзельнікаў пратэстаў былі незаблюраныя. Што выклікала хвалю абурэння ў сацыяльных сетках, пасля чаго медыя выдаліла фільм. Вось толькі ГУБАЗіК у каментарах да фільму паведаміў, што ўжо шукае тых, хто трапіў у кадр. А сёння напісаў, што яшчэ падчас стрыму фільму апазналі дзесяцярых асобаў, яшчэ чацвярых падпісальнікі даслалі ў чат-бот.

«Мы зараз абмяркоўваем, як паступіць. Дадаць яшчэ карэкцыі і потым апублікаваць? Альбо распачаць нейкія іншыя крокі. Пакуль мы ў працэсе», – разважае Алег Ерафееў.

Прынамсі ўчора рэдакцыя збіралася паскардзіцца кіраўніцтву YouTube на крадзеж кантэнту беларускімі сілавікамі. Пра самую стужку рэдактар «Delfi» распавядае, што яна прайшла тры этапы рэтушавання, але агульных планаў пастанавілі не чапаць. Тым больш што яны, паводле аўтараў, і так незаблюраныя ў агульным доступе. Рэжысёр фільму Мікалай Мамінаў паведаміў нам, што пакуль каментароў не дае. Хоць учора ўсё ж адказаў на пытанні Радыё Свабода:

«Мы праводзілі маніторынг, глядзелі такія ж кадры 9-10 жніўня, яны ёсць на стоках, на міжнародных платформах. Усё гэта ёсць у доступе незаблюранае».

Здымаць відэа на тэлефон ён пачаў 9 жніўня і скончыў 20 верасня 2020-га, калі яго затрымалі. Таму сітуацыю тлумачыць і тым, што сілавікі забіралі ягоную прыладу, то бок кадры і так маглі быць у іх.

«Але тут важна разумець адзін момант: адбылося падсвечванне пражэктарам сітуацыі для сілавікоў. Мы бачым з публікацыяў у тэлеграм-каналах, падкантрольных сілавым структурам, выразны акцэнт: маўляў, дзякуй стваральнікам фільму. Ясна, што гэта ў першую чаргу ўдар, скіраваны на тое, каб разбіць нашае адзінства», – лічыць заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Каменнай горкі і Кунцаўшчыны выйшлі на акцыю пратэсту. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Пасля таго, як партал «Delfi» выдаліў фільм, яго выставілі праваабаронцы «Вясны». Маўляў, кадры і так у сілавікоў, таму лепш, каб людзі пабачылі сябе на іх і выканалі захады бяспекі. У фонд «BYSOL» за гэтыя дні звярнуліся ўжо дзясяткі асобаў, якія знайшлі сябе ў фільме.

«Мая парада: калі вы бачыце сябе ў небяспецы і калі вы пабачылі сябе ў гэтым фільме, прымаць рашэнне пра тэрміновы выезд з Беларусі, таму што гэта надта высокія рызыкі, якія могуць прывесці вас і на лаву падсудных, і ў будучыні – за краты», – раіць Андрэй Стрыжак.

Гэтак, на кадрах пабачыў сябе Сяржук Доўгушаў – вядомы культурны дзеяч, музыка, спявак і этнограф. Але ён цяпер за мяжою, таму за сябе не баіцца:

«Больш – абурэнне, што гэта пастка для іншых людзей. Тыя людзі, якія нават не ведаюць, жывуць дзесьці ў Менску, пад Менскам, у іншым горадзе, а ў гэты самы час выходзіць гэты фільм, пра які, магчыма, яны таксама не ведаюць. І тут да іх прыходзяць госці такія ў чорным. За гэта вельмі неяк я злуюся».

Падобная сітуацыя ўзнікла вясною 2021 года, калі выдалі кнігу з фотаздымкамі беларускага пратэсту. У снежні яе скарысталі як галоўны доказ удзелу ў маршах. Тады праваабаронцы таксама выклалі электронную версію ў вольны доступ, каб людзі маглі знайсці сябе на фотаздымках. Але на той час сілавікі не выкарыстоўвалі так масава кадраў, апублікаваных у медыях ці на YouTube-каналах. Цяпер жа…

«Трэба рабіць ананімізацыю гэтых асобаў: гэта можа быць блюр, прылады, якія робяць немагчымым праз голас вызначыць асобу. Усё, што робіць немагчымым вызначыць, хто тая ці іншая асоба, мусіць быць выкарыстанае», – сцвярджае медыяюрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Людзям з фільму «Хроніка сучаснасці» пагражае арышт або да чатырох гадоў зняволення за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ці прынамсі за выхад на праезную частку. Па дапамогу з эвакуацыяў можна звярнуцца ў фонд «BYSOL». Тэрміновы выезд магчымы цягам 24 гадзінаў.

Яна Шэк, «Белсат»