Беларуская медыцына: лепей не будзе?


Велічэзныя перапрацоўкі, незадаволенасць умовамі працы і заробкамі – галоўныя праблемы беларускіх медыкаў. Незалежныя сацыёлагі апыталі болей за трыста медпрацаўнікоў і выпусцілі даследаванне, якое адлюстроўвае стан медыцыны ў Беларусі. Пазітыўнымі яго вынікі не назавеш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія медыкі хранічна перапрацоўваюць – вынікі даследавання апублікаваў «Грамадзянскі маніторынг сістэмы аховы здароўя». У сярэднім яны працуюць 55 гадзінаў на тыдзень, хоць стаўка – каля 43 гадзінаў.

«Па-першае, ім не стае дактароў. Па-другое, няправільнае размеркаванне плыняў пацыентаў і арганізацыя. Павышаная нагрузка і, адпаведна, павышаныя маральныя і фізічныя выдаткі», – кажа лекар-траўматолаг Аляксей Носаў.

Палова медыкаў, паводле даследавання, мае больш як адну стаўку. А траціна – больш за паўтары. Каб хоць нешта зарабіць.

Большасць медыкаў так ці іначай не задаволеныя ўмовамі працы – адзначаецца ў даследаванні. Імаверна, гэта сярод прычынаў масавай эміграцыі беларускіх дактароў. У Польшчу толькі летась іх прыехала не менш за тысячу. А ў Беларусі бракуе больш як 4500 лекараў. Хаця летась выйшла на працу 2700 дактароў – маладых спецыялістаў.

Улады пашыраюць мэтавы набор у медычныя ВНУ. І здымаюць прапагандысцкія фільмы, дзе ад’езд за мяжу – здрада радзіме. І тэлевізійныя сюжэты пра медыкаў, што не здолелі ўладкавацца за мяжой.

«Нават калі сілай утрымліваць людзей – гэта прывядзе да дэматывацыі медперсаналу. Яны не будуць нагэтулькі якасна, як маглі б, выконваць сваю працу. Наадварот – якасць абслугоўвання будзе зніжацца», – мяркуе Аляксей Носаў.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экіпаж машыны хуткай медычнай дапамогі выгружае пацыента ў прыёмным аддзяленні лякарні. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Чаму ўлады не імкнуцца палепшыць працоўныя ўмовы медыкаў?

«Даць ім волю – не варыянт. Падняць заробкі да еўрапейскага ўзроўню – знайдзіце на гэта грошы. Сілавікі ім цяпер больш патрэбныя, бо ўлады на іх трымаюцца, не на лекарах. На медыцыну насамрэч ім пляваць», – кажа лекар, прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей.

Што да найбліжэйшай будучыні беларускай медыцыны – эксперт не мае аптымізму.

«Будзе тэндэнцыя да пагаршэння. У пяцігадовым маштабе яна будзе каласальнаю, калі ўжо за два-тры гады мы бачым такія моцныя змены. Я заўсёды жартую, што мы імкнемся да ўзроўню Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, дзе дактароў літаральна можна палічыць на пальцах адной рукі», – мяркуе Станіслаў Салавей.

Апытанні ў сацсетках «Белсату» паказалі, што значная частка нашых гледачоў ці чытачоў у той ці іншай ступені заўважыла пагаршэнне якасці медычных паслугаў у Беларусі пасля 2020-га года.

Валянцін Васіленка, «Белсат»