Партыя «Зялёныя» і БСДП (Грамада) падалі ў Мінюст дакументы не перарэгістрацыю. Падалі ў ранейшым фармаце, бо прыдуманыя лукашэнкаўцамі новыя «драконаўскія» патрабаванні парушаюць Канстытуцыю іншыя заканадаўчыя акты. Спыніць дзеянне Закону «Аб палітычных партыях» у новай рэдакцыі заклікалі лідары дэмакратычных арганізацыяў падчас прэс-канферэнцыі. Ці настане пасля ліквідацыі смерць, і ці ёсць жыццё пасля смерці?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Кіраўніцтва дэмакратычных партыяў Беларусі не прадставіла рэжыму прозвішчаў сваіх чальцоў. Разам са звесткамі пра іхныя адрасы і месцы працы. Без гэтай інфармацыі палітычным партыям не прайсці перарэгістрацыю ў Беларусі. Затое людзі застануцца на волі, лічаць палітыкі.
«Рашэнне партыяў у тым, каб не падаваць спісы з прычынаў бяспекі і клопату за бяспеку нашых сябраў. Мы безумоўна будзем праз Вярхоўны суд дамагацца яго адмены і прыцягнення Канстытуцыйнага суда да дачы ацэнкі гэтаму закону, бо ён сапраўды парушае ў тым ліку артыкулы Канстытуцыі», – мяркуе Вадзім Саранчукоў, выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ.
Да прыкладу, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Грамада») з 2005-га году пазбаўленая рэгістрацыі. Што не замінала афіцыйна дзеяць унутры Беларусі, а ў пэўны момант – пайшло на карысць.
«Існавалі ў статусе аргкамітэту. У 2020-ым годзе гэта ўратавала нашую партыю. Таму што мы ніякіх спісаў не падавалі і ніхто не ведаў, хто нашыя сябры партыі. Таму ў рэальнасці ў нас арыштаваных сябраў партыі цяпер 6 ці 7 асобаў», – кажа выканаўца абавязкаў старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.
Лідар Мікола Статкевіч – за кратамі, як і яшчэ чацвёра кіраўнікоў апазіцыйных рэжыму арганізацыяў: Мікола Казлоў, Андрэй Дзмітрыеў, Рыгор Кастусёў і Віктар Бабарыка (ён хацеў заснаваць партыю «Разам»).
Партыя «Зялёныя» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Грамада») падалі дакументы не перарэгістрацыю, але без дассе на сваіх чальцоў. Не выканалі і патрабаванняў, каб партыя налічвала 5 тысячаў асобаў і мела арганізацыйныя структуры ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Прадстаўнікі БНФ і Аб’яднанай Грамадзянскай партыі не падалі дакументаў на перарэгістрацыю.
У лютым 24-га рэжым хоча правесці стэрыльныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Перарэгіструюць і дапусцяць да ўдзелу лаяльныя рэжыму партыі. Апазіцыйныя ліквідуюць, лічыць лідар «Грамады» Ігар Барысаў:
«Партыі створаныя дзеля таго, каб мірным шляхам – праз выбары і сумленны падлік галасоў – перадаваць гэтую ўладу. Таму я не выключаю, што пасля гэтага будзе радыкалізацыя грамадства».
Альтэрнатыўных кандыдатаў не будзе, але застанецца альтэрнатыўная думка, лічаць палітыкі. Уладзімір Шанцаў як выканаўца абавязкаў старшыні АГП мусіў пакінуць радзіму. З замежжа будзе працаваць на захаванне актыву. І аб’ядноўваць сябраў, што эмігравалі, на карысць хутчэйшага наступлення пераменаў.
«Мы ў Беласток вось выязджаем праз тыдзень. Сустрэнемся з людзьмі, пагутарым, выслухаем іхнае меркаванне, што далей рабіць? Наступная ў нас запланаваная паездка і ў Варшаву, і ва Украіну – туды, дзе ёсць нашыя людзі», – кажа Уладзімір Шанцаў.
Без магчымасці пазмагацца за сваіх кандыдатаў або байкатаваць выбары партыі, апроч кансалідацыі ў дыяспарах, выконваюць іншыя задачы.
«Праца ў міжнародных арганізацыях. Напрыклад, з ПАРЕ яна ўжо наладжаная. Яны прызнаюць не фэйкавых дэпутатаў Лукашэнкі, а прызнаюць палітычныя партыі. Запрашаюць на свае паседжанні. І прадстаўнікі гэтага пула 9-ці партыяў туды прыязджаюць з агульнай павесткай і пасланнем», – кажа Анатоль Лябедзька.
На сустрэчах яны могуць прасоўваць беларускую павестку, а значыць, адстойваць інтарэсы тых, хто застаецца ўнутры краіны. Ужо неўзабаве на летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Рады Еўропы прагучыць справаздача ў падтрыманне палітычных уцекачоў з Сінявокай.
Юлія Цяльпук, «Белсат»