Літоўскі санкцыйны шлагбаум


Рэжыму Лукашэнкі яшчэ ёсць з кім гандляваць: заходніх санкцыяў усцяж не падтрымалі гэткія буйныя гульцы ўсясветнага рынку, як Індыя, Кітай, Бразілія ды Паўднёвая Афрыка. Вось толькі як туды вазіць прадукцыю, калі найвыгаднейшыя лагістычныя шляхі якраз-такі трапілі пад санкцыйныя абмежаванні за саўдзел рэжыму ў вайне Расеі супраць Украіны, а таксама за рэпрэсіі супраць беларусаў? Тэму працягне Валера Руселік.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Санкцыйны шлагбаум апускаецца. Ад сёння Літоўская чыгунка спыніла транспартаванне беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі, а таксама гумовых і металічных вырабаў. Адпаведнае рашэнне адносна падсанкцыйнай прадукцыі было прынятае яшчэ 17 траўня. Увесь гэты час чыноўнікі Лукашэнкі дэманстравалі спакой і ўпэўненасць: маўляў, нічога страшнага, перанакіруем усю лагістыку на Расею і Кітай!

«Любы вучань сёмага ці восьмага класу не паверыць, што калі везці чыгункаю нейкія тавары ва Уладзівасток і там грузіць на судзіны, то гэта можа быць неяк выгадней, чым, скажам, праз Клайпеду», – усміхаецца эканаміст Леў Марголін.

А таму, дадае эканаміст Леў Марголін, рэжым Лукашэнкі і надалей будзе ўсяляк намагацца праціснуцца пад літоўскі санкцыйны шлагбаум. Менавіта таму гэтак жвава ў Менску ўхапіліся за ідэю транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь у Клайпеду ўзамен на зняцце заходніх санкцыяў. Найперш гаворка вядзецца аб прадукцыі «Беларуськалію», які, сярод іншых, трапіў у апошні, ужо шосты пакет санкцыяў, апублікаваны напярэдадні.

«Гэта абсалютна нерэальна. Таму што на гэта ніколі не пагодзіцца Украіна. Яна цяпер змагаецца з усім заходнім светам, каб спыніць экспарт расейскіх нафты і газу, каб паменшыць фінансаванне расейскай агрэсіі. І разам з тым пагаджацца на тое, каб плаціць Беларусі за транзіт, па-першае, па-другое, каб дазволіць экспарт калійных угнаенняў, – гэта немагчыма!» – тлумачыць Марголін.

Тым часам палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на тое, што за транзіт украінскага збожжа праз Беларусь выступае нават Пуцін, якому, здавалася б, залежыць якраз на поўнай эканамічнай блакадзе Украіны.

«Сепаратныя перамовы Лукашэнкі з ААН, з Захадам наконт прарыву гэтай збожжавай блакады Расеі нявыгадныя, бо ствараюць нязручную сітуацыю: нібыта саюзнік здрадзіў. Таму зрабіць выгляд, што гэта са згоды Масквы», – тлумачыць Карбалевіч.

А таксама, дадае палітолаг, Масква не зацікаўленая ў эканамічным калапсе Беларусі, бо ратаваць Лукашэнку давядзецца зноўку ж Маскве. А грошай і без хаўрусніка з-пад Шклова небагата.

Валера Руселік, «Белсат»