«І выпіць любяць, і закусіць»: Лукашэнка пракаментаваў атручанне «Глогам» у Іркуцку


Кіраўнік Беларусі выказаў сваё меркаванне з нагоды масавага атручання канцэнтратам для ваннаў «Глог».

Заява прагучала ў сюжэтах беларускіх тэлеканалаў АНТ і «Беларусь-1».

«Трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята», – адзначыў ён.

Ён загадаў чыноўнікам і сілавікам не дапусціць такога ў Беларусі.

«І глядзіце, каб не адбылося як у Расеі. Яны пачалі падымаць акцызы на алкаголь, зрабілі завоблачныя цэны на спіртныя напоі, і людзі пачынаюць піць барматуху, як гэта было ў нас у савецкія часы», – сказаў Лукашэнка.

«Трэба спыніць гэта балаўство з гэтымі падаткамі на спіртное. Ну святы… Такія нашы людзі-славяне. І выпіць любяць, і закусіць. Не трэба іх штурхаць да таго, каб піць глог ці яшчэ штосьці. Трэба гэта мець на ўвазе, як бы гэта непапулярна ні прагучала з маіх вуснаў», – дадаў ён.

Ад глогу цягам апошняга месяца ў Іркуцкай вобласці загінулі ўжо 77 асобаў. Яшчэ 18 пацярпелых застаюцца ў шпіталях.

Лукашэнка раней неаднаразова крытыкаваў акцызную палітыку ў алкагольнай галіне.

«Акцызная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапануе, практычна ўгробіла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння кошту і разам з кантрафактам – да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць, страты бюджэту», – заяўляў Лукашэнка ў 2015 годзе.

Таксама ён выступіў супраць часовых абмежаванняў на продаж спіртных напояў (з 22.00 і да 9.00 у крамах была забароненая рэалізацыя спіртнога). Забарона пратрымалася два месяцы і дзесяць дзён.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў