Хто развязаў рукі Гітлеру?

Гітлер напаў на Сталіна першым у 1941 г. , але Другая сусветная вайна пачалася ад агрэсіі Нямеччыны да СССР супраць Польшчы ў 1939 г. Як суседзі Беларусі расцэньваюць тыя падзеі? З гасцямі праграмы «Intermarium» разбіраем асноўныя міфы вайны, што існуюць у беларускай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы.

Хто вінаваты ў развязванні Другое сусветнае вайны

Савецкая прапаганда казала пра вераломны напад нямецкіх войскаў улетку 1941-га. Аднак Сталін зрабіў усё магчымае, каб спрасціць заданне Гітлеру, лічыць госць «Intermarium» – доктар гісторыі, саветолаг Марэк Корнат з Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук:

«Савецкі Саюз не быў мірнаю дзяржавай і безумоўна разлічваў на тэрытарыяльныя здабыткі. І спадзяваўся таксама, што будзе другая імперыялістычная вайна – на ўзор Першай сусветнай, якая разбурыць існы парадак, пра гэта казаў яшчэ Ленін у сваім артыкуле «Пра лозунг Злучаных Штатаў Еўропы» ў 1915 годзе, а пасля Сталін на таемнай партыйнай канферэнцыі ў 1925 годзе».

Сітуацыя рэзка мяняецца ў 1939-м, пасля падпісання пакту Молатава – Рыбэнтропа, паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынаю: вайна сталася непазбежнаю.

«Яшчэ да падпісання пакту Савецкі Саюз вёў перамовы як з Нямеччынаю, так і з краінамі Заходняй Еўропы. І калі Нямеччына была гатовая аддаць савецкай Расеі даўнія тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі, усходнюю Польшчу, Бесарабію, Балтыйскія дзяржавы, то заходнія дзяржавы не маглі гэтага прапанаваць, што прывяло ў выніку да падпісання пакту», – гаворыць прафесар універсітэту ў Гамбургу, знаўца падзеяў гісторыі Усходняй Еўропы Франк Галчэўскі.

«Ніколі зноў». Ці можа трагедыя паўтарыцца?

Пакт Молатава – Рыбэнтропа знішчыў Вэрсальскую сістэму: праз тыдзень пасля падпісання дамовы Гітлер напаў на Польшчу. Але была яшчэ і Мюнхенская змова (1938): усходнія землі Чэхіі былі акупаваныя Нямеччынаю з «дазволу» заходніх саюзнікаў.

«Мюнхенскія падпісанты, акрамя Гітлера, наіўна жадалі міру коштам Чэхаславаччыны. Я б нават параўнаў у пэўнай ступені з сучаснаю сітуацыяй з Украінаю. Калі нашыя заходнія саюзнікі хочуць нашым коштам замірыць «міратворца» з Крамля. Тады была такая ж сітуацыя коштам Прагі», – параўноўвае доктар гісторыі, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі, знаўца гісторыі ўкраінскага нацыяналізму Іван Патрыляк.

Таму гісторыя паказвае: залагодзіць агрэсара даволі складана, а нават немагчыма.

«Змова ў Мюнхене была здрадай усіх міжнародных пагадненняў. Пасля Мюнхенскага пагаднення Гітлер казаў у коле сваіх набліжаных асобаў, што ў Мюнхене яму развязалі рукі і дазволілі дзейнічаць далей», – дадае беларуска-шведская даследніца эканамічнае палітыкі нацыстаў на тэрыторыі Беларусі Святлана Казлова.

Як жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны сустрэлі Чырвоную армію 17 верасня

Сяляне ў Заходняй Беларусі не ведалі, чаго чакаць ад Савецкага Саюзу. Селянін разлічваў, што яму перададуць зямлю ў прыватную ўласнасць.

«Землі былых польскіх асаднікаў, гэта каля 300 тысяч гектараў, былі аддадзеныя беларускім сялянам у прыватную ўласнасць. Але пасля вельмі хутка пачалася прымусовая калектывізацыя, якая паказала сапраўдныя мэты Савецкага Саюзу», – тлумачаць гісторык Святлана Казлова.

У такой сітуацыі была і Заходняя Украіна, якую таксама Чырвоная армія вызваліла 17 верасня 1939-га. Жыхары Заходняй Украіны тады казалі, што «плакалі адным вокам, а завялі ў калгасы – заплакалі абодвума вачыма».

«З аднаго боку была эйфарыя: Цімашэнка, камандуючы фронтам, украінец, Даўжэнка па-ўкраінску выступаў, камісары па-ўкраінску выступалі, а можа, нават на іўрыце ў мястэчках выступалі. Усе раты паадкрывалі: як так можа быць? Свае прыйшлі, браты з-за Збручу. Але ўкраінскія палітыкі і нацыяналісты, якія пацярпелі за свае перакананні, уцяклі ў нямецкую зону акупацыі, дзесьці 20 тысячаў: ведалі, што іх арыштуюць», – дадае ўкраінскі гісторык Іван Патрыляк.

Хутка настроі змяніліся, бо пачаліся рэпрэсіі супраць палякаў (афіцэраў, асаднікаў, чыноўнікаў), напрыканцы 1940–41 гадоў рэпрэсавалі і ўкраінцаў, і габрэяў, а потым – вялікая хваля расстрэлаў перад адступленнем, то не дзіўна, што ў розных гарадах немцаў віталі з кветкамі. Але расчараванне таксама прыйшло хутка.

Cавецкі Саюз не рыхтаваўся да вайны

Існуе тэза, што Сталін рыхтаваўся да абароны. Гэта аспрэчвае доктар гістарычных навук, працаўнік Інстытуту гісторыі Украіны Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Аляксандр Лысенка.

«Гэтыя пачаткі бачныя ў ідэалагічнай канцэпцыі бальшавізму: падрыхтоўка да сусветнай рэвалюцыі, мілітарызацыя краіны, наяўнасць моладзевых ваенна-спартовых арганізацыяў, дзе фактычна рыхтавалі людзей да вайны, і ўся гэтая псіхалогія, калі мы паглядзім на фільмы ды песні сярэдзіны 1930-х гадоў. І індустрыялізацыя здзяйснялася для таго, каб даць краіне зброю», – тлумачыць украінскі гісторык.

Калі планы Гітлера былі відавочныя, то якія планы маглі быць у Сталіна? Ці меў ён на каго абаперціся на новазахопленых тэрыторыях?

«Некаторая палітычная эліта Літвы пасля 1939 года лічыла, што малыя краіны непазбежна будуць незалежнымі, і было пытанне: што рабіць? Левыя і ліберальны фланг дыскутавалі: можа, Сталін дазволіць рэжым народнай дэмакратыі, такі прасавецкі пратэктарат?» – тлумачыць доктар гістарычных навук, працаўнік Інстытуту гісторыі Літвы Артурас Свараўскас.

Але не літоўская эліта вызначала лёс Літвы, ён вырашаўся ў Крамлі.

Чаму ад беларусаў хаваюць праўду пра вайну?

Беларусь – партызанскі край

Адзін з асноўных міфаў дзяржаўнай ідэалогіі – Беларусь вяла савецкую партызанскую вайну. Аднак да сёння гісторыя беларускага нацыянальнага антынацысцкага і антысавецкага супраціву застаецца малавядомая .

«Гэта не была ўсенародная барацьба, народ быў расколаты. Ды змагаўся адначасова і на баку савецкіх партызанаў, і тых, хто змагаўся з савецкімі партызанамі. Былі атрады «зялёныя», як іх называюць у савецкіх дакументах. Якія адмаўляліся супрацоўнічаць з усімі, а свае вёскі не давалі ў крыўду нікому», – адзначае беларускі гісторык, вайсковы аглядальнік Аляксандр Гелагаеў.

Цывільнае насельніцтва ў сітуацыі гвалту ды пераследу спрабуе неяк выжыць у такой сітуацыі, і гэта нармальна, даводзіць прафесар гісторыі з Беластоку, які даследуе польска-беларускія стасункі ды нацыянальную палітыку Польшчы ў ХХ стагоддзі, Яўген Мірановіч:

«Зразумела: калі прыйшлі немцы – яны пачалі ствараць свае структуры ў выглядзе адміністрацыі. У палове 1942 года каля 30 тысяч беларусаў былі на нямецкім баку, так і на савецкім баку. У адной вёсцы, а часам у адной сям’і адзін чалавек быў у падполлі, а другі – у паліцыі».

Але на тэрыторыі тагачаснай Беларусі змагаліся не толькі савецкія партызаны ці асобныя незалежніцкія фармаванні, былі аддзелы і польскай Арміі Краёвай, якія змагаліся з нацыстамі, партызанамі, а ў перспектыве бачылі аднаўленне Польшчы ў межах да 17 верасня 1939 года.

Такога пра партызанаў не раскажуць у школе

«Армія Краёва ставілася да цывільнага насельніцтва значна лепш, чым нацысты і саветы, бо гэта былі жыхары ІІ Рэчы Паспалітай, няважна, якой нацыянальнасці і веравызнання, – перакананы дырэктар Інстытуту палітычных даследаванняў Польскай Акадэміі Навук Гжэгаж Матыка. – Дадам яшчэ тое, што перад абліччам пагрозы з боку Нямеччыны ці Савецкага Саюзу неаднойчы даходзіла да хаўрусу з нацыянальнымі партызанскімі рухамі. І невыпадкова, што адзін з камандзіраў беларускага нацыянальнага партызанскага руху маёр Вітушка, калі прызямляецца на парашуце і пачынае партызанскую барацьбу, пасля тару тыдняў уцёкаў ад НКВД трапляе ў атрады АК і змагаецца далей у супрацы з акоўцамі».

І, як кажа гісторык Яўген Мірановіч, вайна, якая распачалася ў Беларусі ў 1941 годзе, была «вайна ўсіх з усімі».

Глядзець іншыя выданні «Intermarium»

Наста Ільіна, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны