«Сюррэалістычны дэтэктыў у старым Менску». Вольскі прадставіў адразу два кліпы


Відэакліпы адразу на дзве песні з новага альбома «Гравітацыя» Лявон Вольскі прадставіў напярэдадні канцэртнай прэм’еры кружэлкі.

Рэжысёрам кліпу «Човен» стала Лізавета Ганчарова, а відэа да «Лепшых на свеце» зняў Арцём Лобач. Сканчэнне працы над імі і прэзентацыя абодвух твораў супалі па часе выпадкова.

«Проста яны былі гатовыя акурат да гэтай даты, і мы вырашылі зрабіць такі нетрадыцыйны ход і адразу запрэзэнтаваць два кліпы, тым болей, што і песні кардынальна розныя. Анімацыйны кліп рабіла маладая мастачка Лізавета Ганчарова, якая раней зрабіла аматарскі кліп да песні «Маё каханне». Нам спадабалася. Штосьці дапамагаў рабіць Мацвей Сабураў, з якім яна супрацоўнічае рэгулярна», – адказвае Лявон Вольскі.

Кліп на песню «Лепшыя на свеце» зняў Арцём Лобач, які супрацоўнічае з «Белсатам». У відэа рэжысёр спалучыў архіўную кінахроніку з відэаздымкамі з архіву Вольскага.

«У нас быў досвед працы з Арцёмам. Нам вельмі спадабалася ягонае прычытанне песні «Зніклыя людзі», – працягвае Вольскі. – У новым кліпе атрымаўся сюррэалістычны дэтэктыў з рарытэтнымі кадрамі старога Менску», – працягвае Вольскі.

Рэжысёр прызнаецца, што абраў песню для кліпу, бо яго зачапіў яе сэнс «лепшыя–горшыя».

«Мне падабаюцца такія супярэчнасці, на іх грунтуецца эвалюцыя. Каб песня разам з відэа глыбока кранула, трэба каб глядач пабачыў там сябе адразу. А на гэтых кінастужках захаваўся час, на які мы цяпер глядзім з пэўнай адлегласці. Мне цікава было зрабіць такі мантаж, каб розныя архіўныя кадры якія стаяць побач, стваралі сэнс, будавалі метафары. Візуальным прыкладам спачатку быў кліп «Up&Up» гурту «Coldplay», але калі я пабачыў хроніку, то вырашыў адыйсці ад тэхнікі калажа. Таму не так шмат кадраў з графікай – і толькі там, дзе неабходна было ўзмацніць задуму».

Кадр з кліпу «Лепшыя на свеце»

Песні з альбому «Гравітацыя», які выйшаў на пачатку лютага, па чарзе распавядаюць пра асноўныя этапы чалавечага жыцця.

Канцэртная прэзентацыя новага альбому – першая за амаль апошнія дзесяць гадоў, якія мінулі з прэм’еры «Белай яблыні грому» у Купалаўскім тэатры ў 2010-м – адбудзецца 2 сакавіка ў сталічнай пляцоўцы «Prime Hall».

У першым аддзяленні выступу прагучаць песні з новага дыску, у другім – найлепшыя кампазіцыі з сольных альбомаў Лявона Вольскага і розных груп з ягоным удзелам.

ГЛ/ДД

Стужка навінаў