«Хочацца жыць у краіне без страху і гвалту». Мянчук – пра некалькі дзён на Акрэсціна


Збіванне, катаванне шокерам, перапоўненыя камеры – так выглядае разгон мірных пратэстаў у Беларусі. 10 жніўня Ілля О. гуляў па Менску, аднак шпацыр скончыўся аўтазакам і некалькімі днямі на Акрэсціна. Ён распавёў «Белсату» пра перажытае.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Затрымалі за фотаздымкі

Ілля кажа, што ўвечары 10 жніўня ён разам з сябрамі вырашыў прагуляцца непадалёк ад цэнтру. Падкрэслівае, што свядома на мітынг вырашылі не выходзіць: у інтэрнэце было шмат інфармацыі пра вялікую колькасць сілавікоў у горадзе. Яны свядома пазбягалі месцаў, дзе магло быць шмат сілавікоў. У выніку апынуліся ў парку Перамогі, дзе было вельмі спакойна. Аднак літаральна за пару хвілінаў сітуацыя карэнным чынам змянілася.

Раптам пад’ехаў мікрааўтобус з адкрытымі дзвярыма, выбег натоўп АМАПаўцаў. Ілля кажа, што ніхто не ўцякаў і не супраціўляўся арышту. Кампанія адразу ж падняла рукі ўверх, каб гэта пазначыць. Аднак АМАПаўцы былі вельмі агрэсіўныя.

«Спыталі, што мы робім на вуліцы, патрабавалі паказаць, што ў нашых заплечніках і торбах. Прасілі паказаць запясці – спраўджалі ці ёсць белая стужка. У гэтым плане нам пашанцавала, мы вырашылі іх не апранаць у гэты вечар. Потым запатрабавалі паказаць галерэю ў тэлефоне. Пад такім ціскам мы не змаглі запярэчыць. АМАПаўцы пабачылі ў нас некалькі фота і відэа з мітынгу 9 жніўня, на якім мы прысутнічалі», – згадвае Ілля.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Гэта і стала падставаю для затрымання. Іх адразу скруцілі і кінулі на падлогу мікрааўтобуса аднаго на другога. Ілля згадвае, што на затрыманых пастаянна крычалі матам, пагражалі збіць за любы неасцярожны рух. Некалькі разоў пыталі, колькі нам плацяць і навошта мы наагул выходзілі ў гэты дзень з хаты. З мікрааўтобусу перагналі ў звычайны гарадскі аўтобус, увесь час падганялі штуршкамі і пагрозамі. Там патрабавалі глядзець у падлогу і трымаць рукі над галавой.

Там жа быў хлопец 17 гадоў, які ўсхліпваў, прасіў патэлефанаваць яго бацькам і адвесці да следчага для тлумачэння, чаму яго затрымалі, казаў, што ў гэтым годзе паступае ў БДУФК. На кожны ўсхліп і пытанне АМАПаўцы рэагавалі агрэсіўна і пагражалі збіць.

Аўтобус стаяў на месцы каля паўгадзіны, потым людзей загналі ў аўтазак, дзе ў у маленькай камеры апынулася каля 6 чалавек, усе літаральна сядзелі адзін у аднаго на галовах.

На Акрэсціна

«Па прыбыцці ў ІЧУ нас даволі жорстка выгналі з аўтазака, паставілі ўздоўж сцяны ў двары і прымусілі стаць на калені. Перыядычна хтосьці падыходзіў і біў дубінкамі тых, хто спрабаваў задаваць пытанні. Было вельмі страшна. Праз паўгадзіны мы пабеглі ў напаўсагнутым стане, з рукамі за спіной, праз калідор з АМАПаўцаў, у будынак. Сілавікі білі кожнага дубінкамі і нагамі», – згадвае Ілля.

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У камеры ІЧУ на Акрэсціна Ілля сядзеў разам з 65 асобамі. Камера ўяўляла сабой бетонную падлогу і сцены, замест столі – краты. На падлозе сядзелі збітыя людзі, некалькі чалавек былі ў акрываўленай вопратцы. У камеры было цесна, у пэўны момант знікла магчымасць пасядзець, усім даводзілася стаяць ушчыльную адзін да аднаго.

«Каля сценкі мы ўсаджвалі толькі тых мужчын, якія дрэнна сябе адчувалі. Перыядычна камусьці станавілася блага, усёй камерай клікалі лекара, але далёка не заўсёды на гэтыя просьбы адгукаліся. Два разы на дзень нам у камеру перадавалі ваду – 2 літровыя бутэлькі на 65 чалавек. За дзень нас вывелі ў туалет усяго адзін раз. У камеры было вельмі халодна ўначы, ніхто не змог заснуць. У суседняй камеры затрыманыя пачалі скандаваць «Выпускай», праз хвіліну іх вывелі ў калідор і моцна збілі дубінкамі, людзі крычалі ад болю і нічога не маглі зрабіць. Гэта быў самы страшны момант у ІЧУ», – кажа хлопец.

Таксама ад сукамернікаў ён чуў, што некаторых білі токам пры затрыманні. Толькі праз дзень іх пачалі размяркоўваць па камерах, дзе быў туалет, рукамыйнік і некалькі так званых «шконак». У камеры, разлічанай на 5 чалавек, змяшчалася 30, спалі па чарзе.

«Але там ужо можна было схадзіць у туалет, памыцца, папіць вады, там не было холадна, хутчэй – горача, з-за колькасці людзей. Гэта ўжо здавалася даволі добрымі ўмовамі», – з усмешкаю кажа Ілля.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Раз на гадзіну да камеры падыходзіў супрацоўнік ІЧУ і пачынаў зачытваць прозвішчы, гэта давала надзею на вызваленне, ўсе стала знаходзіліся ў напрузе. У камеры былі людзі, якія знаходзіліся ў ІЧУ больш за 72 гадзіны – менавіта столькі могуць трымаць чалавек без тлумачэння прычынаў, аднак гэта нікога не хвалявала. Людзей групамі па 3-5 чалавек выводзілі з камеры, адводзілі на суд і вярталі ў камеры назад.

Іллю судзілі 12 жніўня. Хлопцу зачыталі шаблонны пратакол, з якім ён не пагадзіўся, далі 13 содняў адміністрацыйнага арышту. У пратаколе гаварылася, што ў момант затрымання ён знаходзіўся па адрасе праспект Пераможцаў 30, пляскаў у ладкі, скандаваў лозунгі «Стоп прусак», «Ганьба», актыўна супраціўляўся пры затрыманні. Гэта было напісана амаль у кожным пратаколе.

«На судзе я прасіў прыняць да ўвагі хранічную хваробу і ў сувязі з гэтым прасіў адпусціць мяне дадому і хоць бы абмежавацца штрафам. Варта адзначыць, што суддзя Першамайскага РУУС была вельмі ветлівая, без агрэсіі, было відаць, што робіць гэта яна не па сваёй волі, а па нейкім загадзе зверху. Таксама я папрасіў суддзю перадаць маім бацькам дзе я знаходжуся. Абяцанне яна стрымала».

Няміга. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: НМ / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Перавоз у Слуцк

Увечары 13 жніўня Іллю вывелі з камеры ў ва двор ІЧУ разам з яшчэ сотняй затрыманых. Там яны правялі каля 2 гадзінаў, стоячы каля сцяны з рукамі за спіной. Ніхто нікога не біў, нават не было пагроз і крыкаў. Жаўнеры тэрміновай службы перыядычна вадзілі ў прыбіральню групамі па 3 чалавекі, з імі можна было адэкватна пагаварыць, ніякай агрэсіі ў іх голасе не было.

Зараз хлопец мяркуе, што ў гэты час прымалася рашэнне куды іх везці. У выніку пасадзілі па аўтазаках і павезлі ў невядомым кірунку. Атрымалася нават крыху паспаць. Іх прывезлі ў ваенную частку пад Слуцкам. Там можна было прыняць душ, кожнаму далі мыла. Пасля душа адвялі ў памяшканне падобнае на казарму, размеркавалі на ложках. Там быў матрац, падушка і ваўняная коўдра.

Няміга. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: НМ / Belsat.eu / Vot-tak.tv

«У гэта цяжка было паверыць!», – згадвае Ілля.

А 6-ай раніцы іх паднялі, выдалі пасцельную бялізну, ручнікі, можна было ўзяць кнігу. Адвялі ў сталовую і даволі сытна пакармілі. Рукі за спіной можна было ўжо не трымаць, але многія рэфлекторна гэта рабілі.

«У вайсковай частцы нас суправаджалі і кантралявалі салдаты тэрміновай службы, з імі таксама можна было добра пагутарыць, як быццам яны разумелі, што мы ні ў чым не вінаватыя».

Вызвалілі хлопца 14 жніўня – проста сказалі «з рэчамі на выхад». Каля брамы вайсковай частцы затрыманых па чарзе запрашаў да сябе міліцыянт і даваў на подпіс паперу аб згодзе з умовамі вызвалення. Там гаварылася пра тое, што пры паўторным затрыманні на несанкцыянаваным мітынгу будзе ўжытае больш строгае пакаранне. З часткі яго сустракаў бацька.

На волі

Зараз Іллі няпроста апісаць стан, у якім ён знаходзіцца.

«Адначасова я бясконца цешуся свабодзе, але ў той жа час хочацца дабіцца справядлівасці, каб за ўсе гэтыя падзеі адказалі людз», якія за гэтым стаяць».

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Ён прызнаецца, што цяжка выходзіць на вуліцу: зʼяўляецца параноя, ён пастаянна аглядаецца па баках, пужаецца рэзкіх рухаў. Зараз Ілля зняў пабоі і будзе звяртацца ў Следчы камітэт.

«Хочацца верыць, што хутка гэта пройдзе і ніколі і ні з кім больш не паўторыцца. Хочацца жыць у краіне, дзе людзі добрыя адзін да аднаго і заўсёды прыйдуць на дапамогу, дзе няма гвалту і страху».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў