Кавалеўскі: ЗША хочуць пачуць ад Лукашэнкі, што ім дазволяць рабіць у Беларусі


Дэйвід Гэйл – намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях. Фота – Mohamed Nureldin Abdallah / Reuters / Forum

17–18 верасня Беларусь наведвае намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэйвід Гэйл. Дыпламат абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем пытанні беларуска-амерыканскіх дачыненняў і рэгіянальнай бяспекі, а таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Вашынгтоне кажа «Белсату», што найбольш імавернаю тэмаю перамоваў з беларускімі ўладамі стане пытанне прасторы для дзейнасці амерыканскіх дыпламатаў пасля вяртання ў Менск амбасадара ЗША.

Паводле Валера Кавалеўскага, дакладна прадказаць, што менавіта Гэйл абмяркуе з Лукашэнкам цяжка праз тое, што афіцыйны Менск не распавядае пра вонкавую палітыку празрыста.

«Мяркую, на парадку дня могуць быць і пытанні беларуска-расейскіх дачыненняў ды інтэграцыйныя ініцыятывы. Калі казаць пра паведамленні, звязаныя з гэтым візітам, яны датычаць таго, што Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі», – кажа Кавалеўскі.

Найважнейшым пытаннем размоваў, на думку эксперта, будзе развіццё далейшых дачыненняў паміж Беларуссю і ЗША. У прыватнасці, задачай Гэйла будзе запэўніць Менск, што ЗША не скіруюць свае новыя праграмы супраць беларускіх уладаў.

«Мала аднавіць дзейнасць амбасады – трэба яшчэ ўпэўніцца ў тым, што беларускія ўлады не будуць ствараць перашкодаў, якія ствараліся раней, – кажа эксперт. – Амерыканцаў цікавіць тое, што будуць рабіць амерыканскія дыпламаты ў Менску ды ці дадуць ім больш прасторы, чымся гэта было раней».

Лукашэнка «адукаваў» Захад

Увесну 2008 года пасля ўвядзення ЗША эканамічных санкцыяў супраць нашае краіны Менск пайшоў на дыпламатычны канфлікт з Вашынгтонам і рэкамендаваў абмежаваць колькасць працаўнікоў амбасады да паўдзясятка чалавек. Адною з прычынаю ўразання штату пасольства, паводле Кавалеўскага, была высокая актыўнасць яго працаўнікоў.

«Беларускі бок дамогся таго, што амерыканцы не маглі рэалізоўваць мноства праграмаў і мусілі іх скасаваць. Гэта прывяло да таго, што ў Вашынгтоне сталі менш ведаць пра Беларусь, менш разумець і менш разбірацца ў беларускай сітуацыі», – сцвярджае Кавалеўскі.

Наш суразмоўца звяртае ўвагу, што заходнія краіны, якім Лукашэнка не давярае і традыцыйна падазрае іх у «падрыўной» дзейнасці, паспяхова засвоілі ўрокі афіцыйнага Менску: менш выказвацца публічна, не лезці ўва ўнутраную палітыку Беларусі і думаць, каго падтрымліваць.

«На сёння мы бачым, што заходнія амбасады вядуць сябе больш стрымана, чымся 10, 15 або 20 гадоў таму. Вы знойдзеце вельмі мала заяваў, якія б крытычна ацэньвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі або дэмакратычным кіраваннем, нягледзячы на тое, што сама сітуацыя з імі ніяк не змянілася, а застаецца вельмі складанай. Гэта вынік тых намаганняў, якія прыкладалі беларускія ўлады, каб «адукаваць» заходніх дыпламатаў», – дадае Кавалеўскі.

  • Прыезд у Менск Дэйвіда Гэйла стане другім буйным візітам ЗША ў Беларусь цягам апошніх трох тыдняў. 29 жніўня Беларусь наведаў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джон Болтан.

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў