Спікер парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо, які са студзеня выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы, абвясціў на 6 красавіка пачатак аперацыі «Свабода», мэта якой – праз стварэнне паралельных урадавых структураў і масавыя пратэсты адхіліць ад улады афіцыйнага прэзідэнта краіны Нікаляса Мадура.
«Надышоў час арганізацыі, мабілізацыі і стратэгіі з мэтай вызвалення Венесуэлы», – напісаў Хуан Гуаідо ў сваім акаўнце ў «Facebook’у».
Палітык заклікаў грамадзян па ўсёй краіне ствараць у кожным доме, кожным квартале і на кожным працоўным месцы Камітэту дапамогі і свабоды, каб быць гатовымі выйсці на вуліцы. Хуан Гуаідо таксама звярнуўся да прадстаўнікоў паліцыі з просьбай абараніць венесуэльцаў ад узброеных групаў.
«Хай кожны момант, калі ў вас няма святла, вады, газу ці транспарту, стане часам мірных пратэстаў за вашы правы, каб сказаць дыктатару – хопіць», – заклікаў спікер парламенту.
Паводле яго, у суботу 30 сакавіка пратэстоўцы мусяць выйсці на ўсе вуліцы Венесуэлы, каб запатрабаваць сканчэння ўзурпатарства і адсутнасці грамадскіх паслугаў. А 6 красавіка павінны распачацца першыя акцыі ў межах аперацыі «Свабоды».
«Да гэтага дня мы мусім быць гатовыя, падрыхтаваныя і арганізаваныя, а Камітэты дапамогі і свабоды мусяць быць сфармаваныя», – падсумаваў Хуан Гуаідо.
Венесуэла ўжо каля двух месяцаў перажывае востры палітычны крызіс. 22 студзеня – адразу пасля ўступлення Нікаляса Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін – у краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту. На наступны дзень старшыня апазіцыйнага Мадура венесуэльскага парламента Хуан Гуаідо абвясціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны. Большасць краін Еўразвязу, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, частка краінаў Лацінскай Амерыкі і Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў прызналі яго ў якасці легітымнага лідара.
Разам з тым нядаўна ў межах «ваеннага супрацоўніцтва дзвюх саюзнікаў» у Венесуэлу прыбылі самалёты з вайскоўцамі Расеі, якая лічыць законным прэзідэнтам Нікаляса Мадура.
МГ belsat.eu