«Групоўка Orwell» займалася ілжэмініраваннем ва Украіне – паліцыя знайшла расейскі след


Цягам некалькіх месяцаў у Беларусі грамадскія ўстановы перыядычна атрымлівалі паведамленні аб мініраванні. 19 жніўня, пасля таго як невядомыя «замініравалі» аўтавакзал, аэрапорт, чатыры гасцініцы і гандлёвыя цэнтры, ліст з такою пагрозаю атрымала рэдакцыя папулярнага выдання «Onliner». Адказнасць за гэтую акцыю ўзяла нейкая «групоўка Orwell». Высветлілася, што акурат яна стаяла за сёлетнімі «мініраваннямі» ў буйных гарадах Украіны.

Калі менскія ўстановы раней атрымлівалі папярэджванні аб мініраванні, яны не распавядалі грамадскасці змест лістоў або тэлефонных званкоў. Таксама дагэтуль ніхто не афішаваў сваю датычнасць да ілжэмініраванняў. Вядома, што ў Беларусі за падобныя «жарты» прадугледжаная крымінальная адказнасць: максімальнае пакаранне паводле артыкулу 340 (заведама ілжывае паведамленні аб небяспецы) прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі, а за паўторныя дзеянні ў складзе групы – да сямі.

Hавiны
Пасля лістоў ад ананіма ў Менску эвакуявалі людзей з аэрапорту, вакзалу і чатырох гасцініц ФОТА
2019.08.19 09:51

З ліста, які сёння атрымала рэдакцыя Onliner, вынікае, што нейкая «групоўка Orwell» нібыта заклала ў будынку офісу выбуховае прыстасаванне з рэчывам трынітраталуолам. Ніякіх патрабаванняў рэдакцыі ананімы не выстаўлялі, а пажадалі толькі «шчаслівага палёту». Усіх працаўнікоў эвакуявалі, пакуль на месцы працавалі сапёры і аператыўнікі.

Ці гэтая ж самая групоўка стаіць за папярэднімі ілжэмініраваннямі – невядома.

Раней пра «Orwell» у Беларусі нічога не чулі, аднак менавіта групоўка з такой назвала займалася сёлета аналагічнымі ілжэмініраваннямі ва Украіне. І гэта пры тым, што ўкраінскае заканадаўства прадугледжвае яшчэ больш суворую адказнасць – да васьмі гадоў турмы.

Патрабаванні – вывесці караблі НАТА

24 і 27 чэрвеня 2019 году ва ўкраінскім Дняпры «Orwell» «замініравала» універсітэты, шпіталі, супермаркеты, аэрапорт, чыгуначны вакзал, аўтавакзал, усе станцыі метро і чатыры папулярныя гатэлі. Сябе яны назвалі «кібертэрарыстычнай арганізацыяй». Тады ўкраінская паліцыя распачала крымінальную справу, але не змагла высветліць, адкуль даслалі лісты, бо канал быў зашыфраваны. Насельніцтва заклікалі не паднімаць панікі.

5 ліпеня ў Адміністрацыю марскіх партоў Украіны даслалі папярэджэнне аб мініраванні Марскога вакзалу Адэсы і прылеглых прычалаў. Зламыснікі абяцалі ўзарваць іх, калі ўлады не дапусцяць на выбары ў Раду прарасейскага блогера Анатоля Шарыя і не выведуць з акваторыі Адэскага порту вайсковыя караблі НАТА.

Тады міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амелян заявіў, што ліст напісалі «не мясцовыя варʼяты», а гэта ёсць «праяваю дакладнай палітыкі Масквы, што складаецца з запужвання, блакады і тэрору».

Ліст ілжэмінёраў у адміністрацыю партоў украіны

А 8 ліпеня на пошту адэскай тэлекампаніі «Першы гарадскі» прыйшло паведамленне, што праз некалькі дзён іх офіс будзе падарваны. Гэтым разам Orwell таксама выставіла спецыфічныя патрабаванні: спыненне вайсковых вучэнняў Sea Breeze (праводзяцца сумесна з ЗША) і зноў жа вывад караблёў НАТА з акваторыі Адэскага порту. Падчас праверкі паліцыя не знайшла ў будынку выбухоўкі.

15 жніўня рэдакцыя гарадскога парталу Дняпра 056.ua атрымала ліст, амаль цалкам ідэнтычны па змесце таму, які сёння прыйшоў у Onliner. Тады групоўка Orwell пагражала, што акрамя трынітраталуолу, выбухоўка начыненая параюжаючымі элементамі. Пры гэтым у лісце згадваўся адрас, адкуль офіс партал пераехаў яшчэ два гады таму.

Фота 056.ua

Расейскі след?

Часам ратавальнікам і паліцыі даводзілася выязджаць па 7 разоў на дзень, пісаў «Укрінфарм». Як распавёў агенцтву эксперт з пытанняў нацыянальнай бяспекі і абароны Іраклій Джанашыя, частата паведамленняў і сведчыць пра арганізаваны характар зламыснікаў.

«Ці стала б асоба або група асобаў цягам 3-4 месяцаў бесперапынна ладзіць такія пранкі? Нават самыя адмарожаныя пранкеры не сталі б рызыкаваць дзеля жарту больш за пару тыдняў. Хто б гэта ні рабіў – ён робіць гэта мэтанакіравана і прафесійна замятае сляды»

Часцей за ўсё ва Украіне «групоўка Orwell» выкарыстоўвала для сваіх пагроз сэрвіс вэб-пошты ProtonMail з шыфраванням або сэрвісы з ананімайзерам, які не дазваляе адсачыць ІР-адрас, з якога дасланы мэйл. Усё гэта ўскладняе задачу праваахоўнікаў. Тым не менш, у чэрвені Служба бяспекі Украіна выявіла, што паведамленні аб «мініраванні» львоўскіх бізнес-цэнтраў надыходзілі з тэрыторыі Расеі, з Омску.

19 жніўня, спецслужбы каля менскага аўтавакзалу «Цэнтральны». Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Калі 7 ліпеня невядомыя паведамілі пра «мініраванне» найбуйнейшых крамаў Кіева, дзіцячых садкоў і шпіталяў, сілавікі прасачылі серверы ў Расеі, але больш за ўсё адрасоў былі ў акупаваным Крыме і ў «ЛНР»-«ДНР».

Усяго, паводле дадзеных МУС Украіны, па ўсёй краіне прыйшло 15 тысяч такіх паведамленняў. У эфіры тэлеканалу ТСН прадстаўнік паліцыі адзначаў, што такой масавасці з пункту гледжання колькасці аб’ектаў і гарадоў яшчэ не было.

***

Натуральна, не за ўсімі ілжывымі паведамленнямі пра небяспеку стаіць адна і тая ж сіла. І не ва ўсіх выпадках адказнасць брала групоўка Orwell, аднак змест сённяшняга ліста ў Onliner супадае з адным лістом ва ўкраінскае СМІ.

КА belsat.eu

Стужка навінаў