Грэцыя і Македонія вырашылі канфлікт, які трываў 28 гадоў


25 студзеня 2019 года. Алексіс Цыпрас падчас галасавання па згодзе ягонай краіны на новую назву Македоніі. Эксперты называюць рашэнне парламенту Грэцыі поспехам грэцкага прэм’ер-міністра. Фота – Costas Baltas/Reuters

Грэкі пагадзіліся на новую назву свайго паўночнага суседа.

Пасля 36-гадзіннага абмеркавання парламент Грэцыі ратыфікаваў пагадненне з Македоніяй, паводле якога краіна будзе называцца Паўночная Македонія, падае «Reuters». За падтрыманне пагаднення прагаласавалі 153 дэпутаты, супраць – 146.

Канфлікт Грэцыі з паўночным суседам цягнецца больш за чвэрць стагоддзя: грэкі не пагаджаліся, што гэтая дзяржава выкарыстоўвае назву, якой Грэцыя называе адну са сваіх правінцыяў. Грэкі таксама баяліся, што Скоп’е выступіць да іх з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. У выніку Афіны шмат гадоў заміналі ўступленню Македоніі ў Еўразвяз і НАТО.

Летась урады абедзвюх краінаў дамовіліся ўрэгуляваць спрэчку. І ў Грэцыі, і ў Македоніі аперацыя выклікала пратэсты нацыяналістаў.

Падчас галасавання ў пятніцу дэпутаты грэцкай правай партыі «Залатая зара» крычалі іншым парламентарыям, што яны здраднікі.

Улетку 2018-га ў Грэцыі праз спрэчкі аб пагадненні з Македоніяй распалася кіроўная кааліцыя.

11 студзеня македонская апазіцыя байкатавала галасаванне аб змене назвы краіны ў парламенце.

ДД

Стужка навінаў