Моўная служба нашага каналу ў апошні тыдзень года паспрабавала адшукаць белсатаўскае слова 2019-га – наш сімвал у падзеях і навінах. Перабралі нямала – і стрым, і беларускамоўны, і іншае. Урэшце ў пераможцы выбілася слова крыху легкадумнае, але знакавае і частотнае. І хоць новага яго значэння слоўнікі пакуль не фіксуюць, словам года мы абралі гузік.
Увесну хтосьці з калегаў эмацыйна напісаў: «Ют’юбаўскі гузік ужо блізка!»
Гаворка ішла пра ўзнагароду YouTube, які ўганароўвае срэбрам інтэрнэт-каналы са 100 тысячамі падпісчыкаў, і «Белсат NEWS» дасягнуў гэтай лічбы ў красавіку.
YouTube Silver Play Button, ці Срэбны гузік, як назвалі яго белсатаўцы, наш канал атрымаў самым першым з усіх беларускамоўных каналаў свету. Цяпер падпісантаў ужо 144 тысячы (і штодня ўсё больш).
Гэта была б не беларуская навіна, каб не ўзнікла спрэчак: Срэбная кнопка ці Срэбны гузік?
Кнопка – звыкла. Усім знаёмае слова паходзіць зусім і не з расейскай мовы, а ці ад галандскага марацкага тэрміну knoop (вузел на канцы канату), ці ад нямецкага Knopf (зашпілька і механічная прылада).
А звонкі гузік трапіў да нас з польскай. У «Старабеларускім лексіконе» сустракаецца кнапель = гузік, аздоблены прадмет для зашпільвання.
Так што, выглядае, кнопка і гузік – даўнія сваякі.
Яны падобныя вонкава (вытыркаюцца) і функцыянальна (злучаюць). Алесь Разанаў даследаваў паэтычную этымалогію гузіка: «Гузік не гуз, але мае з гузам блізкае падабенства, не туз, але гэтаксама, як туз, знаходзіцца на адказным месцы: ім звязваецца ў адно цэлае левае і правае, ніз і верх, на ім трымаецца ўсё адзенне».
Тое ж робяць і камп’ютарны гузік, і трывожны гузік, і гузік падпіскі на навіны – шмат гадоў ужо кажуць: «клікаем на файл і выбіраем гузік», «побач з гузікам прагляду», «калі націснуць на гузік – усё працуе».
Звыкласць гузіка для беларускага вуха пацвярджае і тое, як чуйная да мовы журналістка пераклала навіну пра срэбра YouTube на расейскую мову: Серебряная пуговица! Пазней, смеючыся, яна тлумачыла: «Учора завісла на гэтым моманце, падумала – а як жа інакш, калі не пуговица!»
Агульнай згоды тут няма, і адзін шаноўны перакладчык сумняецца: «Штосьці я такога ў слоўніках не бачыў. Правільна кнопка. Гузік – размоўнае».
Што пераможа ў інтэрнэтнай прасторы, зухаваты гузік ці класічная кнопка–пакажа час.
Галоўнае, каб за Срэбным гузікам быў Залаты – 1 мільён падпісантаў на YouTube.
(А ёсць жа яшчэ і пімпачка!)