Гомель, які здаецца ў арэнду


У Гомлі зачыняюцца крамы, вызваленыя памяшканні далучаюцца да дзясяткаў іншых, якія ўжо доўгі час беспаспяхова чакаюць арандатараў. Выкупленыя пад гандаль кватэры на першых паверхах пустуюць, гандлёвыя цэнтры не загружаныя цалкам, замарожваецца будоўля новых, дробныя крамы пераязджаюць або знікаюць.

Стракацяць шыльдамі «Арэнда» некалі паспяховыя прадпрыемствы, склады, базы. Гамельчукі вымушаныя ездзіць па прадукты ў гіпермаркеты, якія не заўсёды месцяцца побач з домам, а нярэдка нават і ў суседні Чарнігаў. Шукаюць альтэрнатыву звыклым цырульням і кавярням.

Дробны бізнес вымушаны змяншаць вытворчыя ды складскія плошчы і выносіць іх за горад. «Для невялікай вытворчасці мы арандуем памяшканне. За апошні год кошт арэнды зменшыўся ў 1,5 раза. Цяжка і нам, бо кліентаў стала значна меней, але і арэндадаўца кажа, што не можа саступіць кошт арэнды яшчэ, бо сам плоціць шматлікія падаткі. Што будзе ў канцы летняга сезону – невядома», – гаворыць гомельскі прадпрымальнік Яўген Якавенка.

Падчас прамой лініі з Гарвыканкамам у траўні 23 % патэлефанаваўшых выказвалі занепакоенасць з прычыны таго, што ўсё больш крамаў зачыняюцца. Паводле спецыялістаў Упраўлення гандлю і паслугаў, у большасці такіх выпадкаў уладальнікі абʼектаў ужо шукаюць новых арандатараў.

Нестабільнасць рынку арэнды – паказнік складанай эканамічнай сітуацыі. Паводле афіцыйных дадзеных на 1 лютага 2016 колькасць ІП у Беларусі ўпала амаль на 8 % за апошні год. Прадпрыемствы змяншаюць працоўны тыдзень ды скарачаюць працаўнікоў, прыбыткі насельніцтва імкліва падаюць.

Праблемы рынка нерухомасці Беларусі вынікаюць таксама і з крызісу ў Расеі. Яшчэ пяць год таму з утварэннем Мытнага саюзу ўладальнікі арэндных плошчаў спадзяваліся на прыход буйнога расейскага бізнесу. Шмат хто разлічваў выгадна здаць ці прадаць сваю маёмасць, але крызіс гэтыя спадзевы зруйнаваў.

«Арэндадаўцы пакрысе зніжаюць кошты, але ў апошнія месяцы зніжэнне амаль спынілася. Яны адчуваюць недахоп арандатараў і ідуць на пэўныя саступкі: напрыклад, усталёўваюць фіксаваную арэндную плату», – канстатуе адмысловец з аднаго з парталаў нерухомасці ў Гомлі.

«Каб расейскі бізнес прыйшоў у Гомель, не дастаткова падпісаць дакументы аб Мытным саюзе, бо бізнес перш за ўсё – дыялог двух бакоў, – зазначае маскоўскі эканаміст Святлана Папова. – Павелічэння прысутнасці расейскага бізнесу не назіраецца і гэта сведчыць не толькі пра праблемы ў расейскай эканоміцы, а таксама пра адсутнасць цікаўнасці да бізнесу ў Беларусі як такога».

АЎ,  belsat.eu

Стужка навінаў