«Гаўно з мачой у вёдрах выносім на вуліцу». Рэчаіснасць «вёскі будучыні» пад Горадняй


Адсутнасць каналізацыі і гарачай вады, туалет на вуліцы, дзіравыя вокны і цвілая столь – гэта норма для жыхароў былога інтэрнату торфабрыкетнага заводу ў паселішчы Верцялішкі.

У доме №12 на вуліцы Кастрычніцкай можна без жартаў здымаць пост апакаліптычныя фільмы. Абваленая тынкоўка, старыя вокны і дах, на сцяне нягеглы надпіс «Брыкетны – сіла».

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Едучы з вуліцы, цяжка паверыць, што тут жывуць людзі. Аднак яны не проста жывуць, але і стараюцца неяк выжываць.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

 

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

– Калі ласка, праходзьце ў наш «пентхаўс», – на ўваходзе ўжо чакае нас група абураных жыхароў.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Стары будынак некалі лічыўся інтэрнатам торфабрыкетнага заводу. Пабудавалі яго на пачатку 50-х гадоў. Хоць у пэўны час будынак перакваліфікавалі ў інтэрнат кватэрнага тыпу, рамонт тут ніхто не рабіў і рабіць не збіраўся. Тут ніколі не было гарачай вады, ваннаў і туалетаў.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

За амаль 70 гадоў эксплуатацыі прагнілі столь і падлога, разваліліся вокны, знішчыліся трубы, якія пастаўляюць у ракавіны халодную ваду, абвальваецца тынкоўка. Сёння з 12 кватэр двухпавярховага будынку – толькі 7 жылыя. Большасць жыхароў – пенсіянеры ды інваліды, былыя супрацоўнікі заводу, якія засталіся нікому не патрэбныя.

Абураныя жыхары дома №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

«Тут жывуць мой свёкар і свякроў. Абое ўсё жыццё працавалі на заводзе. Свёкар – трактарыстам, вазіў торф. Усё лета, бывала, з ранку да другой уночы працуе, а потым прыязджае ўвесь чорны. Свякроўка, таксама ўжо бабуля, у яе цукроўка, яна амаль не ўстае. А тут ні туалета, ні каналізацыі. Сыну прыйшлося пераехаць сюды за імі глядзець, бо яны нават вядро не могуць вынесці. Туалет за домам, а дзе стары чалавек холадам такім находзіць? Памыцца няма дзе. У карытах людзі мыюцца вадой, якую грэюць на газе. Потым усю гэтую ваду зліўную, прабачце, гаўно з мачой, вёдрамі выносяць на вуліцу выліваць. Ці гэтыя людзі заслужылі паміраць у такіх нялюдскіх умовах?», – распавядае Святлана Мікалаеўна.

Зруйнаваны падмурак

За домам каля туалета людзі самыя выкапалі вялізную яміну, каб зліваць адкіды. Побач з будынкам не так даўно яшчэ стаяла лазня, аднак мясцовыя ўлады палічылі яе не рэнтабельнай ды разбурылі па нуль. Другая лазня знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка, аднак дайсці туды старэйшым людзям не проста, дый за кожным разам плаціць 5 рублёў – моцна б’е па худому пенсійнаму гаманцу.

Кожны месяц жыхары дома плацяць грошы на капітальны рамонт, якога не было ўжо 70 гадоў

«Відаць, я ўжо з гэтым домам разам развалюся»

Людзі ў доме не маюць прыбіральні і ваннага пакоя, таму ўсё прыходзіцца выносіць самастойна на вуліцу

«У кватэрах вокны ледзь трымаюцца. Хто ў свой час не прыватызаваў кватэру, нават не мае права вокны памяняць. Зараз, калі зіма настае, заслоны хадуном ходзяць. Мы ў памяшканнях зімовую вопратку не здымаем амаль, бо інакш холадна. Ваду ў шклянку набярэш, дык яна як малако. Затое за капітальны рамонт кожны месяц плацім», – кажа Мікалай, жыхар дому.

Яма, якую выкапалі жыхары, каб зліваць адкіды, побач з агульным туалетам

 

Агульная прыбіральня жыхароў дому

Альбіна Фларыянаўна 13 гадоў адпрацавала на заводзе транспарціроўшчыцай і пражыла ў доме 45 гадоў. Яна распавядае:

«Мне ўжо 85 гадоў, я не хачу выкупляць гэтую кватэру, навошта яна мне патрэбная. Прыязджала камісія, кажу: можна я хоць новыя вокны ўстаўлю. Дык мне адказалі, куды вы будзеце ў чужы дом вокны ўстаўляць? А тут, як новы інтэрнат пару гадоў назад пабудавалі, кажуць: вы ўжо старыя, вас ужо не трэба нікуды перасяляць, жывіце тут. І так кожны раз прыедуць, ратамі пашчоўкаюць і з’яжджаюць. Значыцца, мне трэба так жыць. Я не маю права нават паставіць тыя вокны, бо не мой дом. Відаць, я ўжо з гэтым домам разам развалюся тутака ды ўсё».

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Улады паціскаюць плячыма

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Пару гадоў таму ўлады дазволілі прыватызаваць кватэры. Некалькі жыхароў зрабілі капітальны рамонт, аднак сам дом лепшым не стаў.

Людзі ў доме не маюць прыбіральні і ваннага пакоя, таму ўсё прыходзіцца выносіць самастойна на вуліцу

«Калі мы прыватызавалі кватэру, я звярталася ў гарвыканкам для таго, каб мне дазволілі паставіць душавую кабінку і ўнітаз. Дык мне сказалі, што дом стары і трэба рабіць экспертызу будынку. Гэта каштавала тады 100 мільёнаў на старыя грошы! Ну дзе мне ўзяць такую суму? А пенсіянерам, дзе яе ўзяць? Гэта было два гады назад і такім чынам мне адмовілі. Хоць у Гаргазе мне даказвалі, што экспертыза зробленая», – кажа Святлана Мікалаеўна.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Як распавяла жанчына, яшчэ ў мінулым годзе яна размаўляла з намеснікам дырэктара «Гроднааблгаз» Уладзімірам Мойсам, які абяцаў дапамагчы з рамонтам будынку. Аднак у нядаўнім каментары для newgrodno.by ён заўважыў, што пытанне дому №12 дагэтуль застаецца адкрытым і рашэнне па ім не будзе хуткім.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Прыкладна напрыканцы 2020 году торфабрыкетны завод будзе зачынены, а менавіта на яго балансе сёння і знаходзіцца інтэрнат кватэрнага тыпу. Што рабіць з жылым фондам, не ясна дагэтуль.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

Яшчэ ў мінулым годзе ў межах праекту Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва аграгарадок Верцялішкі каля Горадні быў прызнаны ўзорнай «вёскай будучыні», дзе ўжо забяспечаны годны ўзровень жыцця і сярэдні заробак складае 700 рублёў. У аграгарадку адкрылі нават Цэнтр вольнага часу для сталых людзей, які каштаваў 110 тысяч долараў. Аднак калі забяспечаць улады годны ўзровень жыцця пенсіянерам дому №12 на вул. Кастрычніцкай, і ці адбудзецца гэта ўвогуле, невядома.

Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках
Дом №12 па вул. Кастрычніцкай у Верцялішках

 

Фота
Як выглядае беларуская «Вёска будучыні»? (Фотарэпартаж)
2017.12.14 09:57

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў