Гарадзенцы: да прыезду Лукашэнкі пыласосяць газоны і паліруюць платы зубнымі шчоткамі

ВІДЭА

«Аб’ектыў» пра візіт Лукашэнкі ў Горадню

Кіраўнік Беларусі 19 кастрычніка наведвае Горадню. Папулярны відэаблогер Сцяпан Святлоў («NEXTA») распавёў, як горад рыхтуецца да прыезду Лукашэнкі.

На сваёй старонцы ў «Facebook» ён размясціў паведамленні, якія атрымаў ад сваіх падпісчыкаў.

Тыя пішуць, што сёння ва ўніверсітэтах дзень «зачыненых дзвярэй»: заняткі ў Аграрным адмененыя, а ўваход у ГарДУ імя Купалы – толькі паводле спісаў і з пашпартамі.

«У галоўным корпусе Лукашэнку ўжо чакае дывановая дарожка і трон, на які студэнтам садзіцца было строга забаронена (стаіць ужо тыдзень). У аўдыторыі, дзе плануецца сустрэча са студэнтамі, павесілі расцяжку «За моцную і квітнеючую Беларусь», а таксама ўсталявалі новую інтэрактыўную дошку. Папрасілі не чапаць, таму што «дошка не нашая». Студэнтаў, якія будуць прысутнічаць на сустрэчы з яго вялікасцю, збіраюць і дрэсіруюць пад правільным вуглом падымаць руку. Даюць спіс дазволеных пытанняў», – піша Сцяпан Святлоў.

Вуліцы «расчышчаюць» да прыезду кіраўніка краіны. Фота autogrodno.by

І дадае, што два дні ва ўніверсітэтах і некаторых школах адбываліся «жорсткія праверкі»:

«Розныя незразумелыя людзі» правяраюць, хто адсутнічаў, хто Глеб, хто што зрабіў не так, хто што думае непатрэбнае. У ГарДУ правяралі ўсіх студэнтаў па пашпартах, папярэджвалі, каб не выходзілі з будынку. Сабакі з сапёрамі абнюхвалі кожны кут».

Фотаздымкі зрабіць у горадзе «амаль нерэальна», таму што ля кожнага пераходу па 3-4 асобы (супрацоўнікаў у цывільным), паведамляюць жыхары гораду. На вуліцах бачныя «нібыта хлопчыкі-студэнты» з заплечнікамі і рацыямі.

Блогер паведамляе, што адпрацаваліся ўсе магчымыя шляхі следавання Лукашэнкі. У Пышках (Гарадзенскі раён) пыласосілі газон. Людзі пішуць у каментарах назвы сваіх вуліцаў і кажуць, што па ёй будзе ехаць Лукашэнка, каб камунальнікі і там прыбраліся. Паведамляюць, што ў некаторых месцах платы паліравалі зубнымі шчоткамі, а асфальт мылі ўручную з мылам.

Вуліцы «расчышчаюць» да прыезду кіраўніка краіны. Фота autogrodno.by

Раптам знайшліся і грошы на рэстаўрацыю дамоў у гістарычным раёне Новы Свет, якія збіраліся зносіць. «Белсат» распавядаў пра гэта ў адным з апошніх выданняў «Аб’ектыву», глядзіце відэа вышэй.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары